Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла: Беларусы павінны езьдзіць у Эўразьвяз бязь візаў


Рашэньне ўвесьці пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краінаў для Радыё Свабода камэнтуе старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Сурвіла: «На мой погляд, гэты крок можна ацэньваць як станоўчы, але за ім павінны быць іншыя дзеяньні, зьвязаныя з дэмакратызацыяй жыцьця — свабодныя выбары, выкананьне правоў чалавека, свабода прэсы. Інакш гэта будзе ўсяго толькі запрашэньнем на экскурсію ў рэзэрвацыю камунізму, якой Беларусь шмат каму ўяўляецца, на вялікі жаль. Тым часам як наш край мае куды больш старажытную гісторыю, чым тая, пра якую распавядаюць гасьцям на „лініі Сталіна“. Але каб усьвядоміць каштоўнасьць гэтай гісторыі — тыя, хто цяпер кіруе Беларусьсю, павінны найперш усьвядоміць каштоўнасьць незалежнасьці.

Адносна візавай праблемы. Некалькі гадоў таму я зьвярталася да Вярхоўнага камісара Эўразьвязу Бэніты Фэрэра-Вальднэр з прапановай увогуле скасаваць візы ў краіны ЭЗ для грамадзянаў Беларусі, як гэта было зроблена для грамадзянаў, напрыклад, Літвы ці Польшчы. Яна мне адказала, што першы крок павінен зрабіць беларускі бок. І сапраўды, калі паглядзець на „візавую гісторыю“ былых сацыялістычных краінаў — дык спачатку яны скасоўвалі візы для краінаў „старога Захаду“, а тыя ў адказ спрашчалі візавы рэжым, а потым увогуле яго скасоўвалі.

Маё перакананьне — беларусы павінны мець магчымасьць езьдзіць у краіны Эўразьвязу, увогуле краіны Захаду, свабодна, бязь візаў. Разумею, што рэалізацыя гэтай мэты зойме пэўны час, але што Брусэлю неабходна зрабіць ужо зараз — гэта зьняць празьмерную пошліну за візу ў Шэнгэнскую зону, якая для грамадзянаў Беларусі цяпер большая, чым для грамадзянаў Расеі. Гэта абсурдная сытуацыя.

Беларусь гістарычна была часткаю Эўропы і будзе ёй, яна павінна быць адкрытая для Эўропы — як і Эўропа павінна быць адкрытая для яе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG