Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вытворцы: беларуская мова на ўпакоўцы прывядзе да падаражэньня прадукцыі


Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю накіравала ў парлямэнт новую рэдакцыю закону «Аб абароне правоў спажыўцоў», у якую ня ўнесены пункт пра мову. Згодна з законапраектам вытворцы ня будуць абавязаныя падаваць інфармацыю на ўпакоўцы тавару на беларускай мове.

Паводле дзейнага закону вытворца абавязаны падаць на тавары або ў дакумэнтацыі да паслугі інфармацыю на расейскай або беларускай мове.

«Пытаньне пра тое, каб абавязкова паказваць інфармацыю на беларускай мове, абмяркоўвалася, але не было падтрымана на пасяджэньні працоўнай групы, створанай пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, у якую ўваходзілі прадстаўнікі Вярхоўнага суду, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, апарату Савету міністраў, Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а таксама мясцовых выканаўчых органаў. Потым пытаньне пра статус беларускай мовы ў законе абмяркоўвалася і таксама не было падтрымана на пасяджэньні грамадзка-кансультатыўнай рады пры Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. У раду ўвайшлі прадстаўнікі грамадзкіх абʼяднаньняў прадпрымальнікаў, Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў і грамадзкага абʼяднаньня „Абарона спажыўцоў“», — сказалі парталу tut.by у міністэрстве.

Каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак яшчэ ў кастрычніку мінулага году атрымаў зь Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю адказ, у якім гаварылася, што гэта вельмі затратна — разьмяшчаць інфармацыю пра тавары на дзьвюх дзяржаўных мовах, гэта запатрабуе шмат дадатковых фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных выдаткаў, што, натуральна, прывядзе да павелічэньня цаны тавару.

Аднак шмат якія вытворцы ў сваіх адказах на аналягічныя звароты Ігара Случака даслалі адказы з падтрымкай ягоных прапановаў. ААТ «Гарызонт», якому ў выпадку рэалізацыі прапаноў давядзецца абнавіць ня толькі пакаваньне сваёй прадукцыі, але і тэхнічныя пашпарты і інструкцыі па эксплюатацыі, «лічыць прапанову аб неабходнасьці інфармаваньня спажыўцоў пра тавар і яго вытворцаў на беларускай мове справядлівай і абгрунтаванай». «Увядзеньне такой нормы будзе садзейнічаць поўнаму забесьпячэньню правоў беларускіх спажыўцоў», — піша намесьнік дырэктара па камэрцыйных пытаньнях Зайчанка.

ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч» таксама падтрымлівае прапановы пра моўнае раўнапраўе. Шмат якія тавары, што выпускае прадпрыемства, пакуюцца ў дробныя пачкі з інфармацыяй па-беларуску.

Аднак іншыя вытворцы настойваюць, што беларуская мова на ўпакоўцы прывядзе да падаражэньня прадукцыі.

Намесьнік гендырэктара па вытворчасьці ААТ «Менскі малочны завод № 1» Зьміцер Ермаковіч сказаў tut.by, што зьмены ў макеце абыдуцца прыкладна ў тысячу эўра для аднаго віду ўпакоўкі.

«Тэхрэглямэнт і так прадугледжвае досыць вялікую колькасьць інфармацыі на ўпакоўцы — склад кампанэнтаў, энэргетычную каштоўнасьць. Каб яе зьмясьціць, усё пішацца вельмі дробным шрыфтам. Калі дубляваць гэтую інфармацыю на беларускай мове, уся ўпакоўка будзе ўяўляць сабой тэкст. Напрыклад, упакоўка сырка вельмі маленькая, там проста няма дзе прадубляваць тэкст. Каб унесьці самую нязначную зьмену, давядзецца зноўку ўсё ўзгадняць. Вытворца ўпакоўкі павінен будзе закупіць новыя друкаваныя формы, менавіта на гэта і пайшлі б грошы. Пры гэтым наймаць новага супрацоўніка для перакладу тэксту на беларускую мову няма неабходнасьці — самі ўсе ведаем беларускую мову».

Увядзеньне абавязковага дубляваньня інфармацыі на беларускай мове прывядзе да падаражэньня прадукцыі на 20%, бо трэба будзе мяняць упакоўку, сказала начальнік навуковага цэнтру «Беліта-Вітэкс» кандыдат хімічных навук Вераніка Раманоўская.

Блогер Антон Матолька прапанаваў накіроўваць звароты да дэпутатаў у падтрымку беларускай мовы.

«Мы маем шанец зрабіць крок да вяртаньня нацыянальнай мовы ў сфэру гандлю і паслуг — дамагчыся таго, каб у закон „Аб абароне правоў спажыўцоў“ былі ўнесены зьмены, паводле якіх інфармацыя аб таварах і паслугах павінна даводзіцца адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах», — напісаў блогер у Фэйсбуку.

Дэпутатка Ганна Канапацкая ў інтэрвію «Нашай Ніве» 2 студзеня казала, што падтрымлівае пашырэньне сфэры выкарыстаньня беларускай мовы і лічыць, што дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі павінны мець роўны статус. Аднак у цяперашняй няпростай эканамічнай сытуацыі, на яе думку, трэба кіравацца «перш за ўсё эканамічнымі інтарэсамі. Нельга, каб вытворцы несьлі неапраўданыя выдаткі».

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Я падтрымаю такую рэдакцыю зьменаў у закон, якая б прадугледжвала абавязковае падаваньне інфармацыі аб таварах, работах і паслугах, а таксама аб іх вытворцах, выканаўцах і прадаўцах, на абедзьвюх дзяржаўных мовах у тым выпадку, калі гэтыя тавары ці паслугі рэалізуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Калі ж партыя тавару прызначаная для рэалізацыі на экспарт, то тут мову, на якой павінна падавацца згаданая інфармацыя, лічу, варта пакінуць на выбар вытворцы», — сказала Ганна Канапацкая.

Дэпутат Алена Анісім паабяцала ўнесьці адпаведныя прапановы на разгляд профільнай камісіі, калі паступіць праект закону. Яна таксама прасіла прыслаць ёй на пошту копіі зваротаў грамадзян у парлямэнт, каб пасьля яна магла спаслацца на вялікую колькасьць тых, каму важна абавязковае напісаньне інфармацыі пра тавар на беларускай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG