Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка ня верыць, што СССР у пуцінскім абліччы «дасьць дуба»


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Паказальныя працэсы сталінскіх часоў запомніліся найперш сьмяротнымі прысудамі былым членам палітбюро і іншым кіраўнікам бальшавіцкай партыі. Зіноўеў, Каменеў, Рыкаў, Бухарын незадоўга да арышту і суду былі самымі сапраўднымі «правадырамі», іх партрэты насілі на дэманстрацыях, іхнімі імёнамі называлі гарады і вуліцы. Менавіта таму за паказальнымі працэсамі з заміраньнем сэрца сачыла ўся краіна.

Але былі і іншыя паказальныя працэсы — над «шкоднікамі», кіраўнікамі буйных прамысловых прадпрыемстваў. Пасьля таго, як гэтыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваныя, разгромленыя і разрабаваныя, сталі рабамі пляну і кіруючых указаньняў, савецкаму кіраўніцтву было неабходна даказаць грамадзтву (і, падобна, самому сабе), што аварыі і няўдачы — гэта вынік ня ўладнага глупства, а «дывэрсій». Так з эканомікі ў лягеры выганяліся апошнія спэцыялісты. Самым вядомым быў працэс мітычнай «Прампартыі», прыдуманай наўпрост у НКВД. Але былі працэсы і драбнейшыя. Галоўнае — гэта сыстэматычная барацьба са «шкоднікамі», на якой зрабілі сабе карʼеру будучыя абвінаваўцы і судзьдзі палітычных працэсаў. І шмат хто з будучых ахвяраў рэпрэсіяў таксама.

Беларуская прадукцыя — за невялікімі выключэньнямі — неканкурэнтаздольная на рэальным рынку. Хабары і брак — гэта натуральная атмасфэра працы дзяржаўных прадпрыемстваў. Так было ў Савецкім Саюзе, і чаму ў Беларусі павінна быць інакш?

Я ўспомніў пра сталінскія паказальныя працэсы, даведаўшыся пра арышт кіраўнікоў найбуйнейшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў Беларусі. Затрымаў іх мясцовы КДБ «у рамках вырашэньня задач па забесьпячэньні бясьпекі функцыянаваньня прадпрыемстваў машынабудаваньня». Фармулёўкі знаёмыя, абвінавачваньні звыклыя — карупцыя, садзейнічаньне камэрцыйным структурам, прыёмка сыравіны з элемэнтамі браку. Увогуле — «шкодніцтва». Гэтымі арыштамі КДБ спрабуе супакоіць беларускага прэзыдэнта — калісьці апошняга, а цяпер, з канчатковым афармленьнем пуцінскага рэжыму — перадапошняга дыктатара Эўропы. Але вось толькі перадапошні дыктатар жыве за кошт падачак і датацый апошняга. А грошай на Беларусь у расейскіх спонсараў пасьля ўвядзеньня санкцый і падзеньня нафтавых коштаў стала не хапаць.

Лукашэнка за два зь лішнім дзесяцігодзьдзі праўленьня, здаецца, шчыра паверыў, што ў яго краіне сапраўды ёсьць эканоміка. Ён не разумее, што ўсе гэтыя нерэфармаваныя сацыялістычныя машынабудаўнічыя монстры працягвалі працаваць толькі таму, што іх — як і ўсю астатнюю беларускую эканоміку — утрымлівала Расея. Што беларуская прадукцыя — за невялікімі выключэньнямі — неканкурэнтаздольная на рэальным рынку. Што хабары і брак — гэта натуральная атмасфэра працы дзяржаўных прадпрыемстваў. Так было ў Савецкім Саюзе, і чаму ў Беларусі павінна быць інакш? Бо тых, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах пераназванай савецкай рэспублікі не цікавіць вынік. Іх цікавіць зарплата.

Ніякіх думак аб эканамічных рэформах, прыватызацыі прадпрыемстваў, адмове ад згубнай мадэлі інтэграцыі з жабрацкай Расеяй у Лукашэнкі пры гэтым не ўзьнікае.

Але зьмірыцца з гэтай зразумелай нават дзіцяці ісьцінай ня могуць ні Лукашэнка, ні яго чэкісты. І таму — як і ў сталінскія часы — пачынаецца пошук шкоднікаў і дывэрсантаў. Потым будуць шпіёнаў шукаць — хтосьці дакладна ня хоча, каб беларускія прадпрыемствы добра працавалі! Ніякіх думак аб эканамічных рэформах, прыватызацыі прадпрыемстваў, адмове ад згубнай мадэлі інтэграцыі з жабрацкай Расеяй у Лукашэнкі пры гэтым не ўзьнікае. Як сапраўдны савецкі чалавек, ён проста ня верыць, што яго любімы Савецкі Саюз у пуцінска-расейскім абліччы неўзабаве дасьць дуба. І што грошай для «братэрскай Беларусі» у гэтага самага «амаль Саюзу» ужо ніколі ня будзе.

Але пошук шкоднікаў — хутчэй лек для супакойваньня. А беларуская эканоміка хворая зусім не на нэрвовыя зрывы. Арыштамі мэнэджэраў яе дакладна ня вылечыш. Але паколькі ў аптэцы пад назвай «КДБ» не бывае сапраўдных лекаў, у беларускай эканомікі ёсьць усе шанцы пайсьці на дно яшчэ да пагружэньня расейскай — і пацягнуць разам з сабой усю лукашэнкаўскую кардонную дзяржаўнасьць.

Віталь Портнікаў для парталу ГЛАВРЕД

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG