Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрэматызм — на дзіцячыя пляцоўкі: у Віцебску папулярызуюць ідэі Малевіча


Творчасьць усясьветна вядомага аўтара «Чорнага квадрата» і ягоных аднадумцаў непасрэдна зьвязана зь Віцебскам: менавіта тут у 1920-я гады было створана мастацкае аб’яднаньня «УНОВИС» («Утвердители НОВого ИСкусства»). Мастакі-авангардысты спрабавалі знайсці адказ на выклікі часу, адмовіўшыся ад прыёмаў традыцыйнага жывапісу. А таксама спрабавалі пераасэнсаваць побыт чалавека з пункту гледжаньня філязофскіх падстаў свайго мастацтва: распрацоўвалі праекты архітэктурных аб’ектаў, мэблі ды іншых ужытковых прадметаў, афармлялі ў традыцыях «Новага мастацтва» друкаваную прадукцыю і ўпрыгожвалі да сьвятаў сам горад нетрадыцыйнымі малюнкамі з геамэтрычных фігур.

Віцебскія студэнты рэстаўруюць эскіз Малевіча «Сьмерць шпалерам» (архіўнае фота)
Віцебскія студэнты рэстаўруюць эскіз Малевіча «Сьмерць шпалерам» (архіўнае фота)

«УНОВИС» праіснаваў нядоўга, усяго каля трох гадоў. Аднак дзейнасьць Казіміра Малевіча і ягоных паплечнікаў прынесла Віцебску сусьветную вядомасьць. Іншае пытаньне, наколькі вядомая творчасьць «унавісаўцаў» сярод віцяблян, якія маюць усе падставы ганарыцца тым, што яны землякі «віцебскага авангарду».

Каб папулярызаваць зьвесткі пра адмысловую мастацкую плынь, якая нарадзілася ў горадзе амаль 100 гадоў таму, зруйнаваўшы ўяўленьні пра мастацтва як спосаб упрыгожваньня жыцьця і надаўшы яму філязофска-ужытковую форму, культурніцкая плятформа Vitebsk4.me разам зь віцебскім гарвыканкамам абвясьціла конкурс на стварэньне дзіцячых пляцовак і рэкрэацыйных зонаў у стылі супрэматызму.

Эскіз працы Малевіча на вуліцы Шагала (архіўнае фота)
Эскіз працы Малевіча на вуліцы Шагала (архіўнае фота)

Паводле куратаркі праекту, заснавальніцы Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва Валянціны Кірылавай, выхаваньне мясцовага патрыятызму праз мастацтва варта пачынаць з самага дзяцінства:

«Кожны маленькі жыхар Зальцбурга ведае, што ён жыве ў горадзе Моцарта! Трэба, каб і кожны віцяблянін ведаў пра культурную спадчыну свайго гораду. Прычым каб гэтая спадчына не была выключна музэйнай! Трэба выносіць яе ў гарадзкую прастору, рабіць яе ня толькі агульнавядомай, але й агульнадаступнай, нават прыкладной! Віцебск вельмі шмат даў усяму сьвету ў мастацкім пляне. А цяпер наша чарга аддаваць творчыя даўгі Віцебску. Менавіта таму конкурс праектаў адкрыты: узяць удзел у ім можа кожны ахвотны, у тым ліку замежныя мастакі і архітэктары. Ужо ёсьць прэтэндэнты на ўдзел. І магчымасьць творчай фантазіі ў гэтым кірунку бязьмежныя. Напрыклад, на дзіцячай пляцоўцы могуць быць „горкі“, арэлі або пясочніцы ў стылі супрэматызму».​

Эскіз малюнку Эль Лісіцкага на будынку па вуліцы Талстога
Эскіз малюнку Эль Лісіцкага на будынку па вуліцы Талстога

Праект вырашана назваць «Азбука УНОВИС». Удзельнікам прапануецца пераасэнсаваць творчую спадчыну мастакоў-авангардыстаў у трох кірунках: стварыць праекты ў намінацыях «дзіцячая гульнявая пляцоўка», «моладзевая пляцоўка», «зона адпачынку».

Многія дзіцячыя пляцоўкі даўно вымагаюць мадэрнізацыі
Многія дзіцячыя пляцоўкі даўно вымагаюць мадэрнізацыі

Конкурс будзе праходзіць у два этапы. Падчас першага адбудзецца адбор найлепшых праектаў, прычым удзельнікі самі могуць выбраць месца ў гарадзкой прасторы, якое падаецца ім найбольш прыдатным для ўвасабленьня іхных ідэяў. На працягу другога этапу плянуецца праца з праектамі-пераможцамі: дэталёвая распрацоўка, прывязка да канкрэтнай мясцовасьці.

Віцебску вельмі патрэбныя такія праекты, бо ў старых мікрараёнах многія дзіцячыя пляцоўкі выглядаюць непрывабна, не кажучы ўжо пра адсутнасьць выхаваўчай функцыі. У раёнах новабудоўляў абсталяваныя пляцоўкі для дзяцей ёсьць далёка не паўсюль. Тое самае можна сказаць і пра гарадзкія зоны адпачынку.

Тыповы двор паміж віцебскімі «хрушчоўкамі»
Тыповы двор паміж віцебскімі «хрушчоўкамі»

«Пакуль сродкаў на ўвасабленьне ідэяў праектантаў у нас няма, і мы толькі зьбіраем самі ідэі. А ўжо потым будзем шукаць сродкі на тое, каб іх увасобіць», — адзначыла кіраўніца аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму Натальля Шыёнак.

Выява Казіміра Малевіча каля праезду Шагала (архіўнае фота)
Выява Казіміра Малевіча каля праезду Шагала (архіўнае фота)

Дарэчы, пасьпяховыя спробы пераасэнсаваць творчую спадчыну «УНОВИС» у гарадзкой прасторы ў Віцебску ўжо былі. Напрыклад, адноўленыя супрэматычныя малюнкі можна ўбачыць на будынках па вуліцах Марка Шагала і Талстога. Зь мінулай восені па Віцебску курсуюць два трамваі і тралейбус, размаляваныя паводле эскізаў Казіміра Малевіча і Ніны Коган. Ёсьць і два графіці, прысьвечаныя заснавальніку «УНОВИСа» — выява Казіміра Малевіча ў частцы катэджнай забудовы мікрараёна Білева і малюнак вядомага дуэту графітыстаў StreetSkills, якія ўвасобілі аўтара «Чорнага квадрата» на пабудовах гаражнага комплексу за будучым музэем віцебскай мастацкай вучэльні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG