Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дрыфтэр з Плошчы Перамогі атрымаў такі жорсткі прысуд


Фота: Дзьмітры Важнік
Фота: Дзьмітры Важнік

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч

Цыганкоў: Суд Партызанскага раёну Менску 7 лютага прысудзіў тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму менчуку Кірылу Філіпчыку, як таго і прасіў пракурор. Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што а палове на другую ночы 29 лістапада 2016 году ён «у стане алькагольнага ап’яненьня», «з хуліганскіх памкненьняў» выехаў на тэрыторыю помніка на менскай плошчы Перамогі і «мэтанакіравана ўвёў аўтамабіль у занос», «праехаўшы на ім ня менш за тры кругі вакол сваёй восі (дрыфтаваў)». У гэтым суд угледзеў хуліганства (ч. 1 арт. 339 КК РБ) і зьдзек з асабліва каштоўнай матэрыяльна-культурнай каштоўнасьці (ч. 2 арт. 346 КК РБ).

Такое пакараньне большасьць людзей у сацыяльных сетках і ў СМІ ацанілі як неадэкватна цяжкае.

Такое пакараньне большасьць людзей у сацыяльных сетках і ў СМІ ацанілі як неадэкватна цяжкае. Але ёсьць даволі прыкметная статыстыка зь беларускіх судоў — мы маем 1 апраўданага на 540 падазраваных у злачынствах. У дэмакратычных краінах бывае каля 20–30% апраўдальных прысудаў. Кажуць, што ў Расеі пры цару апраўдальных прысудаў было таксама 20%.

Чаму ж беларуская дзяржава так садзіць народ? Гэта сьведчыць пра дзьве рэчы.

Першае — вага і ўсёмагутнасьць сілавых структураў у палітычнай сыстэме беларускай дзяржавы.

Паколькі сілавыя структуры ўспрымаюцца як аснова беларускай сыстэмы, адпаведна, так яны сябе і паводзяць. У іншых краінах ёсьць, па-першае, падзел уладаў, па-другое, пэўная раўнавага паміж палітыкай, бізнэсам і сілавікамі. У Беларусі сілавікі ў прынцыпе ўсёмагутныя, адсюль і іхнія паводзіны ў канкрэтных судовых справах. Любая справа, якая набывае грамадзкі рэзананс, часьцей за ўсё заканчваецца найбольш жорсткім пакараньнем, калі няма нейкіх асабістых адносін да таго, каго мякка пакаралі, альбо важнасьці для нейкіх высокіх чыноў, альбо пэўных карупцыйных сувязяў, і г.д.

У большасьці іншых краін гэтая справа ўспрымалася б як звычайнае хуліганства і не прывяла б ні да якай адказнасьці, у найгоршым выпадку — да адказнасьці адміністратыўнай.

Другое — тое, што беларускія законы досыць жорсткія. Калі ў большасьці іншых краін гэтая справа ўспрымалася б як звычайнае хуліганства і не прывяла б ні да якай адказнасьці, у найгоршым выпадку — да адказнасьці адміністратыўнай, — то тут рэальнае зьняволеньне. За бяскрыўдны, у прынцыпе, для грамадзтва хуліганскі ўчынак.

Жорсткасьць можна патлумачыць тым, што гэта адбылося на плошчы Перамогі, бо ўступілі ў сілу ня толькі судовыя меркаваньні, але і ідэалягічныя. Улада вельмі дбае пра сьвятасьць пэўных сымбаляў, клапоціцца пра тое, каб яны былі ў найвышэйшым сэнсе абароненыя і судом, і грамадзкай думкай. Калі б гэты дрыфтэр забаўляўся ў любым іншым месцы гораду, не зьвязаным з помнікам Перамогі, то гэта ня выклікала б такога суворага прысуду.

Глод: Я перакананы, што дрыфт на плошчы Перамогі, мякка кажучы, вельмі дзіўны ўчынак для беларуса, дарослага чалавека. Ну ня можа ён не разумець сэнсу, які нясе ў сабе гэты мэмарыял! Бо, і пра гэта ўсім вядома, гэта ж помнік воінам і партызанам, якія загінулі падчас Другой усясьветнай вайны, альбо Вялікай айчыннай, як яе па-ранейшаму называюць у Беларусі. Але, нягледзячы на гэта, мужчына за рулём свайго аўтамабіля заехаў на пляцоўку ля Вечнага агню.

Здаецца, пасьля спадар Філіпчык зразумеў, што ён зрабіў. Нават папрасіў прабачэньня перад беларусамі, найперш вэтэранамі. Казаў, што яму стала сорамна.

Канечне, учынак непрыгожы. Калі гэта ўсё адбылося спантанна, то навошта тады здымалі на відэа? Але ж, мабыць, тры гады пазбаўленьня волі — усё ж занадта. Можа, хапіла б нейкага ўмоўнага тэрміну, адпрацоўкі на «хіміі».

Я не кажу, што ў гэтай справе можна было выносіць апраўдальны прысуд. Але, на жаль, мы ня маем доступу да статыстыкі, якая б дакладна абазначыла зьмякчэньне прысуду параўнальна з тым, што просіць пракурор. Існуе толькі даступная афіцыйная статыстыка наконт апраўдальных прысудаў, якую ўжо агучыў Віталь Цыганкоў.

Беларускі суд апрыёры настроены на прызнаньне людзей вінаватымі.

Мне падаецца, беларускі суд апрыёры настроены на прызнаньне людзей вінаватымі. Судам цяжка выносіць станоўчае рашэньне, калі ў краіне пануе атмасфэра падазронасьці і страху. З самага верху ўвесь час нагнятаецца гістэрыя: ніхто ня хоча добрасумленна працаваць, кожны толькі глядзіць, як хутчэй ухапіць сабе дзяржаўныя сродкі. У краіне ніхто, акрамя яе кіраўніка, не клапоціцца пра парадак, пра дысцыпліну. Кожны чалавек у Беларусі апрыёры падазроны. І як тут судзьдзям ісьці насуперак гэтаму?

Да таго ж, як прызнаюцца ў прыватных размовах самі судзьдзі, апраўдальны прысуд у Беларусі — гэта скандал, прычына для сур’ёзнага разбору. Апраўданьне нявіннага чалавека перашкаджае кар’ернаму росту сьледчых і пракурораў, якія займаліся гэтай справай. Лічыцца, што прызнаньне невінаватасьці падсуднага — гэта нізкая кваліфікацыя юрыстаў.

І галоўнае — усё, пра што мы тут кажам, арганічна вынікае з прыроды беларускага рэжыму. Гэтая ўлада імкнецца да поўнага кантролю над грамадзтвам. А дзеля гэтага трэба ўжываць рэпрэсіўныя мэтады. У дэмакратычных дзяржавах дзейнічаюць інстытуты прафіляктыкі злачынстваў, ужываюцца менш жорсткія санкцыі да ўпершыню асуджаных за няцяжкія злачынствы. А такія захады, як штрафы, грамадзкія працы, умоўнае пакараньне, у Беларусі складаюць сярод пакараньняў нязначную долю.

Карбалевіч: Як адзначыў сп. Цыганкоў, беларускія суды амаль не выносяць апраўдальных прысудаў. Бо беларускі суд — гэта ня суд у звычайным сэнсе гэтага слова, то бок орган, якія выслухоўвае пракурора і адваката і шукае ісьціну. Беларускі суд — гэта частка сыстэма правасудзьдзя, якая мае цалкам карны кірунак.

Што тычыцца гэтага прысуду. Тут гаворка ідзе ня проста пра хуліганства. Гэта справа палітычная. Бо гаворка ідзе пра зьнявагу ідэалягічных сымбаляў. Плошча Перамогі з гледзішча афіцыйнага ідэалягічнага канструкту — гэта сьвятыня. Таму гаворка ідзе пра зьнявагу, абразу сьвятыні. За гэта ў Беларусі караюць жорстка.

Гэта справа палітычная. Бо гаворка ідзе пра зьнявагу ідэалягічных сымбаляў.

Як вядома, статусы сьвятыні мяняюцца са зьменай палітычных рэжымаў. Вось у савецкія часы сьвятыняй лічылася камуністычная сымболіка. А цяпер выкарыстаньне гэтай сымболікі ў суседніх краінах (Літве, Украіне) забаронена. У Беларусі быў сьвятыняй бел-чырвона-белы сьцяг. Але палітычны рэжым зьмяніўся, і кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў дэманстратыўна парваў гэты сьцяг на кавалкі.

Савецкія сымбалі дагэтуль у Беларусі афіцыйныя — калі паглядзець на помнікі ці на назвы вуліц. Вось спадар Цыганкоў кажа, што ў сацыяльных сетках вельмі крытычна ацанілі гэты прысуд. Але памяць пра перамогу над фашызмам — важная для абсалютнай большасьці беларускага грамадзтва. Таму і такі жорсткі прысуд.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG