Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш за 10% «дармаедаў» сплацілі збор. Засталося сем дзён


Кадар зь фільму «Званок» 
Кадар зь фільму «Званок» 

Хоць падаткавікі Беларусі накіравалі 470 тысяч апавяшчэньняў аб неабходнасьці сплаціць збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў, толькі 46 тысяч «дармаедаў» заплацілі грошы на канец мінулага тыдня.

Пра гэта ў эфіры АНТ распавёў прадстаўнік Міністэрства падаткаў і збораў Міхаіл Расолька.

У «дармаедаў» застаўся тыдзень: апошні тэрмін выплаты — 20 лютага. Расолька прызнае, што прагназаваць, колькі людзей сплоцяць падатак на «дармаедаў», праблематычна. У кожнай вобласьці, кажа ён, дайшло каля 300 зваротаў аб вызваленьні ад збору, яшчэ да тысячы зваротаў «даходзяць».

Падатак на «дармаедаў» прыносіць няшмат грошай у бюджэт. Паводле Расолькі, пакуль паступіла каля 14 млн рублёў.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая раней атрымала адказ ад намесьніка старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Валерыя Міцкевіча пра мэтазгоднасьць «падатку на дармаедаў». Той пісаў, скасоўваць збор няма падстаў, а што ён не прынёс шмат грошай, то і быў разьлічаны ня столькі на папаўненьне бюджэту, колькі на «скарачэньне ценявой эканомікі», «уцягненьне насельніцтва ў дазволеныя заканадаўствам віды дзейнасьці» і «вяртаньне да стваральнага жыцьця асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця».

У час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дэкрэтам пра «дармаедаў» абурылася невялікая частка беларусаў: «літаральна некалькі тысяч, але вельмі актыўных». Але пад пастом у сацсетцы «Одноклассники», дзе прапаноўвалася «ставіць „кляс“, калі абураны дэкрэтам пра дармаедаў», ужо больш за 150 тысяч «лайкаў».

Беларусы абураюцца ня толькі ў сацсетках: на 17 і 19 лютага, а таксама 15 сакавіка ў розных гарадах плянуюцца «маршы дармаедаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG