Як паведамляе Бі-бі-сі, прынамсі 35 чалавек загінулі і каля 40 атрымалі раненьні ў выніку нападу на начны клюб Reina ў Стамбуле, паведаміў губэрнатар Стамбулу Васіп Шахін. Паводле яго слоў, адзін з загінулых быў паліцыянтам. Губэрнатар назваў напад тэрарыстычнай атакай.
Губэрнатар дадаў, што напад зьдзейсьніў адзін ўзброены чалавек у касьцюме Санта-Клаўса. Раней СМІ паведамлялі, што нападнікаў было двое.
Клюб Reina, на які быў зьдзейсьнены напад, знаходзіцца ў раёне Бешыкташ. Паведамляецца, што ў момант нападу там знаходзіліся некалькі сотняў чалавек.
Турэцкі тэлеканал NTV паведамляе, што некаторыя наведнікі клюбу ў паніцы скакалі ў Басфор, спрабуючы выратавацца.
Да будынка клюбу прыбываюць машыны хуткай дапамогі і паліцыі.