Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ізалятары Берасьця не прымаюць перадачу зь ежай, патрабуюць плаціць за ўтрыманьне


7 сакавіка ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасьця паведамілі, што для адміністрацыйна арыштаваных прымаюць толькі вопратку і гігіенічныя прылады, а ежу — толькі пасьля таго, як будзе аплочана ўтрыманьне ў ізалятары.

Пра гэта ў ізалятары сказалі маці арыштаванага на суткі анархіста Дзьмітрыя Леўчука. Жанчына патэлефанавала ў ІЧУ Ленінскага РАУС, каб даведацца пра ўмовы, на якіх можна аддаць перадачу сыну, паведамляе «Вясна».

Дзяжурная ізалятара патлумачыла гэтае абмежаваньне тым, што ва ўстанове арганізавана харчаваньне і што многія пасьля вызваленьня не аплочваюць сваё ўтрыманьне.

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч сказаў, што гэтая практыка, якая склалася ў ІЧУ, незаконная і патрабуе абскарджваньня.

Ён патлумачыў, што ў пастанове МУС, якая вызначае парадак атрыманьня і надгляду перадач, пералічваюцца падставы, дзеля якіх перадачу могуць не прыняць.

«І ў гэтым сьпісе абмежаваньняў няма пункту пра тое, што перадача, у тым ліку і прадукты харчаваньня, не прымаецца пры адсутнасьці аплаты за ўтрыманьне. Таму можна канстатаваць, што дзеяньні супрацоўнікаў ІЧУ Ленінскага РАУС маюць незаконны характар».

Праваабаронца прапанаваў абскарджваць гэтыя дзеяньні ў гарадзкім УУС або зьвярнуцца ў пракуратуру, каб тая правяла праверку.

6 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Берасьця разглядалі адміністрацыйныя справы чатырох прадстаўнікоў анархісцкага руху, якія бралі актыўны ўдзел у «Маршы недармаедаў». Яны атрымалі ад чатырох да пяці сутак арышту. Сярод іх і Дзьмітры Ляўчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG