23 сьнежня Асамблея НДА Беларусі агучвае пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці — 2016». Адзін з намінантаў — аўтар дамалёўкі калючага дроту на прапагандысцкім графіці «Менск-Масква». Антон Матолька апублікаваў у сваім фэйсбуку маніфэст ад ананімнага творцы.
«У гэтай працы я не хацеў казаць пра палітыку ці пра адносіны Беларусі з Расеяй. Гэткія трактоўкі я б пакінуў на водкуп гледача — хай кожны сам вырашае, што значыць калючы дрот, каму ён коле рукі, каму галаву, а каму чэрап знутры. Сваёй акцыяй я хацеў сказаць, што калі нехта зьбіраецца ператварыць вулічнае мастацтва ў інструмэнт прапаганды і камэрцыйнай нажывы, ён мусіць быць гатовы да таго, што так проста яму тое з рук ня сыдзе, лёгка ня будзе. Калі нехта лічыць, што можа напляваць на меркаваньне людзей, гараджан, то хай будзе гатовы атрымаць адпор, адказ ад тых, каму ня ўсё адно».
Ананімны мастак таксама заявіў: «У дадзеным выпадку я кажу ад імя ўсіх тых, каго ванітуе ад ілжывай прапаганды і навязваньня свайго густу і свайго меркаваньня тымі, хто вышэй. Гарадзкая прастора не належыць чыноўнікам, каторых мы не абіраем. Не, паважаныя, мы вам ня верым!»
Антон Матолька таксама піша, што інфармацыя пра арышт аўтара калючага дроту — няпраўда, і прыгразіў "пасадкаю" Андрэю Шорцу.
У кастрычніку малюнак, зроблены на менскім доме расейскім мастаком Артурам Кашаком да Дня Расеі, дапоўнілі колкім дротам.