У цырымоніі адкрыцьця ў Менску гандлёвага цэнтру «Дана Мол» бралі ўдзел сэрбскія інвэстары браты Карычы — Драгамір і Багалюб, а таксама прэмʼеры Беларусі і Сэрбіі Андрэй Кабякоў і Аляксандар Вучыч.
Карычы — уладальнікі холдынгу Dana Holdings, які будуе комплексы «Маяк Менску» (каля Нацыянальнай бібліятэкі) і «Мінск-Мір» (былы аэрапорт № 1).
У 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам надаў Драгаміру Карычу льготы пры забудове комплексу «Мінск-Мір» — яму дазволілі перанесьці тэрміны заканчэньня абʼекту з 2017 на 2020 год. У 2015 годзе Аляксандар Лукашэнка асабіста прымаў у Менску братоў Драгаміра і Багалюба Карычаў.
Драгамір Карыч быў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2015 годзе. Пасьля галасаваньня заявіў, што правядзеньню такіх выбараў «Захад можа пазайздросьціць». У сакавіку 2009 году Аляксандар Лукашэнка на запрашэньне братоў Карычаў наведаў горналыжны курорт Капаонік у Сэрбіі. Паводле сэрбскіх мэдыя, кіраўнік Беларусі правёў у кампаніі братоў Карычаў два вечары запар у клюбе.
Гэтымі днямі з афіцыйным візытам у Менску знаходзіцца прэмʼер Сэрбіі Аляксандар Вучыч. Сёньня ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Апошні казаў Вучычу пра намер павялічыць эканамічнае супрацоўніцтва і запэўніваў у падтрымцы Сэрбіі:
«Мы павінны прыкласьці максымум намаганьняў, каб дасягнуць хаця б былога ўзроўню таваразвароту... Мы нават у самыя цяжкія часы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Мы займаем прынцыповую пазыцыю, у тым ліку па пытаньнях адзінства вашай дзяржавы. Таму вы можаце разьлічваць на Беларусь і павінны ведаць: усё, што мы можам, мы заўсёды для Сэрбіі зробім», — казаў Аляксандар Лукашэнка сэрбскаму прэмʼеру Аляксандру Вучычу.
Удзельнікі ўрачыстасьці не падышлі да жыхароў комплексу «Маяк Менску», якія ладзілі пікет з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці за махінацыі і парушэньні сэрбскую фірму Dana Holdings, якая належыць братам Багалюбу і Драгаміру Карычам.
Ініцыятарамі акцыі былі муж і жонка — Павал Цітоў і Сьвятлана Кудзіна, яны маюць кватэру ў комплексе і наракаюць на недаробкі, няспраўную працу ліфтаў. Яны перакананыя, што забудоўшчык завысіў цэны.
Да Паўла і Сьвятланы далучыліся яшчэ тры асобы, якія жывуць у гэтым комплексе, у тым ліку Юлія Раманёнак. Год таму яна купіла тут кватэру, але ня можа дагэтуль засяліцца.
Жыхары таксама пратэставалі супраць шчыльнай забудовы мікрараёну, недахопаў у будоўлі кватэр, выказвалі прэтэнзіі ў адрас інвэстара Dana Holdings, бо лічаць, што ён парушаў дамовы і што дамы былі пабудаваныя зь фінансавымі стратамі і махінацыямі.