Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд заявіў, што беларускія вэтэрынары практыкуюць "сьляпы кантроль"


Рассельгаснагляд паведаміў, што ў студзені на мяжы спынены ўвоз зь Беларусі ў Расею больш як 40 партый малочнай і мясной прадукцыі беларускага паходжаньня.

Яна не адпавядала патрабаваньням ЭАЭС, перавозілася ў нездавальняючым санітарным стане, а таксама ў суправаджэньні дакумэнтаў, якія былі ня цалкам або няправільна запоўненыя.

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце расейскага ведамства.

Парушэньні выяўляліся найчасьцей у прадпрыемстваў зь Менскай, Віцебскай і Гомельскай абласьцей. Але і зь Берасьцейшчыны і Магілёўшчыны таксама.

Паводле Рассельгаснагляду, гэта сьведчыць пра "сыстэмныя недапрацоўкі" абласных вэтэрынарных службаў Беларусі. А таксама пра "практыку адгрузак у Расею прадукцыі без ажыцьцяўленьня фізычнага кантролю вэтэрынарным лекарам, так званага "сьляпога кантролю", калі вэтэрынарныя дакумэнты афармляюцца толькі на падставе прадстаўленых транспартных накладных або пасьведчаньняў якасьцяў, без агляду прадукцыі".

У прыклад Рассельгаснагляд прыводзіць нядаўняе спыненьне руху 15 транспартных сродкаў зь мясам птушкі і курынымі субпрадуктамі ААТ "Смалявічы бройлер" агульнай вагой каля 140 тон.

З 6 лютага Рассельгаснагляд ўвёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці Беларусі.

7 лютага Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што службовых асобаў Рассельгаснагляду падазраюць у дыскрэдытацыі дзелавой рэпутацыі беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер праводзіцца шэраг праверак па дзеяньнях, якія зьмяшчаюць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 249 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь ("Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта")".

У сваю чаргу, Рассельгаснагляд заявіў, што ня бачыць прычын для хваляваньня з нагоды заяў МУС Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка 3 лютага прапанаваў распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за перашкоды ў пастаўках беларускіх прадуктаў харчаваньня ў Расею.

У Рассельгаснаглядзе заявілі, што абмежаваньні паставак прадукцыі зь Беларусі ажыцьцяўляюцца ў рамках правілаў міжнароднага гандлю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG