Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся беларуска-расейскія штабныя вучэньні, генэралы рыхтуюцца да манэўраў «Захад-2017»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія і расейскія вайскоўцы праводзяць сумесную штабную трэніроўку, якая працягнецца з 13 па 17 сакавіка. Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства абароны Беларусі.

Гэтыя вучэньні плянавыя, яны праводзяцца ў рамках падрыхтоўкі да правядзеньня сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2017», якое пройдзе ў верасьні на тэрыторыі Беларусі.

Тэма вучэньняў — «плянаваньне прымяненьня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) у інтарэсах забесьпячэньня ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы». А іх мэта, паводле Міністэрства абароны Беларусі, — «павышэньне зладжанасьці органаў вайсковага кіраваньня і апэратыўнай сумяшчальнасьці асабістага складу Аб’яднанага камандаваньня падчас плянаваньня прымяненьня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) сумесна зь іншымі войскамі і воінскімі фармаваньнямі Беларусі».

У вучэньнях бяруць удзел структурныя падразьдзяленьні Міністэрства абароны і Генштабу Ўзброеных сіл, апэратыўныя групы рэспубліканскіх органаў дзяржкіраваньня, штабоў зон тэрытарыяльнай абароны, аб’яднаньняў Узброеных сіл, а таксама апэратыўная група Ўзброеных сіл Расеі.

У 2017 годзе на тэрыторыі Беларусі пройдуць буйныя сумесныя манэўры «Захад-2017», у якіх будзе задзейнічана больш за 10 тысяч беларускіх і, паводле ацэнак назіральнікаў, да 8 тысяч расейскіх вайскоўцаў, каля 150 расейскіх танкаў ды іншая баявая тэхніка. Кіраўніцтва некаторых краін Эўразьвязу, у прыватнасьці Літвы, ужо выказала занепакоенасьць у сувязі з правядзеньнем гэтых манэўраў.

Генэрал ЗША Бэн Годжэс заклікаў Расею забясьпечыць празрыстасьць вайсковых вучэньняў «Захад-2017», якія маюць адбыцца на тэрыторыі Беларусі ў верасьні.

Беларускі міністар абароны Андрэй Раўкоў заявіў, што будучыя манэўры — адна з формаў падрыхтоўкі аб’яднанай групоўкі.

«Гістэрыя, што нагнятаецца ў апошні час асобнымі „экспэртамі“ з нагоды нібыта магчымай акупацыі Беларусі расейскімі войскамі — ня больш як спроба нейкіх маргінальных структураў атрымаць палітычныя дывідэнды або падвысіць свой рэйтынг за кошт эксплюатацыі тэмы беларуска-расейскіх стасункаў», — сказаў Раўкоў.

«Моладзь БНФ» распачала кампанію збору подпісаў супроць удзелу ў манэўрах «Захад-2017» расейскіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG