Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над удзельнікамі акцыі недармаедаў у Менску. Менск, 16 сакавіка 2017 году. На фота — Андрэй Навакоўскі, якога абвінавачваюць у нібы распыленьні газу падчас затрыманьня
Суд над удзельнікамі акцыі недармаедаў у Менску. Менск, 16 сакавіка 2017 году. На фота — Андрэй Навакоўскі, якога абвінавачваюць у нібы распыленьні газу падчас затрыманьня

Да 15 сутак арышту. Судовае пасьляслоўе да «Маршаў недармаедаў» у Менску, Горадні, Магілёве

Пасьля «Маршаў недармаедаў» у Менску, Горадні і Магілёве 15 сакавіка адбыліся новыя затрыманьні. У трох гарадах было затрымана некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыяў недармаедаў. З пачатку сакавіка ідэнтыфікаваныя паўтары сотні затрыманых альбо асуджаных, поўная колькасьць невядомая.

10:21 16.3.2017

Аўтазакі прыехалі да суду Цэнтральнага раёну Менску

У Цэнтральным раённым судзе Менску сьпісы тых, каго тут будуць судзіць, яшчэ ня вывешаныя. Але да суду ўжо пад’ехалі два вялікія аўтазакі з затрыманымі.

Анархістаў будуць судзіць і ў Першамайскім судзе Менску.

10:07 16.3.2017

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у суд Першамайскага раёну Менска даставілі прынамсі 9 чалавек, якіх будуць судзіць з 9 да 13 гадзін дня. Ці ўсе яны былі затрыманыя пасьля «Маршу недармаедаў», невядома. У ліку тых, каго будуць судзіць за маршы ў гэтым судзе, Елізавета Пракопчык і Марына Дубіна.

Таксама адміністрацыйныя справы па «Маршы недармаедаў» будуць разглядацца ў судах Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў Менска.

У Магілёве вядома, што ў судзе Ленінскага раёну на 10 гадзін раніцы прызначаныя разгляды адміністрацыйных справаў Аляксандра Царука і Аляксандра Нажэйкі.

10:05 16.3.2017

У чаканьні суду над затрыманымі пасьля «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка ў Магілёве

09:59 16.3.2017

Яшчэ адно відэа затрыманьня анархістаў пасьля «Маршу недармаедаў». Асьцярожна, шмат лаянкі!

09:56 16.3.2017

Затрымліваць магілёўцаў дапамагаў намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі

Журналіст Віталь Аляхновіч ідэнтыфікаваў «чалавека ў цывільным», які трапіў на кадры гвалтоўнага затрыманьня людзей пасьля «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка ў Магілёве. Мужчына на відэа вельмі падобны да намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Магілёва, палкоўніка Сяргея Волкава. Тое ж імя называлася ў магілёўскім рэпартажы Свабоды.

09:48 16.3.2017

У Магілёве затрыманыя прынамсі 11 чалавек

Магілёўскія праваабаронцы агучылі вядомыя ім імёны затрыманых у Магілёве пасьля «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка.

У ліку затрыманых Алег Мяцеліца, Алена Кісель, Алена Крэнь, Аляксандар Нажэнка, Аляксандар Страх, Аляксандар Царук, Дзьмітры Люнтаў, Ільля Кнозараў, Ігар Чарняк, Канстанцін Чарноў і Кірыла, прозьвішча якога невядомае.

У Ленінскім судзе Магілёва, дзе маюць адбыцца працэсы супраць затрыманых, зьвестак пакуль не даюць.

09:08 16.3.2017

Тым часам журналістку Дыяну Серадзюк і яшчэ 7 чалавек будуць судзіць за ўдзел у нядаўняй абароне Курапатаў. Суд мае пачацца а 9.30.

Людзей абвінавачваюць у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, доказаў выступаюць матэрыялы журналістаў. Але Серадзюк сьцьвярджае, што якраз тыя матэрыялы журналістаў дэманструюць, што яна не рабіла таго, у чым яе вінавацяць: не ламала агароджу, ня кідалася на тэхніку, не замінала будаўнікам.

09:07 16.3.2017

Апублікаванае відэа гвалтоўнага затрыманьня перад менскім «Маршам недармаедаў»

09:00 16.3.2017

У Менску ў двух раённых судах пройдуць працэсы над удзельнікамі «Маршу недармаедаў»

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», пасьля заканчэньня «Маршу недармаедаў» у Менску міліцыянты ў цывільным затрымалі каля 30-35 удзельнікаў акцыі, у асноўным актывістаў анархісцкага руху. Шматлікія сьведкі паведамляюць пра зьбіваньні пры затрыманьні, у тым ліку пра тое, што білі дзяўчат.

Затрыманых прывозілі для складаньня пратаколаў у Цэнтральны і Першамайскі РУУС Менску. Чакаецца, што ўжо з раніцы 16 сакавіка у судах гэтых раёнаў пачнуцца адміністрацыйныя працэсы над затрыманымі.

Праваабаронцы «Вясны» зьмясьцілі вядомыя ім прозьвішчы затрыманых: гэта Лізавета Пракопчык, Марына Дубіна, Алена Дубовік, Юлія Філіпава, Алег Аўдзеенка, Настасься Ранько, Аляксандар Скурыдзін, Юры Пішчулін, Ільля Міраненка, Станіслаў Русакоў, Яўген Жураўскі. Правабаронцы і журналісты высьвятляюць імёны іншых затрыманых.

08:48 16.3.2017

У час дазволенага ўладамі менскага «Маршу недармаедаў» і пасьля яго былі затрыманыя дзясяткі чалавек, у тым ліку «людзі ў цывільным» напалі на тралейбус, схапілі групу анархістаў і актывіста Пятра Маркелава. Затрыманьні адбываліся і да акцыі.

У Горадні адразу пасьля акцыі людзі ў цывільным схапілі трох маладых хлопцаў у масках, пасадзілі ў машыну і зьвезьлі. У Магілёве вядома пра затрыманьне васьмі чалавек.

Сьпіс дакладна ідэнтыфікаваных затрыманых і асуджаных, а таксама выкліканых у міліцыю і суды вядзе праваабарончы цэнтар «Вясна». У сьпісе «Вясны» на момант публікацыі 155 чалавек.

XS
SM
MD
LG