Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі пачаўся першы ў Беларусі суд супраць падатку на дармаедзтва


«Дармаед» супраць дзяржавы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00

14 лютага ў Цэнтральным судзе Гомеля пачаўся разгляд першай у гісторыі Беларусі грамадзянскай справы наконт прызнаньня неправамерным патрабаваньня дзяржавы выплаціць так званы «падатак на дармаедзтва». Беспрацоўны гамяльчук Аляксандар Сямёнаў зьвярнуўся ў суд з пазовам да падатковай інспэкцыі, якая патрабуе ад яго сплаціць 360 рублёў.

Заля ў судзе Цэнтральнага раёну не зьмясьціла ўсіх ахвотных. Падтрымаць Аляксандра Сямёнава прыйшлі больш за паўсотні чалавек з абласнога цэнтру, прыехалі людзі з Калінкавічаў, Менску, у тым ліку й экс-кандыдатка на прэзыдэнта, лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Тацяна Караткевіч.

Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць Аляксандра Сямёнава, лідэр кампаніі "Гавары праўду!" Тацяна Караткевіч (у цэнтры)
Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць Аляксандра Сямёнава, лідэр кампаніі "Гавары праўду!" Тацяна Караткевіч (у цэнтры)

Судзьдзя Віталь Маразюк распарадзіўся прапусьціць найперш у залю прадстаўнікоў абодвух бакоў, а таксама журналістаў. І толькі пасьля гэтага на судовае паседжаньне трапілі дзясяткі два гараджанаў, сярод якіх было нямала й так званых «дармаедаў» — тых, хто, як і Сямёнаў, атрымаў «лісты шчасьця». Яшчэ некалькі дзясяткаў праціўнікаў «дармаедзкага» падатку засталіся ў вэстыбюлі пад дзьвярыма суду.

Аляксандар Сямёнаў як сябра Незалежнага прафсаюзу РЭП заявіў хадайніцтва, каб ягоным прадстаўніком у судзе быў рэгіянальны прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. Хадайніцтва было задаволена. Разам са сваім прадстаўніком Сямёнаў заявіў паўдзясятка іншых хадайніцтваў, у тым ліку й патрабаваньне далучыць да матэрыялаў справы ягоныя квіткі на сплату зямельнага падатку, дарожнага збору, паслуг сувязі мабільных апэратараў Velсom і МТС, у якія ўключаны і падатак на дабаўленую вартасьць. Было заяўлена хадайніцтва, каб інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах па Цэнтральным раёне Гомеля дала пісьмовыя тлумачэньні, якім чынам будзе залічвацца ў сацыяльны стаж той час, цягам якога беспрацоўны плаціць «падатак на дармаедзтва».

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Сам пазоўнік і ягоны прадстаўнік падтрымалі патрабаваньні, выкладзеныя ў пазове: прызнаць у судовым парадку Аляксандра Сямёнава грамадзянінам, які і без «падатку на дармаедзтва» ўдзельнічае ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў; абавязаць падатковую інспэкцыю Цэнтральнага раёну выключыць яго з базы зьвестак «дармаедаў»; а таксама прасіць суд узьняць пытаньне наконт прызнаньня дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» неканстытуцыйным.

Загадчыца юрыдычнага сэктару падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну Натальля Яркова не прызнала пазоў.

