Гомельскі фрылансэр Кастусь Жукоўскі атрымаў з Акцябрскага РАУС адміністрацыйны пратакол, дзе яго вінавацяць у абразе кіраўніцы спраў райвыканкаму Валянціны Шлапаковай. Пратакол складзены паводле артыкула 9.3. КаАП, але прачытаць сутнасьць правапарушэньня немагчыма.
«У сярэдзіне сьнежня я здымаў у райцэнтры аўтамашыны, на якіх перамяшчаюцца мясцовыя чыноўнікі. Падчас здымкаў да мяне падыходзіла жанчына, хапалася за камэру, за вопратку, патрабавала акрэдытацыю. Я пацікавіўся, хто яна такая. Казаў, што дакумэнты ў мяне можа патрабаваць міліцыя. І нагадаў ёй, што яна ня пані, а слуга народу».
4 студзеня Жукоўскі накіраваў ліст пракурору Акцябрскага раёну з просьбай адрэагаваць на недапушчальныя парушэньні супрацоўнікаў райаддзелу міліцыі. Пратакол быў складзены неахайна, да таго ж міліцыянты не спрабавалі нават апытаць фрылансэра.
5 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля мае адбыцца слуханьне паводле пазову начальніка Лоеўскага раённага аддзелу міліцыі Ўладзімера Бухаўцова да журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага.
Падпалкоўнік міліцыі Бухаўцоў просіць суд прызнаць зьвесткі ў відэаматэрыялах Кастуся Жукоўскага, зьнятых для тэлеканалу «Белсат», а таксама разьмешчаных падчас парлямэнцкіх выбараў у сацыяльнай сетцы, зьняважлівымі для ягонага гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі, ды спагнаць з фрылансэра 2000 рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.
Раней фрылансэра штрафавалі за тое, што рыхтаваў відэасюжэты для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім МЗС. Цяпер, праўдападобна, тактыка зьмянілася — спрабуюць судзіць за абразу чыноўнікаў.