У падсуднага было 2 спробы суіцыду
Пракурор: Чаму вы вырашылі забіваць, а не працягваць далей вучыцца?
Падсудны: Калі б можна было забіць і гуляць далей, я б не забіваў, а так вырашыў забіць і панесьці за гэта адказнасьць.
Казакевіч сказаў, што яшчэ ў 2014 годзе ў яго былі 2 спробы суіцыду.
— З-за чаго гэта было?
— Ня памятаю. Памятаю, што спрабаваў атруціцца газам у гаражы бацькі. Закрыў памяшканьне, спачатку распаліў агонь і затушыў вуглі, дыхаў. "Карацей, мяне знайшлі. Маці знайшла. Дрэнна памятаю.
Падсудны згадаў, што пасьля спробы суіцыду яго адпраўлялі ў Навінкі, дзе лячыўся. Выпусьцілі праз 10 дзён. Паставілі на ўлік у псыхіятрычным дыспансэры. Больш за год быў на ўліку. У пачатку 2016 году напісаў заяву і яго зьнялі з уліку.
Пра адносінамі з бацькамі
Падсудны адказвае на пытаньне пракурора:
«Былі добрыя адносіны. Больш кантактаваў з маці. Да 2014 году, калі маці зьехала ў Нямеччыну, жыў зь ёй. Бацькі ў разводзе. Калі жыў асобна, прыходзіў да бацькі, дапамагаў яму. Часьцей за ўсё заходзіў да бацькі, калі бегаў каля Цнянскага вадасховішча».
Грошы на жыцьцё яму даваў у асноўным бацька, але і маці таксама. Сказаў, што іншых крыніц даходаў не было.
Былі «праблемы са зьнешнасьцю»
Пра хобі Ўлад Казакевіч сказаў, што яму падабалася бегаць. Паступіў ва ўнівэрсытэт на міжнароднае права, але думаў і пра другую вышэйшую адукацыю. Сказаў, што прапускаў заняткі ва ўнівэрсытэце, бо ў яго былі «праблемы са зьнешнасьцю», сып на твары, якога ён саромеўся. Таксама падсудны паведаміў, што меркаваў забіць як мага больш людзей, каб загінуць падчас затрыманьня.
Дзяцей забіваць не хацеў
Адвакат: «З „Эўропы“ выходзілі дзеці, ці былі ў вас пляны забіваць дзяцей?»
Улад Казакевіч: «Не. Толькі дарослых». Хлопец прызнаў, што не задумваўся аб прычынах свайго жаданьня забіваць людзей, што падчас сваіх дзеяньняў нічога не адчуваў і што не шкадуе, што загінула жанчына і пацярпелі іншыя людзі.
Зь ліпеня 2015 году да 5 кастрычніка Казакевіч ужываў прэпарат ад прышчоў на твары «Роакутан». Ён сказаў, што доктар папярэджваў яго, што гэты сродак мае пабочнае дзеяньне — суіцыдальныя думкі.
Чаму абраў бэнзапілу
Адказваючы на пытаньне пра выбар зброі, Казакевіч сказаў, што нож, сякера, малаток як зброя яму здаліся «недастаткова эфэктыўнымі», таму выбраў бэнзапілу. Але прызнаўся, што «лепш была б агнястрэльная зброя».
Перапынак да 14:00.
Падсудны не шкадуе ні пра што, — пацярпелая Вітвер
Пацярпелая Аксана Вітвер пракамэнтавала Свабодзе тое, што падсудны Казакевіч, паводле яго слоў, не шкадуе пра забойства і тое, што нанёс траўмы людзям:
«Гэта мяне найбольш узрушыла, што ён і цяпер ні пра што не шкадуе. У мяне самой такі ж 18-гадовы сын, як ён, і мне цяжка ўявіць, што малады чалавек можа гэтак ставіцца да людзей. Пры гэтым па-хрысьціянску мне яго шкада, гэтага хлопчыка, а ён жа яшчэ хлопчык. Што зь ім адбылося, у ягонай сямʼі, гэта зусім незразумела».
Аксана Вітвер усе 4 месяцы пасьля здарэньня працягвае лячыцца, яна дагэтуль не працуе, у яе была перарэзаная нэрва на правай руцэ, пальцы рукі дагэтуль дрэнна згінаюцца.
Падсудны кажа, што хоча яшчэ забіваць
Працэс аднавіўся. Пацярпелы Аляксандар Александронец спытаў у пасуднага Казакевіча, ці не ўзьнікала ў яго пасьля забойства, калі ён ужо быў пад вартай, яшчэ жаданьне забіваць людзей. Той адказаў: «Узьнікала. І цяпер ёсьць».
Пра пазовы пацярпелых Казакевіч сказаў, што падставы для іх ёсьць, але памеры завялікія.
— А колькі дастаткова? — спытаўся судзьдзя.
— За пахаваньне заплацілі, і хопіць.
Суд пачаў дапытваць пацярпелых
Першым дапытваюць Аляксандра Александронца, мужа загінулай Алены Александронец. На яго думку, падсудны заслугоўвае «самага суворага пакараньня».