«Скарга не абгрунтаваная і ня можа быць задаволена», — сказала Яркова. — Супрацоўнікі інспэкцыі накіравалі грамадзяніну Сямёнаву паведамленьне аб сплаце збору на падставе Падатковага кодэксу і дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Пастановай Саўміну № 904 ад 28 кастрычніка 2016 году зацьверджана Палажэньне аб узаемадзеяньні дзяржаўных органаў з мэтай рэалізацыі дэкрэту № 3. Паводле пункту 3 гэтага Палажэньня Міністэрства па падатках і зборах займаецца фармаваньнем і вядзеньнем інфармацыйнай базы платнікаў на фінансаваньне дзяржаўных расходаў. У гэтую базу і трапіла інфармацыя, што Аляксандар Сямёнаў ня ўдзельнічаў у 2015 годзе ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў больш як 183 дні. Ён і сам гэтага факту не адмаўляе. Пункт 3.2 дэкрэту выразна вызначае, што на памер збору ўплываюць падаходны падатак зь фізычных асобаў, адзіны і спрошчаны падаткі з прадпрымальнікаў — яны прызнаюцца ўдзельнікамі фінансаваньня дзяржаўных расходаў. Сямёнаў такіх падаткаў ня сплачваў».

Заля зашумела. Судзьдзя заклікаў да парадку і папярэдзіў, што выкліча службу аховы.

У залі суду
У залі суду

Тым часам Леанід Судаленка як прадстаўнік Аляксандра Сямёнава зачытаў вытрымку з дэкрэту № 3, дзе ў прэамбуле напісана, што ўдзельнікамі фінансаваньня дзяржаўных расходаў зьяўляюцца грамадзяне, які плацяць падаткі, пошліны ды іншыя плацяжы.

Адсюль і пытаньне: «Чаму падатковая інспэкцыя выбарачна ставіцца да выкананьня дэкрэту? Мой давернік сплаціў падатак на зямлю, транспартны збор, падатак на дабаўленую вартасьць праз паслугі сувязі, але ён не прызнаны ўдзельнікам фінансаваньня дзяржаўных расходаў, а залічаны ў «дармаеды».

«Я ня маю права камэнтаваць прэамбулу», — адказала Яркова.

«А права прымяняць больш жорсткую частку дэкрэту, якая вам больш зручная, вы маеце?»

«Вы задавайце пытаньне, а выкладаць сваю пазыцыю будзеце пазьней», — сказаў судзьдзя.

«Дык мы й спрабуем пераканаць суд, што дэкрэт № 3 зь ягоным экзатычным „падаткам на дармаедзтва“ не вытрымлівае ніякай крытыкі», — сказаў прафсаюзны інспэктар Судаленка, прадстаўнік Аляксандра Сямёнава ў судзе.

Начальнік аддзелу падаткаабкладаньня фізычных асобаў Гомельскай абласной падатковай інспэкцыі Алена Зубарава патлумачыла суду, што база зьвестак аб платніках збору за «дармаедзтва» сфармаваная на падставе пашпартных зьвестак МУС, за выключэньнем малалетніх беларусаў ды іншых катэгорый грамадзян, якія вызваленыя ад сплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных расходаў. Такіх на Гомельшчыне набралася звыш 10 тысяч. Зьвесткі для інфармацыйнай базы ў Міністэрства па падатках і зборах падаюць іншыя зацікаўленыя ведамствы.

Выслухаўшы пазыцыі бакоў, судзьдзя Маразюк прызначыў наступнае паседжаньне па скарзе Аляксандра Сямёнава на 21 лютага.

«Я вельмі ўдзячны за салідарнасьць, якую праявілі звычайныя людзі. „Дармаедзкі“ падатак ускалыхнуў грамадзтва», — кажа спадар Сямёнаў, першы ў Беларусі беспрацоўны, які праз суд аспрэчвае правамернасьць падатку на дармаедзтва.

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка перакананы, што дэкрэт № 3 ударыў па адной з самых абяздоленых частак грамадзтва — беспрацоўных. Іх шмат у Гомелі, але яшчэ больш у малых беларускіх гарадах, дзе скарачаецца вытворчасьць і даўно бракуе працоўных месцаў.

У кнігу заўваг і прапаноў Цэнтральнага суду Гомеля ўнесены запіс аб тым, што суд не паспрыяў таму, каб прадставіць залю, у якой маглі б зьмясьціцца ўсе ахвотныя падтрымаць Аляксандра Сямёнава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG