Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія ўлады забаранілі мітынг супраць дэкрэту № 3


Падчас мінулага мітынгу за адмену дэкрэту № 3 у Градні
Падчас мінулага мітынгу за адмену дэкрэту № 3 у Градні

У адказе заяўнікам гаворыцца, што ў пададзенай заяўцы «ня выкананыя патрабаваньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у частцы адсутнасьці зьвестак, абавязковых для адлюстраваньня ў заяве на правядзеньне масавага мерапрыемства».

Заяўку на правядзеньне мітынгу за адмену дэкрэту № 3 падавалі прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябры прафсаюзу РЭП і сябры БНФ. Мітынг плянавалася правесьці ў Калоскім парку (месца вызначанае гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў) у Дзень Канстытуцыі — 15 сакавіка.

Паводле кіраўніка гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова, заяўку падалі ў адпаведнасьці з артыкулам 5 закону Рэспублікі Беларусь ад 30 сьнежня 1997 году № 114-3 «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

— Заява была пададзена, як і належыць, у адпаведнасьці з заканадаўствам. Увесь пералік патрабаваньняў, які выкладзены ў артыкуле 5, мы выканалі. Відавочна, што ўлады імкнуцца не дапусьціць, каб па краіне разгортваліся пратэсты супраць дэкрэту «аб дармаедах». Цяжка зразумець іх лёгіку, бо было б прасьцей дазволіць правесьці гэты мітынг недзе там наводшыбе ў Калоскім парку, чым людзі зноў прыйдуць у цэнтар гораду і будуць пратэставаць супраць дэкрэту. Зрэшты, улады не дазваляюць ніякіх масавых мерапрыемстваў у Горадні з канца 90-х гадоў. Гэта нагадвае тое, як на выбарах перамагае Лукашэнка не ў пяцьдзясят зь нечым адсоткаў, а абавязкова больш за восемдзесят. Нічога ў іх галовах не зьмяняецца.

Актывіст АГП Андрэй Ярмоленка дадае, што чыноўнікі гарвыканкаму ня хочуць бачыць у горадзе чарговага масавага мерапрыемства, на якім людзі будуць іх крытыкаваць, а не хваліць, а таму і даюць пустыя адпіскі арганізатарам мітынгу.

— Чыноўнікі ж на мітынгі людзей не прыходзяць, на пытаньні іх не адказваюць. Ды і што яны цяпер могуць людзям сказаць, што яны наагул могуць прапанаваць? Нічога. А таму і хаваюцца за адпіскамі.

У Горадні 19 лютага адбыўся «Марш недармаедаў». Ён таксама ня быў санкцыянаваны ўладамі, тым ня менш на яго прыйшлі каля ста чалавек. Вядома, што на 10 чалавек з гэтага ліку складзены пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG