Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь БНФ патрабуе адмяніць вучэньні «Захад-2017» і вырабіць сучасную зброю для беларускай арміі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Актывісты абвясьцілі пра пачатак збору подпісаў супраць вучэньняў «Захад-2017». Подпісы маюць перадаць Аляксандру Лукашэнку. Таксама ў межах гэтай кампаніі мяркуецца падаць заяўкі на правядзеньне антываенных пікетаў у Менску і іншых гарадах Беларусі.

«Мы, актывісты Моладзі БНФ, занепакоеныя плянамі ўладаў правесьці вялікія беларуска-расейскія вучэньні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь зь вялікай колькасьцю расейскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі. Мы прыкладзем усе намаганьні, каб дамагчыся адмены гэтых вучэньняў», — пішуць актывісты на сваім сайце.

Яны зьвяртаюць увагу, што ў артыкуле 18 Канстытуцыі запісана, што Рэспубліка Беларусь «у сваёй зьнешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасьці дзяржаў, непрымяненьня сілы або пагрозы сілай, непарушнасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, неўмяшаньня ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права».

Моладзь БНФ прапаноўвае на сродкі, якія выдзеленыя на вучэньні, запусьціць выраб сучасных відаў узбраеньняў, бо гэта «будзе найбольш эфэктыўна спрыяць умацаваньню незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь»:

«Мы лічым, што дадзеныя вучэньні ня пойдуць на карысьць нашай дзяржаве ў той цяжкай эканамічнай сытуацыі, у якой мы апынуліся, а таксама створаць дадатковую напружанасьць у рэгіёне, і таму заклікаем прэзыдэнта і ўрад Рэспублікі Беларусь адмяніць заплянаваныя вучэньні „Захад-2017“, якія прадугледжваюць перадысьлякацыю на тэрыторыю нашай краіны для ўдзелу ў вучэньнях тысяч вайскоўцаў ды вайсковай тэхнікі арміі РФ.

Мы заклікаем таксама скіраваць тыя сродкі, якія плянуецца выдаткаваць на правядзеньне вучэньняў „Захад-2017“, на падвышэньне абароназдольнасьці беларускай арміі праз распрацоўку і выраб сучасных відаў узбраеньня, што будзе найбольш эфэктыўна спрыяць умацаваньню незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь».

Пакуль што паставіць подпіс за адмену вучэньняў «Захад-2017» можна ў офісе Партыі БНФ. Актывісты плянуюць пашырыць колькасьць месцаў, дзе можна падтрымаць іх ініцыятыву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG