Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук, атрымаўшы «ліст шчасьця», патрабуе пералік паслуг, за якія мусіць заплаціць 360 рублёў


Малады гамяльчук Арцём Бянько на паведамленьне інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў Чыгуначнага раёну пра неабходнасьць сплаціць збор за атрыманыя ў 2015 годзе сацыяльныя паслугі накіраваў сустрэчны ліст, у якім просіць інспэкцыю даслаць падрабязную калькуляцыю паслуг, за якія ён мае заплаціць падаткі.

Праваабаронца, юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, які дапамагаў гамельчуку скласьці заяву ў падатковую інспэкцыю, лічыць, што любы грамадзянін, незалежна ад занятасьці, зьяўляецца спажыўцом тавараў, а значыць, і платнікам ускосных падаткаў і збораў.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Калі дзяржава ўвяла збор за сацыяльныя паслугі, — лічыць Судаленка, — то платнік мае права ведаць, за што ён плаціць 360 рублёў і як будуць расходаваныя ягоныя грошы. Бо падаткавікі, рассылаючы так званыя „лісты шчасьця“, не паведамляюць падобную інфармацыю».

Арцём Бянько распавядае, што займаўся прадпрымальніцтвам, але справы не заладзіліся. У 2015 годзе ён закрыў свой дробны бізнэс і зьехаў да маці ў Расею. Ні мэдычнымі, ні іншымі бясплатнымі паслугамі ў Беларусі не карыстаўся. Дык за што плаціць?

Іншы малады гамяльчук, Арцём Шапараў, у 2015 годзе даглядаў малалетняе дзіця. Ён таксама зьвярнуўся ў прафсаюз РЭП па кансультацыю, а пасьля падаў скаргу ў інспэкцыю. Урэшце інспэкцыя анулявала патрабаваньне на 360-рублёвы збор.

«Пакуль дэкрэт не адменены, трэба пачытаць яго, каб не трапляць у нечаканыя сытуацыі, — раіць юрыст Судаленка. — Да апошняга часу падатковыя інспэкцыі асабліва не высьвятлялі абставінаў, паводле якіх грамадзяне вызваляюцца ад выплаты збору, — больш кіраваліся фармальнымі падставамі. Майму сыну, які ў 2015 годзе праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску, таксама прыслалі патрабаваньне на сплату 360 рублёў. Дзіўна: і грамадзянскі абавязак выконвай перад радзімай, і плаці падатак, бо не працаваў. Нядаўна ўнесьлі некаторыя папраўкі ў гэты абсурдны дэкрэт, але недарэчных сытуацыяў яшчэ хапае».

Паводле інфармацыі суразмоўцы, рэгіянальны прафсаюз РЭП і мясцовы Цэнтар стратэгічных цяжбаў дапамагаюць аспрэчваць больш як паўсотні паведамленьняў на аплату падатку на «дармаедзтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG