Падсуднага абвінавачваюць у забойстве з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх намераў, замаху на забойства дзьвюх і болей асобаў, падрыхтоўку да забойства дзьвюх і болей асобаў і хуліганстве.
Улад К., якога адлічылі з унівэрсытэту за пропускі заняткаў без уважлівай прычыны, зайшоў у гандлёвы цэнтар «Новая Эўропа» з уключанай бэнзапілой і сякерай. Спачатку малады чалавек параніў жанчыну, якая ад яго ўцякла. Затым ён нанёс пілой цяжкія траўмы жанчыне 1973 году нараджэньня і дабіў яе сякерай. Пры спробе ўцячы з гандлёвага цэнтру нападнік быў затрыманы работнікамі цэнтру і наведнікамі ды перададзены міліцыянтам. Міліцыя дала грамату і нагрудны знак супрацоўніку ГЦ «Эўропа», які спыніў нападніка з бэнзапілой.
Днём раней Улад К. прыходзіў з бэнзапілой у адну з ВНУ, дзе таксама меў намер забіць як мага больш людзей, але піла заглухла, а перазапусьціць інструмэнт ён ня змог. Паводле сьледзтва, у той момант юнак быў у стане алькагольнага апʼяненьня, што павялічвае ягоную віну.
Трывожную кнопку» ў ГЦ «Новая Эўропа» націснулі праз 8 хвілін пасьля зьяўленьня хлопца з бэнзапілой
На сьледзтве ён тлумачыў свае дзеяньні тым, што расчараваўся ў сабе, у чалавецтве і хацеў забіць як мага больш людзей, каб у выніку яго таксама забілі. Комплексная экспэртыза прыйшла да высновы, што юнак разумеў, што рабіў, калі забіваў жанчыну ў «Новай Эўропе» і калі днём раней спрабаваў напасьці на студэнтаў. Экспэрты лічаць, што ён у стане адказваць за свае дзеяньні перад судом.
«У школе Ўлад распавядаў пра тры спробы суіцыду», — аднаклясьнікі хлопца з бэнзапілой
За 2 гады да здарэньня хлопец лячыўся ў псыхіятрычным дыспансэры. Бацька Улада К. не разумее, як яго сын мог учыніць напад у ГЦ «Эўропа», і вінаваціць ва ўсім моцнадзейны прэпарат.
Суд пачаўся
У Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс над Уладам К., якога абвінавачаюць у забойстве падчас нападу ў цэнтры «Новая Эўропа» і ў ішых злачыствах.
Суд вядзе судзьдзя Павал Арлоў, пракурор Алег Буйлянкоў. Суд адразу забараніў відэа- і фатаздымкі падчас працэсу.
Казакевіч паводзіць сябе спакойна, ніяк не рэагаваў, калі яго здымалі журналісты.
Сярод пацярпелых — дачка забітай
У судовай залі знаходзіцца пацярпелая — дачка забітай Алеся Александронец, яна інвалід, глуханямая. Для дапамогі ёй у суд адмыслова выкліканая сурдаперакладчыца.
Пацярпелая плача
Яшчэ адна пацярпеля — Налівайка, маці забітай. Раней грамадзянскі пазоў не заяўляла, і гэта зрабіла тут цяпер: «Дзень, калі я даведалася пра сьмерць маёй дачкі? стаў самы жудасным у маім жыцьці...» Плача.
Яе муж, бацька загінулай, пасьля трагедыі з дачкой на наступны дзень патрапіў у шпіталь, хварэе дагэтуль. Маці таксама адчувае сябе вельмі дрэнна, абвастрыліся хваробы. Кажа, што ад бацькоў падсуднага не было званкоў пра спачуваньні. Просіць суд задаволіць пазоў на 65 тысяч рублёў.
Сястра загінулай заявіла пазоў на 44 тысячы
Яшчэ адна пацярпелая — Натальля, родная сястра загінулай. Таксама ў судзе заявіла грамадзянскі пазоў аб кампэнсацыі маральных і матэрыяльных стратаў. Лічыць, што ня толькі Ўладзіслаў Казакевіч вінаваты ў тым, што здарылася, але і іншыя людзі. Натальля распавяла пра маральныя пакуты і страты ў здароўі і заявіла пазоў у 44 тысячы рублёў.
Новыя пазовы ад пацярпелых
Суд выклікаў пацярпелую Алесю Александронец, дачку загінулай. Судзьдзя патлумачыў дзяўчыне яе правы, сурдаперакладчык пераклала словы судзьдзі. Яна таксама перадала суду пазоў, які не агучвалі.
Пацярпелая Аксана — тая працаўніца ГЦ «Эўропа», якой нападнік параніў руку. У судзе было бачна, што працаздольнасьць рукі дагэтуль да канца не аднавілася.
Яшчэ адна пацярпелая, Ірына Барэшка, правам на падачу пазову падчас следзтва не скарысталася.
Агульная сума пазоваў больш за 300 тысяч рублёў
Судзьдзя агучыў сумы пададзеных пазоваў. Алеся Александронец заявіла пазоў на 75 тысяч за матэрыяльныя страты і 45 тысяч рублёў за маральныя пакуты. Натальля Ашнар — за маральныя пакуты 44 тысячы. Марʼяна Налівайка — 63 тысячы рублёў. Аксана Вітвер — 568 рублёў матэрыяльнай шкоды і 29 тысяч за маральныя пакуты. Суд вырашыў разглядаць усе пазовы ў межах крымінальнай справы.
Пракурор таксама заявіў пазоў да абвінавачанага ад кампаніі, маёмасьць якой пацярпела ў выніку здарэньня.
Зачытваюць абвінавачваньне
Суд перайшоў да судовага сьледзтва. Пракурор пачаў зачытваць абвінавачаньне.
Ён пачаў з таго, што ў падсуднага былі ненармальныя паводзіны, бацькі за ім даглядалі, з 15 гадоў ён жыў асобна, сам сабе гатаваў. Меў суіцыідальныя настроі, распрацаваў плян забойства вялікай колькасьці людзей і пачаў яго рэалізоўваць.
Пракурор згадвае, што Казакевіч праглядаў у інтэрэнце артыкулы пра масавыя забойствы, у тым ліку бэнзапілой. Набыў пілу, кувалду, адмысловы касьцюм, каб самому не пацярпець ад пілы. «Жаданьне прычыніць асаблівыя пакуты ахвярам», — так ацаніў пракурор дзеяньні Казакевіча за дзень да злачынства, 7 кастрычніка, ва ўнівэрсытэце, калі ён выпадкова зачапіў пілу, тая заглухла, і ён ня змог зноў запусьціць яе.
Пракурор апісвае злачынства
На наступны дзень Казакевіч выпіў спіртнога, пайшоў да ГЦ «Эўропа», завёў бэнзапілу і зайшоў у гандлёвы цэнтар. Накіраваўся да найбліжэйшых жанчын — Александронец і Разянковай. Спачатку паспрабаваў зачапіць пілой Разянкову, але тая ўцякла, і тады ён ударыў Александронец, якая ад ранаў памерла на месцы.
Пасьля гэтага Казакевіч, паводле абвінавачаньня, напаў на іншую пацярпелую, Вітвер, зачапіў яе руку. Яму перашкодзілі, ён пабег і ўдарыў кувалдай пацярпелую Баешка. Пасьля гэтага падсуднага затрымалі наведнікі ГЦ «Эўропа» і супрацоўнікі цэнтру.
Пракурор апісаў траўмы, атрыманыя загінулай. У тым ліку «поўнае перасячэньне хрыбетніка».
Таксама падчас інцыдэнту падсудны разьбіў кувалдай вітрыну адной з фірмаў, чым нанёс ёй шкоду на 1,7 тысячы рублёў.
Падсудны прызнаў віну
Улад Казакевіч заявіў, што разумее абвінавачаньне і прызнае віну цалкам.
У судзе абвешчаны кароткачасовы перапынак.
Муж забітай: Я не пабачыў у вачах падсуднага раскаяньня
Аляксандар Александронец у перапынку сказаў Свабодзе, што падчас працэсу ня ўбачыў у вачах падсуднага раскаяньня. Ён шкадуе, што той можа атрымаць за гэтае жудаснае злачынства максімум 15 гадоў зьняволеньня, бо непаўнагадовы. Лічыць, што сямʼя падсуднага таксама вінаватая ў тым, што здарылася. Аляксандар Александронец заявіў пазоў на 45 тысяч рублёў, зь якіх яму ўжо перадалі 4 тысячы.
Дапытаюць больш за 20 сьведак
Пракурор зачытаў сьпіс сьведак, якіх прапануе дапытаць. У сьпісе больш за 20 чалавек, у тым ліку Валянцін Казакевіч (бацька падсуднага). Прычым гэта ня ўсе сьведкі, якія фігуруць у справе. Пракурор прапанаваў абмежавацца заяўленымі сьведкамі, а пасьля іх допыту вырашыць, ці варта яшчэ каго дапытваць. Пацярпелыя і падсудны з гэтым пагадзіліся. Спачатку будзе дапытаны Ўладзіслаў Казакевіч.
Падсудны Казакевіч: «Вырашыў, што выдатная ідэя — папілаваць людзей бэнзапілой»
Падсудны Казакевіч падняўся для дачы паказаньняў. Згодны даваць паказаньні, пры гэтым склаў рукі на грудзях — поза закрытасьці. Ён сказаў, што жаданьне забіць як мага больш аднакурсьнікаў узьнікла ў паліклініцы.
«Вырашыў, што гэта выдатная ідэя — папілаваць людзей бэнзапілой. Спачатку думаў пасячы, потым — папілаваць. На наступны дзень пайшоў у краму і набыў бэнзапілу, сякеру. Назаўтра — іншыя прылады. 6 кастрычніка правёў выпрабаваньні бэнзапілы на Цнянскім вадасховішчы, папілаваў галіны і вярнуўся дамоў. Тады быў цьвярозы. 7-га выклікаў таксі, заняткі пачыналіся а 13-й гадзіне, перад аўдыторыяй зьбіраўся ўвесь курс. Прыйшоў, пераапрануўся ў прыбіральні, але калі выходзіў, бэнзапіла ўдарылася ў дзьвярны праём і заглухла. Спрабаваў завесьці, але не атрымалася, і я сышоў. Неўзабаве знайшоў, чаму не заводзілася, і завёў, але тады ўжо лекцыя закончылася. На наступны дзень праспаў заняткі і таму вырашыў ісьці ў гандлёвы цэнтар. Прыйшоў зь пілой уключанай».
Падсудны вярнуўся да падзеяў напярэдадні, сказаў, што ў пятніцу выклікаў прастытутку, хацеў забіць. (Незразумела, чым гэта закончылася).
Пачаў хутка распавядаць пра тое, як забіў Александровец. Некалькі слоў пра тое, што трапіў па шыі і галаве. Аразу перайшоў пра іншую ахвяру. Потым, пачаў аб прыбіральшчыцы. «Хацеў прыбіральшчыцу забіць, але, на жаль, прамахнуўся». У зале — голас абурэньня: «На жаль?.. »
Казакевіч сказаў, што былі пляны ўзяць закладніка, але наведнікі не далі. Яшчэ думаў распыліць пярцовы газ, меў з сабой балёнчык.
«Пастаяў, шукаў ахвяраў». Вырашыў пачаць, паглядзець, што адбываецца. Убачыў, як на яго бяжыць натоўп людзей са сьметніцамі ды іншым. Паспрабаваў некага ўдарыць, але не атрымалася, сам уцёк. Выбег з гандлёвага цэнтру, думаў, што забʼюць. Нейкі хлопец на яго накінуўся, і яго скруцілі.
Падсудны дакладна не плянаваў забойства
Пракурор: А чаму тады вырашылі пачаць з аднакурсьнікаў? Яны ж ня людзі іншай веры, як вы кажаце?
Падсудны: Трэба было з кагосьці пачынаць, да таго ж гэтае месца я ведаю. Дакладна не плянаваў, проста думаў пачаць забіваць тых, хто быў у канцы аўдыторыі, дзе пляцоўка, а там як атрымаецца.
Пра аднакурсьнікаў сказаў, што ня ставіўся да кагосьці зь іх варожа, але ні з кім і не сябраваў.
Пра выбар ГЦ «Эўропа» — бо недалёка ад дома, 15 хвілінаў хады , і што ён там быў раней. Тое, што выпіў напярэдадні алькаголю, патлумачыў: каб не хвалявацца. «Вось як было напярэдадні, калі піла адключылася і я ня змог яе запусьціць, а аказалася, што была дробязь...» Сказаў, што раней не ўжываў алькаголю, не падабаўся смак. Гарэлку ўзяў дома ў шафе, маці яе выкарыстоўвала ў гаспадарчых мэтах, бутэлька стаяла больш за 2 гады, была напалову поўнай. «У доме было адмоўнае стаўленьне да алькаголю».
Падсудны запомніў ахвяру
Падсудны сказаў, што добра памятае ахвяру, а астатніх пацярпелых — ня вельмі. Ад алькаголю, сказаў, яму стала горш, ногі сталі ватныя. Але пакуль дайшоў да «Эўропы», працьверазеў. Ад моманту, як выпіў, да моманту, як пачаў дзейнічаць у «Эўропе», прайшло 1,5 гадзіны. Калі забіваў, каб ня чуць гуку бэнзапілы, надзеў навушнікі.
Біў тых, хто трапіў пад руку
Пракурор: Чаму сярод вашых ахвяр усе жанчыны? Вы выбіралі ахвяр паводле полу?
Падсудны: Не, проста там вакол былі жанчыны, хто патрапіў.
У падсуднага было з сабой 3 балёны зь пярцовым газам, зь іх адзін аэразольны. «Плянаваў, але ніводны не выкарыстаў».