Акцыянэр кампаніі «Белрэканструкцыя» Ігар Анішчанка даў інтэрвію парталу Tut.by. У ім ён працягвае настойваць, што будоўля законная.
У адказ на пытаньне пра тое, што пляцоўка на момант продажу ўваходзіла ў ахоўную зону мэмарыялу «Курапаты» (і была выведзеная з ахоўнай зоны толькі больш як праз год пасьля аўкцыёну), ён заявіў, што было праведзена зь дзясятак экспэртызаў, усе дазволы атрыманыя, а гістарычнай экспэртызы не было, бо ўчастак нібыта не ўваходзіў у ахоўную зону на момант продажу (насамрэч уваходзіў).
Ён сьцьвярджае, што калі б хто сказаў, што гэта ахоўная зона, то забудоўнік прыслухаўся б. Але задаецца пытаньнем: чаму ніхто не сказаў, што ўчастак у ахоўнай зоне?
«Так, там не расстрэльвалі і не было там дарогі сьмерці, — кажа Анішчанка. — Але нас паставілі ў супрацьстаяньне зь людзьмі, якія хочуць абараніць памяць рэпрэсаваных. Я таксама хачу абараніць іх памяць. І жаданьні людзей, і іх дзеяньні нам зразумелыя».
Ці праводзіліся расстрэлы і ці ёсьць пахаваньні менавіта на пляцоўцы будоўлі (а не, напрыклад, на 50 мэтраў на захад ці 100 мэтраў на поўдзень ад яе), невядома. Маштабных археалягічных дасьледаваньняў не праводзілася, архівы спэцслужбаў дагэтуль закрытыя. Аднак калі будавалі МКАД, побач зь якой разьмешчаная будоўля, то знаходзілі парэшткі людзей.
Будоўля ля мэмарыялу «Курапаты» прыпыненая на тыдзень. Анішчанка кажа, што з участку вывелі рабочых і чакаюць рашэньня ад гарадзкіх уладаў, і дадае: «Будаваць там, дзе людзі катэгарычна супраць, дзе яны прыкоўваюць сябе кайданкамі да тэхнікі, катэгарычна нельга».
Анішчанка заяўляе, што гатовы ўзяць удзел ва ўсталяваньні мэмарыялу на месцы будоўлі, калі ўчастак забяруць, а таксама што гатовы ўзяць іншы ўчастак, калі ўлады прапануюць замену.