«Маю досьвед працы з падобнымі маладымі людзьмі і лічу, што наўрад ці ён выправіцца. Думкі ў яго пэўныя, пляны таксама».
Пацярпелы заявіў пазоў да падсуднага на 45 тысяч рублёў з вылічэньнем выдаткаў на пахаваньне.
Суд пачаў дапытваць пацярпелых
Першым дапытваюць Аляксандра Александронца, мужа загінулай Алены Александронец. На яго думку, падсудны заслугоўвае «самага суворага пакараньня».
«Маю досьвед працы з падобнымі маладымі людзьмі і лічу, што наўрад ці ён выправіцца. Думкі ў яго пэўныя, пляны таксама».
Пацярпелы заявіў пазоў да падсуднага на 45 тысяч рублёў з вылічэньнем выдаткаў на пахаваньне.
У судзе будуць разглядаць псыхічны стан падсуднага
Судзьдзя заявіў, што пытаньне аб псыхічным здароўі падсуднага яшчэ будзе разглядацца. Гэта ён сказаў пасьля таго, як адна з пацярпелых адмовілася задаваць пытаньні падсуднаму, сказаўшы: «А што ў яго пытаць, гэта ж варʼят».
Пэрсанал піцэрыі разьбегся, не зачыніўшы дзьверы ад нападніка
Пацярпелая Аксана Вітвер расказала пра тое, як у ГЦ «Эўропа» на яе напаў падсудны Казакевіч.
«Сядзела ў піцэрыі, раптам убачыла чалавека ў незвычайным строі і пачула жудасны гук бэнзапілы. Туды пабеглі людзі, назад не вярнуліся». Але пацярпелая яшчэ не адчувала небясьпекі.
Раптам убачыла праз шкло чалавека ў масцы на твары: «чудзік» нейкі, як пэрсанаж нейкага фільму«. Той зайшоў з калідора ў піцэрыю. Чула, як афіцыянты сказалі: «Ой, ён зайшоў, хаваемся».
(То бок пэрсанал ужо ведаў пра гэтага чалавека, але замест таго, каб закрыць піцэрыю і абвясьціць трывогу, схаваліся толькі самі. — А.Г.).
Тут гэты «чудзік» аказаўся побач, і яна ўбачыла, што ён ужо замахваецца, каб ударыць нечым па стале. Той ударыў і трапіў у яе «нечым вельмі цьвёрдым». Потым яшчэ ўдар — у плячо. Яна пасьпела адскочыць і ўбачыла, што ў «гэтай істоты» ў руках сякера. Яна пасьпела прыкрыцца вешалкай зь нечым паліто. «Я разумела, што плячо ў мяне ўсё разьбіта, падумала, што зараз памру». Яна схапіла вешалку і пачала ёй махаць, каб адагнаць нападніка. Той пайшоў.
Калі ўсё скончылася і яна выходзіла з ГЦ «Эўропа», бачыла на падлозе цела жанчыны, закрытае плашчом. «Побач было вельмі шмат крыві».
Падсудны кажа, што працягне забіваць, калі выйдзе на волю
Выступае пацярпелая Ганна Разянкова. Гэта на яе першую напаў падсудны. Уключаная бэнзапіла прайшла над яе галавой «прыкладна ў 40–50 сантымэтрах». Яна была разам з Аленай Александронец, калі падсудны Казакевіч наблізіўся да іх зь пілой.
«Я магла быць першай ахвярай. Атрымалася, што дзяўчына, якая загінула, мяне выратавала тым, што першая пабегла, а ён яе дагнаў і забіў».
Ганна не пацярпела фізычна, але кажа, што атрымала псыхічную траўму, у яе нэрвовы зрыў, расстройства псыхічнага стану.
Пацярпелая папрасіла ад суду максымальна жорсткага пакараньня для Казакевіча, калі яго прызнаюць вінаватым.
Ганна задала зноў пытаньне Казакевічу, ці працягне ён забіваць, калі выйдзе на волю. Той адказаў: «Так».
«Вось бачыце, што тут казаць. Такі чалавек небясьпечны для грамадзтва», — сказала на гэта Ганна Разянкова.
Сястра загінулай заявіла пазоў на 45 тысяч
Сястра загінулай Натальля Ашнар сказала, што Алена была для яе ня толькі сястрой, але і найлепшым сябрам, вельмі дарагім чалавекам, і для яе немагчыма ўявіць, што той больш няма. Натальля заявіла пазоў у 45 тысяч з вылічэньнем адной тысячы, якую атрымала ад сваякоў падсуднага на пахаваньне сястры.
Дачка забітай просіць пакараць Казакевіча па максымуме
Дачка загінулай Алеся Алексанронец праз сурдаперакладчыка папрасіла пакараць Казакевіча па максымуме і заявіла пазоў на 75 тысяч рублёў. Ёй сваякі падсуднага ніякіх грошай не перадавалі.
Перапынак да заўтра.