Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтар, куды гамельчукі нясуць сваё абурэньне дэкрэтам пра дармаедаў


Нават у выходныя дні, калі ў грамадзка-палітычны цэнтры на вуліцы Палескай у Гомелі застаецца толькі вартаўнік, сюды прыяжджаюць людзі: «Мы супраць дэкрэту № 3, хочам падпісацца».

Маладая жанчына, якая назвалася Аленай, літаральна з парогу заяўляе: «Гэта ж зьдзек, натуральны зьдзек. У мяне двое дзяцей, я іх хачу выхоўваць сама. Грошы патрэбны, каб карміць, адзяваць, вучыць дзяцей. А мяне гэтым падаткам на дармаедзтва прымушаюць кідаць дзяцей на волю лёсу, ісьці шукаць працу, за якую мне заплацяць рублёў дзьвесьце. А потым, калі што якое, наляцяць камісіі, скажуць, што бацькі не займаліся выхаваньнем дзяцей. На ўлік іх! Нейкі абсурд, дзікунства».

Алена
Алена

Муж Алены працуе ў Расеі, сям’ю забясьпечвае. Дзецям — 9 і 13 гадоў. Дзяржава лічыць, што яны дарослыя, і маці мусіць працаваць. Таму падатковая інспэкцыя і даслала паведамленьне, каб Алена ўнесла збор на дзяржаўныя сацыяльныя выдаткі на падставе дэкрэту № 3.

«Мы спраўна плацім камунальныя плацяжы, плацім за дадатковае навучаньне дзяцей, не адмаўляемся ад складак, калі школе трэба нешта адрамантаваць ці набыць. І тут яшчэ — падатак на дармаедзтва. Не зьбіраюся нічога нікому плаціць», — абураецца маладая маці.
Яна падпісвае два лісты за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» — у Адміністрацыю прэзыдэнта і Саўмін. А яшчэ паказвае «ліст шчасьця» і просіць юрыста Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Леаніда Судаленку дапамагчы скласьці заяву ў падатковую інспэкцыю, каб там анулявалі патрабаваньне на выплату «дармаедзкага збору».

У апазыцыйны офіс заходзіць і 58-гадовы гамяльчук Уладзімер. Ён працуе ў будаўнічым трэсьце № 14. Рэгіянальны прадстаўнік прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў у недаўменьні.

«Тут такая сытуацыя, — тлумачыць Уладзімер. — Сёньня ў мяне праца ёсьць, а заўтра я — на вуліцы. Паўсюдна ж ідуць скарачэньні, спыненьні кантрактаў. Мне тры гады да пэнсіі. Вылечу з працы, тады хто мяне возьме? І на мяне дармаедзкі падатак павесяць».

Зварот з подпісамі
Зварот з подпісамі

Гомельскі палітык, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў распавёў, што абвестку пра збор подпісаў за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» разьмясьці ў інтэрнэце неўзабаве пасьля навагодніх сьвятаў.

«Часу мінула небагата, — кажа Палякоў, — а за адмену дэкрэту падпісаліся ўжо каля 700 гараджанаў. У пераважнай большасьці гэта тыя, што атрымалі з падатковых інспэкцыяў так званыя „лісты шчасьця“. З гісторыі ведаем: сто гадоў таму праз дэкрэты людзям гарантавалі зямлю, волю, заводы й фабрыкі. Цяпер выдаюць дэкрэты, каб вытрушваць з кішэняў грамадзян апошнія капейкі».

Палітык дадае, што збор подпісаў за адмену дэкрэту № 3 вядзецца таксама ў Мазыры і Рэчыцы:

«З Мазыра нам патэлефанавала жанчына, якая назвалася Сьвятланай Уладзіміраўнай, папрасіла перадаць ёй тэкст звароту ў адміністрацыю Лукашэнкі і Саўмін. Праз два дні вярнула гэты зварот, а пад ім — дзьвесьце дзесяць подпісаў. Нават на прэзыдэнцкіх выбарах, калі зьбіралі подпісы, такой актыўнасьці не назіралася».

Праваабаронца і юрыст Судаленка заўважае, што звыш паўтары сотні зь ліку тых, хто падпісаўся за абмену дэкрэту, папрасілі дапамогі ў напісаньні заяваў у раённыя падатковыя інспэкцыі гораду аб скасаваньні патрабаваньняў па выплаце збору на дзяржаўныя сацыяльныя выдаткі.

«Прыкра тое, — падсумоўвае Судаленка, — што плаціць дармаедзкі збор абавязваюць і мацярок, чые дзеці дасягнулі трохгадовага ўзросту і наведваюць дзіцячы садок. Ну, не чапайце вы хоць іх!»

У апошні тыдзень у «офіс апазыцыі» сталі дасылаць свае «лісты шчасьця» з камэнтарамі і вясковыя жыхары — просяць парады.

21-гадовы вясковец з Лоеўскага раёну, які ня мае працы і займаецца з маці хатняй гаспадаркай, лічыць збор грошай з беспрацоўных на дзяржаўныя сацыяльныя выдаткі «каменным векам».

Грамадзкія актывісты абласнога цэнтру падалі 27 студзеня заяўку ў Гомельскі гарвыканкам на правядзеньне «Маршу недармаедаў — абураных беларусаў». Шэсьце плянуецца правесьці ў Гомелі 19 лютага — ад плошчы Паўстаньня па вуліцы Савецкай да плошчы Леніна ў цэнтры гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG