«Вясна» называе імёны двух удзельнікаў акцыі 15 сакавіка ў Горадні, на якіх склалі пратаколы: гэта Раман Кац і Андрэй Кніга. Яшчэ аднаго затрыманага — непаўнагадовага — адпусьцілі зь Ленінскага РАУС уночы. У суд Ленінскага раёну таксама вязуць актывіста АГП Аляксандра Лаўрэньцьева. Старшыня суду адмовілася сустрэцца з праваабаронцамі, бо непрыёмны дзень.
Алена Немік крычала «Дапамажыце»
У Цэнтральным раённым судзе Менску суд над Аленай Немік. Яна не прызнала віны, кажа, што ўдзельнічала ў дазволенай акцыі ў складзе удзельнікаў шэсьця, твар не закрывала, ніхто яе не папярэджваў, што яна нешта парушае. Пасьля заканчэньня шэсьця, на перакрыжаваньні каля плошчы Бангалор села ў тралейбус і паехала дамоў.
На перакрыжаваньні вуліц Багдановіча з праспэктам Машэрава ў тралейбус ўварваліся людзі ў цывільным, пачалі выцягваць пасажыраў і ў тым ліку яе з тралейбуса. Гэтак яна апынулася на вуліцы. Яна спалохалася, крычала «Дапамажыце!». Там яе спрабавалі трымаць людзі, якія былі на прыпынку, адна жанчына яе абняла. Але міліцыянты адарвалі яе, і гэтак яна апынулася зноў у руках міліцыянтаў у цывільным, якія не прадстаўляліся, хаця яна іх пытала, хто яны. Згадала, што ў тралейбусе павалілі на падлогу палову пасажыраў.
Алена ўказала суду, што потым у Цэнтральным РУУС усе яе рэчы былі апісаныя і ніякай маскі ці іншых рэчаў, якімі можна закрыць твар, у яе не было знойдзена.
Быць сьведкам — абавязак байца АМАП
Сьведка Антановіч, таксама баец АМАП, паўтарае тое ж самае. На пытаньне адвакаткі «Чаму ў якасьці сьведкі прыцягнуты супрацоўнік АМАП, які сам затрымліваў Серавокую?» Антановіч адказаў, што «быць сьведкам — уваходзіць у абавязкі АМАП».
Судзяць за маску на твары
У Цэнтральным судзе Менску аднавіўся працэс над Аленай Немік. Яе вінавацяць у тым, што брала ўдзел у акцыі ў масцы і адмовілася зьняць маску, чым нібыта аказала непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
Судзьдзя зачытала пісьмовыя тлумачэньні сьведкі-міліцыянта Манахава з адміністрацыйнай справы. Там пазначана, што «Немік адмовілася выканаць ягонае патрабаваньне зьняць маску»:
— Чаму там вы сказалі, што непасрэдна да яе зьвярталіся?
— Бо я казаў гэта гучна некалькі людзям у масках, сярод якіх была і яна.
Хто судзьдзі?
У Цэнтральным судзе Менску затрыманых будуць судзіць Вікторыя Шабуня, Аляксандар Длужнеўскі, Міхаіл Хома, Натальля Вайцэховіч, Тацяна Рак, Валеры Есьман.
Сьведкі — байцы АМАП
Зноў сьведкам выступае АМАПавец Павал Батун. Паўтарае, што дзяўчына нецэнзурна лаялася, супраціўлялася, крычала. Кажа, што быў сьведкам непадпарадкаваньня і хуліганства з боку Серавокай. Адвакат задае нязручныя пытаньні. Батун блытаецца ў паказаньнях.
Пачаліся суды ў Цэнтральным судзе Менску. Судзяць 24 затрыманых
У Цэнтральным судзе Менску пачаліся суды над затрыманымі падчас «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка. Усяго у судзе 24 затрыманых. Адной зь першых пачалі судзіць Алену Немік.
Алена Немік распавяла, што да 3 ночы афармлялі пратаколы, паспала 2 гадзіны, ды і то зь перапынкамі, бо часта ўключалі яркае сьвятло. Алену затрымлівалі ў тралейбусе. Яна заявіла, што хоча замовіць адваката, таму судзьдзя абвясьціла перапынак на 15 хвілінаў.
Абвінавачваньні — супраціў міліцыі, лаянка
Студэнтку БДУІР Сьвятлану Серавокую, якую судзяць у Першамайскім раённым судзе Менску, затрымлівалі людзі ў цывільным, даглядалі таксама ў цывільным, адзін быў у форме. Яны ж і сьведчаць.
Серавокую забралі ў пераходзе каля кінатэатра «Кастрычнік». Абвінавачваньні тыя ж — супраціў работнікам міліцыі, лаялася нецэнзурна. Серавокая настойвае, каб паглядзелі відэазапіс з камэраў назіраньня ў пераходзе.
Яўген Дзядкоўскі — 15 сутак
У Першамайскім раённым судзе Менску Яўген Дзядкоўскі пакараны арыштам у 15 сутак. Ён таксама быў затрыманы прэвэнтыўна, да пачатку маршу ў Менску.
У Першамайскім раённым судзе судзяць Серавокую Сьвятлану. Сьведчаць тыя ж АМАПаўцы, што і супраць Лізаветы Пракопчык.
Сяргею Мацкойцю — 15 сутак
У Першамайскім раённым судзе пакаралі Сяргея Мацкойця на 15 сутак арышту. Ён таксама быў арыштаваны прэвэнтыўна. Супраць яго сьведчылі тыя ж самыя АМАПаўцы, што і супарць Лізаветы Пракопчык.
У Першамайскім судзе Менску судзяць студэнтак, затрыманых прэвэнтыўна. Студэнтцы Пракопчык — 13 сутак
У суд даставілі 10 чалавек, якіх учора затрымалі прэвэнтыўна. Першай судзяць студэнтку Лінгвістычнага ўнівэрсытэта Лізавету Пракопчык. Супрацоўнікі АМАП Батун і Антановіч сьведчаць, што дзяўчына выказвалася нецэнзурнай лаянкай. Супраціўлялася, крычала. Пракопчык заяўляе хадайніцтва дапытаць дзяўчыну, якая ішла разам зь ёй. Сьведка Сахарчук кажа, што яна была разам з Пракопчык. Пракопчык была ў мэдычнай павязцы, бо хварэе на грып. Яна ня лаялася, ішла спакойна.
Лізавеце Пракопчык далі 13 сутак.
Прэсавы сакратар МУС Беларусі пра затрыманьні: «Пішыце запыт»
На пытаньне, чаму міліцыя ў цывільным брутальна затрымала дзясяткі ўдзельнікаў мірнага шэсьця 15 сакавіка ў Менску, якое было дазволена гарадзкімі ўладамі, прэсавы сакратар МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч адказаў карэспандэнту Свабоды:
«Пішыце запыт, і вам адкажуць. Адсочваецца інфармацыя, мы вам усё скажам. Чакайце афіцыйнай пазыцыі, мы яе давядзём да ўсіх СМІ».
Наконт таго, што затрыманьні праводзіліся супрацоўнікамі ня ў форме, а ў цывільным адзеньні, патлумачыў, што яны мелі на гэта права.
У Першамайскім судзе 10 чалавек
10 чалавек не дайшлі да «Маршу недармаедаў» ў Менску: яны былі затрыманыя ў падземным пераходзе, на іх склалі пратаколы за не падпарадкаваньне міліцыі. Зранку 15 сакавіка іх прывезьлі ў суд Першамайскага раёну Менску. Адна з затрыманых, Лізавета Пракопчык распавяла, што затрымалі ў пераходзе. Ноч затрыманыя правялі ў пастарунку.
Абноўлена: Пракопчык прысудзілі 13 сутак.
Агулам у Менску 15 сакавіка было затрымана 30-40 чалавек, дакладная колькасьць затрыманых невядомая. З пачатку сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя, асуджаныя ці выкліканыя ў суд прынамсі 160 чалавек.
БТ: «Недарамеды» зьбілі міліцыянта, анархісты «нагадвалі шэсьце нацыстаў»
У вечаровай «Панараме» на тэлеканале «Беларусь-1» паказалі міліцыянта, нібыта зьбітага ў час «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка.
Таксама ў перадачы заявілі, што «жыхары былі шакаваныя паводзінамі анархічных груповак, якім патрэбны толькі хаос», дзеяньні анархістаў «нагадвалі шэсьце нацыстаў», а акцыя «зьвялася да палітычных лёзунгаў».
Анархістаў, якія мірна прайшлі пад бой бубнаў па ўзгодненым уладамі маршруце, пасьля акцыі былі затрыманыя «людзьмі ў цывільным»
Сілкова абвінавацілі ў арганізацыі магілёўскай акцыі
Магілёўскага каардынатара руху «За свабоду» Аляксандра Сілкова абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 15 сакавіка, піша БелаПАН.
Сілкоў быў адным з заяўнікаў акцыі, якую мясцовыя ўлады не санкцыянавалі. 15 сакавіка яго даставілі ў Ленінскі РУУС за некалькі гадзінаў да акцыі. Яго затрымалі прыблізна на 6 гадзінаў, вазілі ў пракуратуру, дзе папярэдзілі за адказнасьць за несанкцыянаваную акцыю, а таксам склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю акцыі. Пасьля складаньня пратаколу яго адпусьцілі, сказалі чакаць позву ў суд.
Усяго ў Магілёве 15 сакавіка былі затрыманыя прынамсі 11 чалавек.
Ніводны з заяўнікаў акцыі 15 сакавіка ў Магілёве ня змог на ёй прысутнічаць: Уладзімер Шанцаў з АГП і Алег Аксёнаў з БХД арыштаваныя, Ігар Барысаў з БСДП(Г) быў заблякаваны сілавікамі ў сваёй кватэры.
У Першамайскім раённым судзе Менску судзяць каля 10 чалавек, — паведамляюць праваабаронцы.
Маці затрыманага Пятра Маркелава Ірына Маркелава ня можа перадаць сыну лекі ад сэрца, якія ён рэгулярна мусіць прымаць. Пакуль міліцыянты не дазваляюць перадаць лекі, а супрацоўнікі суду кажуць, што затрыманыя яшчэ «не знаходзяцца ў іх падпарадкаваньні».
Актывіста АГП Ганна Красуліна і адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі аднесьлі ў Адміністрацыю Лукашэнкі рэзалюцыю, прынятую на «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка ў Менску.
Падрабязнасьці неўзабаве
У суд Цэнтральнага раёну Менску прывезьлі 24 затрыманых
Міліцыянты вывелі затрыманых з двух «аўтазакаў». У кожным зь іх было па 12 чалавек. У тым ліку Пятро Маркелаў, Юля Філіпава, Наста Ранько, Алена Дубовік.