Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нябачнае войска за сьпінай героя


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Мы любім герояў. Адважных, гатовых ахвяраваць сабой дзеля вялікай ідэі, здольных годна трымацца, калі іх зьневажаюць і нават катуюць. І, усхваляючы герояў, мы часта пакідаем па-за кадрам так званы сямейны кантэкст — родных, дзякуючы якім герой можа граць сваю геройскую ролю, ня надта адрываючыся на побытавыя цяжары ў выглядзе малых дзяцей ці старых бацькоў.

Ёсьць герой-мужчына, і ёсьць ягонае нябачнае, звычайна жаночае, войска, якое фактычна стварае ўмовы для змаганьня.

Звычайна ў Беларусі гэта выглядае так: ёсьць герой-мужчына, які ідзе на барыкады, змагаючыся за тое, ува што верыць, і ёсьць ягонае нябачнае, звычайна жаночае, войска, якое фактычна стварае ўмовы для змаганьня. Звычайна гэтых жанчын грамадзкасьць заўважае толькі тады, калі герой аказваецца «на сутках» альбо атрымлівае вялікі штраф.

У такіх сытуацыях усе рэзка пачынаюць цікавіцца сямейным становішчам змагара, каб займець больш козыраў супраць рэжыму. Бо арышт самотнага маладога хлопца, у якога здаровыя бацькі і няма ні жонкі, ні дзяцей — гэта адзін эмацыйны водгук, а арышт жанатага мужчыны зь дзецьмі і хворай маці — зусім іншы.

Здавалася б, можна парадавацца, што хоць у нейкай сытуацыі гэтыя жанчыны аказваюцца ў фокусе ўвагі, і што іх штодзённую працу хоць крыху заўважаюць, але мне гэты зварот да «сямейнага кантэксту» часта падаецца маніпуляцыйным. Асноўны матыў у ім — не паказаць «адваротны бок гераізму», а зноўку нагадаць пра рэпрэсіўнасьць рэжыму.

Калі б ня гэтая нябачная грамадзтву жаночая падтрымка, героі былі б зусім іншымі.

У гэтым няма хлусьні, але ёсьць вялікая несправядлівасьць. Калі б ня гэтая нябачная грамадзтву жаночая падтрымка, героі былі б зусім іншымі. Паспрабуйце ўявіць грамадзкую актыўнасьць гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча, прыбраўшы з кантэксту жонку. І вось ёсьць Максім і ёсьць ягоная дачка, аб якой трэба клапаціцца штодня. Так, гэтая дачка будзе ўдзячная яму ў будучыні, калі ён паўплывае на адмену дэкрэту № 3, і для яе гэта будзе важна, і яна будзе ім ганарыцца. Але каб гэта ўсё адбылося, аб ёй трэба клапаціцца цяпер. Гатаваць, своечасова мыць і прасаваць адзеньне, мяняць пасьцельную бялізну, гуляцца і проста паказваць свае пачуцьці.

Быць у Беларусі народным героем-рэвалюцыянэрам і добрым бацькам адначасова проста немагчыма.

І калі б у Максіма Філіповіча не было жонкі, перад ім паўстаў бы выбар: працягваць праяўляць грамадзянскую пазыцыю, пераклаўшы клопат пра дачку на бабулю, альбо непасрэдна выконваць бацькоўскія абавязкі. Ёсьць яшчэ і трэці варыянт: працягваць выказваць грамадзянскую пазыцыю, не перакладваючы клопат пра дачку на бабулю. Толькі ў выніку гэта хутчэй за ўсё скончыцца прымяненьнем дэкрэту № 18 і адбіраньнем дзіцяці ў сацыяльны прытулак. Бо быць у Беларусі народным героем-рэвалюцыянэрам і добрым бацькам адначасова проста немагчыма. У любы момант могуць арыштаваць і адправіць «на суткі», таму героям жыцьцёва неабходная каманда падтрымкі, якая возьме на сябе ўвесь побыт і ўсе «прыземленыя» клопаты.

Пакуль Максім Філіповіч рабіўся народным героем, нават не кажучы жонцы, куды накіроўваецца і якія ў яго пляны на заўтра, Юлія мусіла неяк тлумачыць іх дачцэ, што адбываецца і дзе тата.

У гэтай праблемы наўрад ці ёсьць нейкае унівэрсальнае рашэньне. Мы ўсе робім свой выбар, зыходзячы з уласных сыстэм каштоўнасьцяў і жыцьцёвых прыярытэтаў. Толькі дыяпазон выбару ў розных асобаў можа быць вельмі розны. І пакуль Максім Філіповіч рабіўся народным героям, нават не кажучы жонцы, куды накіроўваецца і якія ў яго пляны на заўтра, Юлія мусіла неяк тлумачыць іх дачцэ, што адбываецца і дзе тата.

А яшчэ ў кожнага выбару ёсьць свае наступствы. Ня ўсе іх можна прадказаць, але з усімі ў выніку давядзецца жыць. І можна бясконца вінаваціць крывавы рэжым увогуле і Лукашэнку ў прыватнасьці, але гэта не дапаможа заслужыць давер дзяцей альбо вярнуць здароўе бацькоў.

Добра, калі ёсьць на каго перакласьці прыземленыя справы. Вельмі добра.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG