Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве затрыманыя расейскія грамадзяне, якія прыляцелі зь Менску


У кіеўскім аэрапорце Барыспаль супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны затрымалі 26 студзеня пецярых грамадзянаў Расеі, якія прыбылі авіярэйсам зь Менску.

Памежнікаў насьцярожыла тое, што ў некалькіх чалавек з гэтай групы пашпарты былі выдадзеныя ў адзін дзень. Падчас іх дадатковага агляду ў кожнага выявілі па 100 тысячаў расейскіх рублёў у аднолькавых капэртах, а ў аднаго — ваенны білет, жэтон Узброеных сіл Расеі і маскіровачных халат.

Памежнікі мяркуюць, што, яны — дзейсныя расейскія вайскоўцы, якія могуць быць зьвязаныя з незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі Данбасу. Паводле яшчэ адной вэрсіі, усе пяцёра могуць быць членамі злачыннай групоўкі, якая займалася ў Расеі махінацыямі ў банкаўскай сфэры. Самі затрыманыя сьцьвярджаюць, што хацелі адпачыць на тэрыторыі Ўкраіны. Відэа іх допыту апублікавана на сайце Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Яшчэ аднаго расейца — старшыні савета дырэктараў адной з групы кампаній, якая займаецца фінансаваньнем праектаў у Расеі і за мяжой, у гэты ж дзень затрымалі ў кіеўскім аэрапорце Жуляны. Ён таксама прыляцеў зь беларускай сталіцы і фігураваў у базе шуканых асобаў. У яго тэлефоне знойдзеныя нумары прадстаўнікоў незаконных узброеных фармаваньняў, якія ўдзельнічаюць у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Акрамя таго, устаноўлена, што гэты чалавек узнагароджаны мэдалём «За вяртаньне Крыму» асабіста міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу. Як адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай памежнай службы, «усім шасьцярым расейцам адмоўлена ў перасячэньні мяжы, працягваюцца далейшыя фільтрацыйныя-праверачныя мерапрыемствы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG