Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамнічная пара або як палепшыць імунітэт напярэдадні вясны


Зіма падыходзіць да канца, і неўзабаве пачнуцца такія доўгачаканыя веснавыя дні. У рэлігійным і народным календары гэты падзел азначаецца сьвятам Стрэчаньне або Грамніцы — паводле каталіцкага календара 2-га, а ў праваслаўных — 15-га лютага.

І менавіта ў гэты дні трэба задумацца аб здароўі, бо падчас цяжкай і вымотваючай беларускай зімы зь недахопам сьвятла, з маразамі, частымі зьменамі надвор’я, калі пасьля моцных маразоў наступаюць вільготныя адлігі, сур’ёзным выпрабаваньням падвяргаецца наша імунная сыстэма. А тым часам, яна паклікана абараняць арганізм чалавека ад узьдзеяньня хваробатворных мікраарганізмаў і забясьпечвае нармальнае самаадчуваньне.

Дарэчы думка пра важнасьць клопату пра здароўе напрыканцы зімы выказана ў фальклёры, напрыклад, у Брагінскім раёне сьпяваюць:

«Зіма зь летам устрачаецца,
Да пра здароўечка пытаецца,
Як ты зіму перазімавала,
Ці здаровая на весну вышла?»

(З кнігі Т.Валодзінай і Т.Кухаронак «Ядраное жыта гаспадара кліча...». Менск. 2015. С.94)

Для падтрыманьня імунітэту ў цяжкі час заканчэньня зімы трэба прытрымлівацца пэўнай дыеты, якая ўключае ў сябе абавязковыя рэчывы, што садзейнічаюць мабілізацыі абаронных сілаў арганізму. Па-першае, гэта арэхі (напрыклад, грэцкія, фундук і любыя іншыя) — ня менш чым 100 грамаў на дзень. Па-другое, сьвежыя садавіна і гародніна; тут трэба браць усё, што можаце набыць, напрыклад, яблыкі, моркву, мандарыны, хурму, у колькасьці ня меней за 400 грамаў на дзень. Па-трэцяе, зерневыя прадукты — грэчка, аўсянка, рыс, гарох і іншыя крупы, а таксама цэльназерневы хлеб. З крупаў трэба гатаваць як мага больш, замяняючы імі лёгка засваяльныя вугляводы накшталт макаронаў ці бульбы. Па-чацьвёртае, марская капуста і рыбныя кансэрвы — ня менш за 300 грамаў у дзень. Таксама пажадана замяняць пры гатаваньні страў жывёльны тлушч на расьлінны (сланечнікавы або аліўкавы алей).

Менавіта гэтыя прадукты, узятыя разам, маюць неабходны комплекс вітамінаў і мікраэлемэнтаў, якія ўзьдзейнічаюць на так званы неспэцыфічны імунітэт, а іх рэгулярнае ўжываньне зьяўляецца фактарам зьніжэньня рызыкі ўскладненьняў вострых расьпіраторных інфэкцыйных хвароб і непрыхільнага цячэньня хвароб хранічных. Таму мы вельмі раім — паколькі напярэдадні вясны цяпер самы час падрыхтавацца да новага сэзону — перагледзьце свой рацыён і ўключыце ў яго прадукты, якія спрыяюць падтрымцы неспэцыфічнага імунітэту!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG