У час дазволенага ўладамі менскага «Маршу недармаедаў» і пасьля яго былі затрыманыя дзясяткі чалавек, у тым ліку «людзі ў цывільным» напалі на тралейбус, схапілі групу анархістаў і актывіста Пятра Маркелава. Затрыманьні адбываліся і да акцыі.
У Горадні адразу пасьля акцыі людзі ў цывільным схапілі трох маладых хлопцаў у масках, пасадзілі ў машыну і зьвезьлі. У Магілёве вядома пра затрыманьне васьмі чалавек.
Сьпіс дакладна ідэнтыфікаваных затрыманых і асуджаных, а таксама выкліканых у міліцыю і суды вядзе праваабарончы цэнтар «Вясна». У сьпісе «Вясны» на момант публікацыі 155 чалавек.
У Менску ў двух раённых судах пройдуць працэсы над удзельнікамі «Маршу недармаедаў»
Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», пасьля заканчэньня «Маршу недармаедаў» у Менску міліцыянты ў цывільным затрымалі каля 30-35 удзельнікаў акцыі, у асноўным актывістаў анархісцкага руху. Шматлікія сьведкі паведамляюць пра зьбіваньні пры затрыманьні, у тым ліку пра тое, што білі дзяўчат.
Затрыманых прывозілі для складаньня пратаколаў у Цэнтральны і Першамайскі РУУС Менску. Чакаецца, што ўжо з раніцы 16 сакавіка у судах гэтых раёнаў пачнуцца адміністрацыйныя працэсы над затрыманымі.
Праваабаронцы «Вясны» зьмясьцілі вядомыя ім прозьвішчы затрыманых: гэта Лізавета Пракопчык, Марына Дубіна, Алена Дубовік, Юлія Філіпава, Алег Аўдзеенка, Настасься Ранько, Аляксандар Скурыдзін, Юры Пішчулін, Ільля Міраненка, Станіслаў Русакоў, Яўген Жураўскі. Правабаронцы і журналісты высьвятляюць імёны іншых затрыманых.
Тым часам журналістку Дыяну Серадзюк і яшчэ 7 чалавек будуць судзіць за ўдзел у нядаўняй абароне Курапатаў. Суд мае пачацца а 9.30.
Людзей абвінавачваюць у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, доказаў выступаюць матэрыялы журналістаў. Але Серадзюк сьцьвярджае, што якраз тыя матэрыялы журналістаў дэманструюць, што яна не рабіла таго, у чым яе вінавацяць: не ламала агароджу, ня кідалася на тэхніку, не замінала будаўнікам.
У Магілёве затрыманыя прынамсі 11 чалавек
Магілёўскія праваабаронцы агучылі вядомыя ім імёны затрыманых у Магілёве пасьля «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка.
У ліку затрыманых Алег Мяцеліца, Алена Кісель, Алена Крэнь, Аляксандар Нажэнка, Аляксандар Страх, Аляксандар Царук, Дзьмітры Люнтаў, Ільля Кнозараў, Ігар Чарняк, Канстанцін Чарноў і Кірыла, прозьвішча якога невядомае.
У Ленінскім судзе Магілёва, дзе маюць адбыцца працэсы супраць затрыманых, зьвестак пакуль не даюць.
Затрымліваць магілёўцаў дапамагаў намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі
Журналіст Віталь Аляхновіч ідэнтыфікаваў «чалавека ў цывільным», які трапіў на кадры гвалтоўнага затрыманьня людзей пасьля «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка ў Магілёве. Мужчына на відэа вельмі падобны да намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Магілёва, палкоўніка Сяргея Волкава. Тое ж імя называлася ў магілёўскім рэпартажы Свабоды.
Яшчэ адно відэа затрыманьня анархістаў пасьля «Маршу недармаедаў». Асьцярожна, шмат лаянкі!
У чаканьні суду над затрыманымі пасьля «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка ў Магілёве
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у суд Першамайскага раёну Менска даставілі прынамсі 9 чалавек, якіх будуць судзіць з 9 да 13 гадзін дня. Ці ўсе яны былі затрыманыя пасьля «Маршу недармаедаў», невядома. У ліку тых, каго будуць судзіць за маршы ў гэтым судзе, Елізавета Пракопчык і Марына Дубіна.
Таксама адміністрацыйныя справы па «Маршы недармаедаў» будуць разглядацца ў судах Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў Менска.
У Магілёве вядома, што ў судзе Ленінскага раёну на 10 гадзін раніцы прызначаныя разгляды адміністрацыйных справаў Аляксандра Царука і Аляксандра Нажэйкі.
Аўтазакі прыехалі да суду Цэнтральнага раёну Менску
У Цэнтральным раённым судзе Менску сьпісы тых, каго тут будуць судзіць, яшчэ ня вывешаныя. Але да суду ўжо пад’ехалі два вялікія аўтазакі з затрыманымі.
Анархістаў будуць судзіць і ў Першамайскім судзе Менску.
У суд Цэнтральнага раёну Менску прывезьлі 24 затрыманых
Міліцыянты вывелі затрыманых з двух «аўтазакаў». У кожным зь іх было па 12 чалавек. У тым ліку Пятро Маркелаў, Юля Філіпава, Наста Ранько, Алена Дубовік.
