У Ленінскім судзе Магілёва пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць праваабронцы Андрэя Бандарэнкі. Яго вінавацяць у злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы «Турма № 4». Калі яго прызнаюць вінаватым, то яму пагражае да двух гадоў зьняволеньня.
Пачалося папярэдняе слуханьне справы. Вядзе працэс Ірына Ланчава. Паводле яе, парушана працэдура прызначэньня адказных за вядзеньне сьледзтва, таму матэрыялы справы варта вярнуць пракуратуры. Дзяржаўны абвінаваўца выступіла супраць. Адвакат і сам Бандарэнка, які прысутнічае на пасяджэньні за кратамі на лаве падсудных, падтрымалі пазыцыю судзьдзі. Судзьдзя абвясьціла перапынак, каб вынесьці рашэньне.
Цяпер Бандарэнка ўтрымліваецца ў зьняволеньні ва ўмовах турэмнага рэжыму. 31 сакавіка сканчаецца тэрмін пакараньня паводле выраку Кастрычніцкага раённага суду Менску, які пакараў Бандарэнку 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней у выніку амністыі пакараньне было скарочанае на год.
У Магілёўскай турме № 4 Бандарэнка лічыцца злосным парушальнікам рэжыму і знаходзіцца на прафіляктычным уліку як здольны да гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў турмы і захопу закладнікаў. На заяву Бандарэнкі зь меркаваньняў уласнай бясьпекі ён утрымліваецца ў адзіночнай камэры. З выгляду моцна схуднелы.
На пачатку суду журналістам дазволілі сфатаграфаваць асуджанага. Судзьдзя на пасяджэньні не задаволіла хадайніцтва Бандарэнкі, каб на пасяджэньні вялася фота- і відэаздымка.
Судзьдзя пасьля перапынку накіравала справу на дапрацоўку. Калі будзе наступнае паседжаньне, невядома.