Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 думак Сярэдзіча пасьля сустрэчы з Лукашэнкам


Ёсіф Сярэдзіч, архіўнае фота
Ёсіф Сярэдзіч, архіўнае фота

Пасьля дзьвюхгадзіннай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч выказаўся на старонках сваёй газэты пра сустрэчу «з вока на вока»

Сярэдзіч мяркуе, што беларусам «трэба разам знайсьці шляхі выхаду зь цяжкай сытуацыі, што склалася ў апошнія месяцы», бо «іншай альтэрнатывы няма». І ён піша, што размова з Лукашэнкам «выйшла на канкрэтныя варыянты магчымага агульнанацыянальнага дыялёгу».

Свабода прыводзіць пяць цытатаў з артыкулу Сярэдзіча:

Лукашэнка ў пакутных пошуках

«Як салідарызавацца і разам пераадолець тыя перашкоды, якія ўзьніклі на шляху разьвіцьця сувэрэннай Беларусі? Адказ на гэтае лёсавызначальнае пытаньне я і шукаў у дыялёгу з прэзыдэнтам А.Р.Лукашэнкам. Пераканаўся: у такіх жа пакутных пошуках і Аляксандар Рыгоравіч».

Лукашэнка хоча перадаць краіну мірна

«Адчуваецца, ён [Лукашэнка] хоча перадаць краіну ў іншыя рукі не разваленую, не са зьнішчанай эканомікай і жабрацкім дабрабытам людзей, а жыцьцядзейную, спакойную, сувэрэнную. Мірна, дэмакратычна, цывілізавана, а не праз барыкады і закалоты».

Патрэбен круглы стол

«Я, не паглыбляючыся ў дэталі, накідаў схему наконт таго, як, на мой погляд, можна арганізаваць работу „Нацыянальнага круглага стала“. (...) І я прапанаваў Аляксандру Рыгоравічу паспрыяць таму, каб самыя разумныя галовы Беларусі — няхай іх будзе сто, дзьвесьце — селі разам з прадстаўнікамі ўлады за адзін круглы ці квадратны стол і памазгавалі над праблемай».

Лукашэнка хоча перагледзець Канстытуцыю

«Я выказаў думку, што „вэртыкаль“ як форма кіраваньня дзяржавай патрабуе карэннага рэфармаваньня. У сваю чаргу Аляксандр Рыгоравіч зьвярнуў увагу на тое, што наступіў час перагляду некаторых артыкулаў Канстытуцыі».

Было карысна і Сярэдзічу, і Лукашэнку

«Я пішу гэтыя радкі, а праз кожныя пяць-шэсьць хвілін раздаецца тэлефонны званок, і мне задаюць адно і тое ж пытаньне: „Як вы ацэньваеце сустрэчу з прэзыдэнтам?“ Адказ такі: „Ужо тое, што яна доўжылася амаль дзьве гадзіны, дае падставы зрабіць наступную выснову: яна была карыснай для двух бакоў — і для мяне, і для прэзыдэнта“».

***

Раней у інтэрвію Свабодзе Сярэдзіч падрабязна распавядаў пра сустрэчу і свой погляд на як вынікі. Ён казаў, што Лукашэнка «добра разумее, што ён ня вечны на гэтай зямлі». Апазыцыя адрэагавала на ідэю круглага стала: палітыкі ня супраць, але «каб толькі нацыянальны дыялёг ня стаў маналёгам». Палітоляг Аляксандар Класкоўскі ж выказаў думку, што «ўлады і апазыцыя павінны дыскутаваць у парлямэнце».

Таксама ў час сустрэчы зь Сярэдзічам Лукашэнка паабяцаў вярнуць незалежныя газэты ў «Белсаюздрук» і ў сыстэму падпіскі. Але некаторым выданьням няма чаго вяртаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG