Ці можна заяўляць, што дзяржава праводзіць палітыку «мяккай беларусізацыі»? Больш спрыяльнае стаўленьне дзяржаўных структураў да беларускай мовы — гэта кан’юнктура альбо доўгатэрміновая стратэгія?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экпэпртыза Свабоды адказваюць старшыня ТБМ Алег Трусаў і гісторык Алесь Пашкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Тэма стану беларускай мовы — гэта тая самая шклянка, напалову пустая ці поўная. Інтэрпрэтацыя залежыць ад чалавека. Спадар Трусаў, ваша вэрсія гэтай дылемы — як мяняецца стаўленьне да беларускай мовы ў дзяржаве і грамадзтве?
Трусаў: Галоўнае, што беларуская мова стала мовай гораду, асабліва Менску. Гэта ўпершыню за 300 гадоў. Чаму мы мелі паразы? Бо 300 гадоў ня мелі нацыянальнага беларускага гораду, беларусаў у нашых гарадах было 10-15 працэнтаў. Зараз гэта мова прэстыжу, эліты, бізнэсу, спорту. Упершыню за 300 гадоў беларускай мова становіцца мовай эліты, гаварыць па-беларуску — гэта крута, як кажа моладзь. А раней гэта была мова вёскі і калгасьнкаў.
Цыганкоў: Але ці ня ёсьць і ў гэтым пэўная пастка, бо эліта ня можа быць масавай, шматлюднай?
Трусаў: Усё пачынаецца з эліты. Спачатку нашыя магнаты загаварылі па-польску. А праз сто гадоў польская мова стала адзінай дзяржаўнай у ВКЛ.
Цыганкоў: Але што робіць сёньняшняя ўладная эліта? Акрамя некалькіх рэдкіх прыкладаў, пакуль не відаць, каб яны пераходзілі на беларускую мову.
Трусаў: Сёньня праходзіць 10-ая агульнанацыянальная дыктоўка. Упершыню ва ўсіх СМІ пра гэта было павядомлена. На беларускай мове «Комсомолка» запрашае прыйсьці ў сядзібу ТБМ і напісаць дыктоўку. Такога не было яшчэ год таму.
Зараз ва ўладу прыходзяць маладыя людзі, «дзеці беларусізацыі». Сёньня мне званіла супрацоўніца з Адміністрацыі прэзыдэнта і гаварыла на добрай беларускай мове. Ёй гадоў 30-35. То бок прыходзіць ваша пакаленьне, спадар Цыганкоў, вашы равесьнікі становяцца чыноўнікамі сярэдняга рангу. Яны засталі беларусізацыю, сымболіку, і зараз ідзе гэтая зьмена пакаленьняў.
Цыганкоў: Так, яны становяцца чыноўнікамі. А я застаюся аглядальнікам Радыё Свабода. Спадар Пашкевіч, вам таксама гэты працэс бачыцца настолькі аптымістычна?
Пашкевіч: Я лічу, што ня ўсё так прыгожа, беларуская мова знаходзіцца ў тым стане, які можна назваць як «пагрозьлівы». І нельга сказаць, што ўжо ўсё стала на тыя рэйкі, якія аўтаматычна прывядуць да сьветлай будучыні.
Я бачу пазытыўны факт у тым, што беларуская мова здолела ўнезалежыцца ад стану беларускай вёскі.
Калі спадар Трусаў казаў, што мова ўпершыню ў гісторыі пераходзіць у горад — то я не магу сказаць, што гэта адбылося сёньня. Яшчэ 20 гадоў таму ўжо былі дзьве часткі беларускамоўных — з аднаго боку, вясковае насельніцтва, якое размаўляла па-беларуску, бо па-іншаму ня ўмела, і з другога боку, частка гарадзкой інтэлігенцыі. Цяпер сытуацыя такая, што вёска няўхільна памірае, пэрспэктываў у яе ў тым выглядзе, у якім было — фактычна няма. Гэта частка беларускамоўнага насельніцтва ўжо ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі адыдзе.
І я бачу пазытыўны факт у тым, што беларуская мова здолела ўнезалежыцца ад стану беларускай вёскі. Мову падхапілі гараджане, яна пранікае ў многія сучасныя сфэры. Але я не магу сказаць, што гэта адбываецца вельмі шырока. У візуальнай прасторы беларускай мовы паболела, яе можна часьцей пачуць, і нават ад самых нечаканых людзей.
Але ў рамках шырокага грамадзтва гэта зьява дастаткова маргінальная. Большая частка насельніцтва не пераходзіць на беларускую мову, не карыстаецца ёй, і ня бачыць у гэтым такой патрэбы. І я думаю, што тут сытуацыя прынцыпова ня зьменіцца, пакуль ня будзе адпаведнай мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Такой дзяржаўнай палітыкі я пакуль ня бачу. І казаць пра тое,што ёсьць падтрымка беларусізацыі з боку дзяржавы, пакуль не даводзіцца.
Цыганкоў: Тое, што называюць «мяккай беларусізацыяй», было народжана і падтрымана грамадзтвам. А ўлады гэтаму як мінімум не пярэчаць, і гэта было выклікана пэўнымі геапалітычнымі зьменамі. Але дзе гарантыя, што калі Менск і Масква зноў дамовяцца пра танны газ — то беларускія ўлады зноў ня скончаць усялякую лібералізацыю і беларусізацыю?
Трусаў: У Расеі проста больш няма таннай нафты і газу. Эканамічная сытуацыя там такая, што праз два гады там могуць адбыцца такія працэсы, што на іхнім фоне Беларусь будзе выглядаць белай і пухнатай. Каб Расея магла б даць танную нафту і газ — даўно б далі.
Іншая справа, што калі ўзьнікне ваенная пагроза — то будзе не да беларускай мовы. Пытаньне будзе нагул, ці будзе існаваць незалежная Беларусь.
Цыганкоў: Наколькі кан’юнктурным ёсьць цяперашняе спрыяньне ўладамі беларусізацыі, якую арганізоўвае грамадзтва? Ці гэта стратэгія, і гэтая палітыка ўладаў «усур’ёз і надоўга»?
Трусаў: Зараз улада расколваецца на дзьве часткі. Адны за ўваходжаньне ў Расею, за тое, каб тут гучала толькі расейская мова. Такіх прадстаўнікоў ва ўладзе шмат. Іх шмат у войску, у міліцыі, палова ўладнай эліты — гэта адэпты рускага міру.
Другая палова за незалежную Беларусь, і каб беларуская мова ў ёй гучала. Ідзе змаганьне, і гэта відаць нават у расейскіх СМІ. Адных нашых міністраў там ганяць, а іншым гатовыя кветкі падносіць. І ёсьць трэці лягер, які прымкне да пераможцаў. Заўважце, адносіны да мовы ў кожным раёне свае — у адным увесь раён піша дыктоўку, а ў другім забараняюць яе пісаць.
Так што наша эліта падзеленая, і хто пераможа — залежыць ад нас з вамі. Ад таго, якую частку эліты мы падтрымаем. Падтрымаем патрыятычную эліту — значыць, застанецца незалежнасьць, і працэс беларусізацыі паступова працягнецца. Прайграем — прыйдуць сюды зялёныя чалавечкі.
Пашкевіч: Я не лічу, што існуе нейкі асэнсаваны курс уладаў на «беларусізацыю». Хутчэй проста не замінаюць грамадзтву. Бачыце, якія жарсьці выклікаюць дзьвюхмоўныя этыкеткі на беларускіх таварах. Актывісты вядуць за гэта барацьбу, вядуць перапіску з чыноўнікамі, і Палата прадстаўнікоў зьбіраецца прымаць закон, у якім ня будзе прапісана абавязковае выкарыстаньне беларускай мовы... Пра якую дзяржаўную палітыку можна казаць? Дзяржаўная беларусізацыя існуе толькі ў сфэры нашых мараў. Спыніць гэта можна ў любы час. Што да таго падзелу, якія правёў спадар Трусаў сярод нашых чыноўнікаў, то мне здаецца, што такога падзелу няма. Ёсьць шмат прыхільнікаў беларускай незалежнасьці, якія разам з тым, у прынцыпе, ня хочуць замахвацца на расейскамоўнасьць. І лічаць, што беларуская можа адысьці ў гісторыю.
Цыганкоў: Ваш прагноз — як будзе мяняцца статус беларускай мовы ў найбліжэйшыя гады?
Трусаў: Найперш усё залежыць не ад улады, а ад нас з вамі, грамадзянаў. Чым болей будзе зваротаў грамадзян, нават наконт тых самых этыкетак — тым болей будзе вынікаў. У свой час ТБМ шмат гадоў змагалася, каб у закон аб скаргах напісалі вельмі важны пункт — калі зьвяртаешся па-беларуску, то на гэтай мове павінны і адказаць. І глядзіце, як статус мовы ўзьняўся. Ці, напрыклад, мы дабіліся, што колькасьць гадзінаў на беларускую мову ў школах упершыню ўраўнялі з расейскай. Многія ініцыятывы ТБМ улада выконвае — але гэта тысячы лістоў грамадзянаў.
У свой час мы перавялі на беларускую мову грамадзткі транспарт. І зараз, калі некаторыя пажадалі перавесьці квіткі ў Менску на расейскую мовы, то ўлады Менску адказалі — «ня будзем рабіць па-расейску». Так што ўсё залежыць ад нас з вамі, улада рэагуе на людзей. І зараз беларуская мова ўмацоўваецца у асноўным за кошт грамадзян Беларусі.
Пашкевіч: Я дастаткова пазытыўна стаўлюся да пэрспэктываў беларускай мовы захаваць пазыцыі, якія яна мае сёньня — быць мовай эліты, пэўных асяродкаў, каб на ёй ствараліся культурныя артэфакты, каб яна недзе гучала. Гэта грамадзянская супольнасьць, неабыякавыя людзі могуць дасягнуць самі, самастойна, тут ніякай дзяржавы не патрэбна.
Калі ж казаць пра іншы ўзровень — каб усё насельніцтва краіны карысталася беларускай мовы — то тут без дзяржаўна палітыкі абысьціся немагчыма. І я лічу, што пры гэтай уладзе дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на падтрымку беларускай мовы, ня будзе.