Актывіста АГП Ганна Красуліна і адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі аднесьлі ў Адміністрацыю Лукашэнкі рэзалюцыю, прынятую на «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка ў Менску.
Падрабязнасьці неўзабаве
Маці затрыманага Пятра Маркелава Ірына Маркелава ня можа перадаць сыну лекі ад сэрца, якія ён рэгулярна мусіць прымаць. Пакуль міліцыянты не дазваляюць перадаць лекі, а супрацоўнікі суду кажуць, што затрыманыя яшчэ «не знаходзяцца ў іх падпарадкаваньні».
У Першамайскім раённым судзе Менску судзяць каля 10 чалавек, — паведамляюць праваабаронцы.
Сілкова абвінавацілі ў арганізацыі магілёўскай акцыі
Магілёўскага каардынатара руху «За свабоду» Аляксандра Сілкова абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 15 сакавіка, піша БелаПАН.
Сілкоў быў адным з заяўнікаў акцыі, якую мясцовыя ўлады не санкцыянавалі. 15 сакавіка яго даставілі ў Ленінскі РУУС за некалькі гадзінаў да акцыі. Яго затрымалі прыблізна на 6 гадзінаў, вазілі ў пракуратуру, дзе папярэдзілі за адказнасьць за несанкцыянаваную акцыю, а таксам склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю акцыі. Пасьля складаньня пратаколу яго адпусьцілі, сказалі чакаць позву ў суд.
Усяго ў Магілёве 15 сакавіка былі затрыманыя прынамсі 11 чалавек.
Ніводны з заяўнікаў акцыі 15 сакавіка ў Магілёве ня змог на ёй прысутнічаць: Уладзімер Шанцаў з АГП і Алег Аксёнаў з БХД арыштаваныя, Ігар Барысаў з БСДП(Г) быў заблякаваны сілавікамі ў сваёй кватэры.
БТ: «Недарамеды» зьбілі міліцыянта, анархісты «нагадвалі шэсьце нацыстаў»
У вечаровай «Панараме» на тэлеканале «Беларусь-1» паказалі міліцыянта, нібыта зьбітага ў час «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка.
Таксама ў перадачы заявілі, што «жыхары былі шакаваныя паводзінамі анархічных груповак, якім патрэбны толькі хаос», дзеяньні анархістаў «нагадвалі шэсьце нацыстаў», а акцыя «зьвялася да палітычных лёзунгаў».
Анархістаў, якія мірна прайшлі пад бой бубнаў па ўзгодненым уладамі маршруце, пасьля акцыі былі затрыманыя «людзьмі ў цывільным»
У Першамайскім судзе 10 чалавек
10 чалавек не дайшлі да «Маршу недармаедаў» ў Менску: яны былі затрыманыя ў падземным пераходзе, на іх склалі пратаколы за не падпарадкаваньне міліцыі. Зранку 15 сакавіка іх прывезьлі ў суд Першамайскага раёну Менску. Адна з затрыманых, Лізавета Пракопчык распавяла, што затрымалі ў пераходзе. Ноч затрыманыя правялі ў пастарунку.
Абноўлена: Пракопчык прысудзілі 13 сутак.
Агулам у Менску 15 сакавіка было затрымана 30-40 чалавек, дакладная колькасьць затрыманых невядомая. З пачатку сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя, асуджаныя ці выкліканыя ў суд прынамсі 160 чалавек.
Прэсавы сакратар МУС Беларусі пра затрыманьні: «Пішыце запыт»
На пытаньне, чаму міліцыя ў цывільным брутальна затрымала дзясяткі ўдзельнікаў мірнага шэсьця 15 сакавіка ў Менску, якое было дазволена гарадзкімі ўладамі, прэсавы сакратар МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч адказаў карэспандэнту Свабоды:
«Пішыце запыт, і вам адкажуць. Адсочваецца інфармацыя, мы вам усё скажам. Чакайце афіцыйнай пазыцыі, мы яе давядзём да ўсіх СМІ».
Наконт таго, што затрыманьні праводзіліся супрацоўнікамі ня ў форме, а ў цывільным адзеньні, патлумачыў, што яны мелі на гэта права.
У Першамайскім судзе Менску судзяць студэнтак, затрыманых прэвэнтыўна. Студэнтцы Пракопчык — 13 сутак
У суд даставілі 10 чалавек, якіх учора затрымалі прэвэнтыўна. Першай судзяць студэнтку Лінгвістычнага ўнівэрсытэта Лізавету Пракопчык. Супрацоўнікі АМАП Батун і Антановіч сьведчаць, што дзяўчына выказвалася нецэнзурнай лаянкай. Супраціўлялася, крычала. Пракопчык заяўляе хадайніцтва дапытаць дзяўчыну, якая ішла разам зь ёй. Сьведка Сахарчук кажа, што яна была разам з Пракопчык. Пракопчык была ў мэдычнай павязцы, бо хварэе на грып. Яна ня лаялася, ішла спакойна.
Лізавеце Пракопчык далі 13 сутак.
Сяргею Мацкойцю — 15 сутак
У Першамайскім раённым судзе пакаралі Сяргея Мацкойця на 15 сутак арышту. Ён таксама быў арыштаваны прэвэнтыўна. Супраць яго сьведчылі тыя ж самыя АМАПаўцы, што і супарць Лізаветы Пракопчык.