Сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая апублікавала заяву руху з заклікам спыніць рэпрэсіі.
«З пачатку сакавіка 2017 году на Беларусь абрынулася новая хваля рэпрэсіяў, — гаворыцца ў заяве. — Пры гэтым улады сваімі дзеяньнямі падкрэсьлена парушаюць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь».
Рух згадвае ператрусы ў актывістаў, прэвэнтыўныя затрыманьні і зьбіваньне грамадзянаў, зьняволеньні ў турмах і нават вар’ятні, а таксама суды, што «ў любы час згодныя штампаваць рашэньні аб арыштах на суткі». Асобна рух падкрэсьлівае «факт выкарыстаньня расейскай імпэрскай сымболікі сілавымі структурамі рэжыму» як «сьведчаньне адпаведнасьці тактыкі сёньняшніх уладаў плянам усходняга імпэрскага суседа».
Рух патрабуе ад уладаў спыненьня рэпрэсіяў і выкананьня справядлівых патрабаваньняў удзельнікаў пратэставых акцыяў. Таксама рух заклікае апазыцыю аб’яднацца, галоўнай задачай на найбліжэйшы пэрыяд рух бачыць «абарону незалежнасьці Беларусі і вяртаньне яе грамадзянам правоў і свабодаў».
«Гэтая хваля рэпрэсіяў у Беларусі яшчэ толькі пачынаецца, яе яшчэ можна спыніць, — завяршае заяву рух. — Зьвяртаем увагу на пэрсанальную адказнасьць дзеячоў дэмакратычнага Захаду, якія на працягу апошніх двух гадоў вялі бясплённыя размовы зь сёньняшняй уладай, цалкам ігнаруючы беларускія нацыянальныя інтарэсы».
Да міжнароднай супольнасьці рух зьвяртаецца з заклікам падтрымаць незалежнасьць Беларусі і яе грамадзянаў, «якія адстойваюць свае правы і свабоды».
Рух выказваецца ў падтрымку патрабаваньняў удзельнікаў «маршаў недармаедаў» і заклікае да «годнага сьвяткаваньня» Дня Волі ў Менску.