Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустракаецца з галоўным рэдактарам «Народнай волі» Сярэдзічам

абноўлена

Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч.
Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч.

Аляксандар Лукашэнка ў Палацы Незалежнасьці праводзіць сустрэчу з галоўным рэдактарам газэты «Народная воля» Ёсіфам Сярэдзічам.

Галоўны рэдактар «Народнай волі» папрасіў Лукашэнку пра асабістую сустрэчу падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам», якая прайшла ў Менску 3 лютага.

Як паведамляе БелТА, Лукашэнка разьлічвае на наступнае абʼектыўнае асьвятленьне вынікаў размовы. Ёсіф Сярэдзіч у сваю чаргу падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасьць сустрэцца.

Раней у інтэрвію «Свабодзе» Ёсіф Сярэдзіч казаў пра тое, што ён думае, што «Аляксандар Рыгоравіч добра разумее, што ён ня вечны на гэтай зямлі. Што пройдзе яшчэ некалькі гадоў і трэба будзе разьвітвацца і з уладай, і, не дай Бог, можа, і з жыцьцём. Пасьля 60 ідуць 70, 80 гадоў. А ў нас у Беларусі сярэдні ўзрост не дасягае 90 гадоў. Таму мне здаецца, гэты вопыт жыцьця дае яму падставу і магчымасьць сёньня зьвяртацца да ўсёй грамады, да ўсёй нацыі ўжо з другога пункту гледжаньня. І прыклад нашай сустрэчы выклікае станоўчыя спадзяваньні, што Аляксандар Рыгоравіч думае ня толькі пра сябе, а ён думае пра краіну, думае пра нацыю, думае пра тое, як застануцца пасьля яго яго дзеці, мае дзеці, унукі. Мяне ў прынцыпе нейкім чынам нават радуе. Так і павінен дзяржаўны, высокапастаўлены, самы галоўны чыноўнік-прэзыдэнт і думаць пра будучыню сваю і нашу агульную».

***
Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з галоўным рэдактарам газэты «Народная воля» Ёсіфам Сярэдзічам на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што гатовы размаўляць з прадстаўнікамі недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, нягледзячы на тое, што яны «фальсыфікуюць факты». Паводле слоў Лукашэнкі, якія цытуе агентва БелаПАН, у яго «закіпаюць жылы», калі ён чытае ў «Народнай волі» праблемныя матэрыялы, а потым па яго даручэньні гэтыя факты правяраюцца і аказваюцца недакладнымі. «Ну навошта ты фальсыфікуеш факты, ставіш нейкіх выдуманых людзей? У гэтай вёсцы і гэтым горадзе няма такіх прозьвішчаў. У мяне вось гэтая часам прэтэнзія», — сказаў ён.

Лукашэнка запэўніў, што гатовы размаўляць з журналістамі, найперш «Народнай волі» і асабіста зь Сярэдзічам, таму што яны калісьці абодва «нікім былі». «Я памятаю, мы з табой цэлы разварот пісалі, — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Сярэдзіча. — І калі ён пайшоў у апазыцыю, я ня мог ніяк зразумець. Думаю, за грошы? Не. Ці, напэўна, ён хацеў вось гэтай свабоды — стварыць сваю газэту. Я памятаю гэтую парлямэнцкую газэту, калі, ну сапраўды, аддушына».

Сярэдзіч у адказ заявіў, што на гэтым у яго адносінах з Лукашэнкам трэба «кропку паставіць». «Не трэба папракаць, што мы, як ворагі краіны, сьпім і бачым, як напісаць артыкул, каб абліць нашу краіну брудам», — дадаў галоўны рэдактар недзяржаўнай «Народнай волі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG