Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што БАЖ будзе патрабаваць завядзеньня крымінальнай справы па факце перашкоды журналістам у іх прафэсійнай дзейнасьці:
«Будзем зьвяртацца з лістом у пракуратуру і, магчыма, у Сьледчы камітэт, каб расьсьледавалі абставіны таго, як міліцыянты перашкаджалі журналістам працаваць. За гэта трэба адказваць паводле закону. І, безумоўна, будзем скардзіцца міністру ўнутраных спраў Шуневічу на ягоных падначаленых».
Мапа затрыманых па ўсёй Беларусі за «Маршы недармаедаў» (АБНАЎЛЯЕЦЦА)
Да «Маршаў недармаедаў» 12 сакавіка і пасьля іх было затрымана 19 журналістаў і блогераў, пяцёх будуць судзіць. У ліку затрыманых журналістка Свабоды Галіна Абакунчык, афіцыйна прычыны затрыманьня не называліся.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая казала, што будзе «прасіць Міністэрства ўнутраных спраў разабрацца, зрабіць выразныя захады», а дэпутатка Алена Анісім заўважала адносна затрыманьняў, што «нельга так расхістваць сытуацыю, бо яна невядома ў што перарасьце».