Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія палітолягі пра рэпартаж БТ: маніпуляцыі, прапаганда і выхаваньне страхам


Скрыншот са «спэцыяльнага рэпартажу» на тэлеканале «Беларусь-1»
Скрыншот са «спэцыяльнага рэпартажу» на тэлеканале «Беларусь-1»

Украінскія палітолягі Руслан Бортнік ды Косць Бандарэнка пацьвердзілі, што некалькі тыдняў таму сустракаліся з карэспандэнтамі першага нацыянальнага тэлеканалу Беларусі і давалі інтэрвію на тэму сытуацыі ва Ўкраіне падчас і пасьля Майдану.

«Напалоханы сабака гучна брэша», — Статкевіч пра «рэпартаж» БТ

«Радыеактыўны попел» на БТ: камэнтары і рэакцыі ў Беларусі

«Радыеактыўны попел» на БТ. Разбор у 8 пунктах​

Гэтая размова наагул ня мела дачыненьня да беларускага кантэксту.

У размове з Радыё Свабода дырэктар Украінскага інстытуту аналізу ды мэнэджмэнту палітыкі Руслан Бортнік назваў «спэцыяльны рэпартаж "Званок сябру"», які выйшаў на канале «Беларусь-1» ў панядзелак, абсалютна маніпуляцыйным ды прапагандысцкім.

«Уражаньні ў мяне найгоршыя. Гэтае інтэрвію Першаму беларускаму тэлеканалу было прымеркавана да падзеяў Майдану ва Ўкраіне ў вельмі шырокім кантэксьце. Я наагул не ведаў, што гаворка ідзе пра Беларусь, і камэнтаваў магчымасьць паўтарэньня Майдану, пра якую час ад часу гавораць ва Ўкраіне. Гэтая размова наагул ня мела дачыненьня да беларускага кантэксту».

Гэта выкарыстаньне маёй думкі ў маніпуляцыйных мэтах.

Паводле Бортніка, карэспандэнты задавалі пытаньні і па Беларусі, але ён не адказваў на іх. «Я ня вельмі разьбіраюся ў беларускіх дэталях і ў лідэрах беларускай апазыцыі. Я не камэнтаваў гэта і не знаёмы са Статкевічам, але нават і пытаньня пра яго не было. Былі пытаньні, якія мелі дачыненьне да ўкраінскіх падзей, я выказаў сваю думку, і былі пытаньні шырока тэарэтычныя пра тое, як мае ўзаемадзейнічаць улада з мітынгоўцамі, якім чынам гэтую энэргію ператвараць у пазытыў для грамадзтва, і як улады маюць змагацца з дэструктыўнымі праявамі. Я прыкра ўражаны, што гэтыя мае тэарэтычныя роздумы у больш шырокім кантэксьце выкарыстаныя у такім кантэксьце. Я мяркую, гэта выкарыстаньне маёй думкі ў маніпуляцыйных мэтах», — падкрэсьліў Руслан Бортнік.

Уладзімір Карнілаў, які ў рэпартажы выказвае сваю вэрсію таго, хто страляў ва ўдзельнікаў пратэсту на Майдане, у свой час узначальваў філію Інстытуту краін СНД ва Ўкраіне. Як паведамляецца на ягонай старонцы ў Facebook, цяпер ён жыве ў Данецку, але на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць свой удзел у беларускім фільме не адгукнуўся.

Палітоляг Косьць Бандарэнка, які працаваў практычна з усімі ўкраінскімі палітычнымі сіламі, гэтак пракамэнтаваў «Званок сябру».

«Гэта абсалютна прапагандысцкі фільм. Я ніколі не прыхоўваў свайго крытычнага стаўленьня да Майдану, бо мяркую, што рэвалюцыі ніколі не прыводзілі людзей да дабра. У гэтым фільме такая прэпарацыя адбылася — выбралі ўсё, што ім было патрэбна. Таксама і з Русланам Бортнікам, і з Уладзімерам Карнілавым, які там больш шчыры ў гэтым пляне», — адзначыў Косьць Бандарэнка.

І ў Беларусі гэта выкарыстоўваюць як пудзіла, якім будуць палохаць людзей, маўляў, вы хочаце, каб было так, як ва Ўкраіне?

У той жа час палітоляг мяркуе, што матэрыял зроблены прафэсійна з пункту гледжаньня прапаганды. «Я прагназаваў, што ў Расеі бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў будзе выкарыстоўвацца тэма Майдану. Але цяпер бачу, што і ў Беларусі гэта выкарыстоўваюць як пудзіла, якім будуць палохаць людзей, маўляў, вы хочаце, каб было так, як ва Ўкраіне? Такая тэхналёгія будзе выкарыстоўвацца ў шматлікіх краінах, ня толькі ў Расеі ці Беларусі», — дадаў ён.

Паводле Бандарэнкі, выкарыстаньне кадраў з Майдану, забойства Паўла Шарамета і беларусаў, якія ваююць на Данбасе ёсьць адным з элемэнтаў насаджэньня страху перад магчымымі наступствамі рэзкіх зьменаў сыстэмы. «Павал Шарамет быў беларускім журналістам, але жыў ва Ўкраіне. Таму з пункту гледжаньня ідэалягічнай, таксама паказалі, што тут забіваюць. У фільме ж згадваецца ня толькі Шарамет, але й Жызьнеўскі, і беларусы, якія ствараюць атрады ва Ўкраіне, а могуць перабазавацца ў Беларусь, то бок ствараецца такая карцінка, каб выклікаць страх у спажыўца інфармацыі», — мяркуе Косьць Бандарэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG