Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзе вайна за грошы», — Раман Бясьсьмертны пра забойства баевіка Гіві


Раман Бясьсьмертны
Раман Бясьсьмертны

Сёньня а шостай раніцы ў Данецку быў забіты камандзір батальёну данецкіх сэпаратыстаў «Самалі» Міхаіл Талстых, вядомы пад мянушкай Гіві.

Паводле інфармацыі пракуратуры так званага «ДНР», баявік знаходзіўся ў сваім кабінэце, калі ў будынак выпусьцілі снарад з рэактыўнага агнямёту «Шмель». Сьмерць Гіві наступіла ў выніку выбуху. Улады самаабвешчанай «ДНР» абвінавацілі ў тэракце «ўкраінскія спэцслужбы, у прыватнасьці дывэрсыйна-выведныя групы».

Між тым вядома: максымальная прыцэльная далёкасьць стральбы з агнямёту «Шмель» — 200 мэтраў, і гэта пры ўмове выкарыстаньня дыяптрычнага прыцэлу. Гэта значыць, забойца мусіў падысьці да будынка вельмі блізка.

На мінулым тыдні, падчас цяжкіх баёў з украінскім войскам за Аўдзееўку, Талстых распаўсюдзіў інфармацыю пра сваё раненьне. Была непацьверджаная інфармацыя, што Гіві тады сам стрэліў сабе ў нагу, каб ня трапіць на перадавую.

— Калі супаставіць нядаўняе забойства першага кіраўніка так званай «ЛНР» Болатава ў Маскве, сьмерць Талстых ды іншых камандзіраў сэпаратыстаў, то абсалютна дакладна можна сказаць: гэта наступствы ўнутраных разборак, — сказаў у інтэрвію Свабодзе палітык, былы прадстаўнік Украіны на перамовах трохбаковай кантактнай групы Раман Бясьсьмертны.

Паводле Бясьсьмертнага, шэраг забойстваў зьвязаны з абмежаваньнем фінансавых плыняў, якія раней маштабна ішлі з Расеі.

— Узброеныя фармаваньні ня могуць падзяліць грошы, ідзе барацьба за патокі, вайна за наяўныя грошы, таму яны і страляюць адзін у аднаго. Ёсьць інфармацыя, што падчас баёў пад Аўдзееўкай на ўсход Украіны вярнуліся казацкія брыгады Казіцына ды іншых «атаманаў», якія насамрэч на траціну складаюцца з прафэсійных расейскіх афіцэраў. Значыць, унутраны канфлікт разгараецца з новай сілай, бо рэгіён падзелены на сфэры ўплыву паміж добраахвотнікамі, расейскім войскам і кіраўніцтвам непрызнаных рэспублік. Ліквідацыя Гіві — не апошняя. Цяпер ідзе паступовае разлажэньне «ДНР»: толькі на мінулым тыдні некалькі іхных байцоў перайшлі на ўкраінскі бок, — кажа экспэрт.

***

37-гадовы Міхаіл Талстых у 1998-2000 гадах праходзіў службу ва Ўзброеных сілах Украіны, атрымаў спэцыяльнасьць камандзер танка, да вайны працаваў у Ілавайску Данецкай вобласьці кіроўцам пагрузчыка на заводзе. З траўня 2014 году пачаў ваяваць на баку сэпаратыстаў. Прымаў удзел у Ілавайскім катле і баях у Данецкім аэрапорце. Узначальваў створанае ім падразьдзяленьне «Самалі». Адзначыўся асаблівай жорсткасьцю ў стаўленьні да палонных. У сеціве можна ўбачыць відэа, дзе Гіві прымусіў украінскіх афіцэраў зьесьці сарваныя зь іхнай жа формы шаўроны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG