Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Польшчы «Белсат»?


Чаму Польшча зачыняе беларускамоўны тэлеканал «Белсат»? Што страціць і што набудзе Варшава ад гэтага кроку? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрвію выданьню wPolityce.pl пацьвердзіў інфармацыю аб істотным скарачэньні фінансаваньня тэлеканалу «Белсат» і яго фактычным закрыцьці. Паводле міністра на зьмену «Белсату» прыйдзе польскамоўны канал «TV Polonia», які беларускія ўлады дазволяць трансьляваць на тэрыторыі ўсёй краіны.

Інфармацыю пра рашэньне аб скарачэньні фінансаваньня тэлеканалу паведаміла ў чацьвер яго дырэктарка Агнешка Рамашэўска-Гузы.

У Беларусі паведамленьне аб зьменах у лёсе «Белсату» — прынятых або меркаваных — выклікала вялікі рэзананс. Дэмакратычныя актывісты ўжо абвясьцілі пра намер арганізаваць кампанію ў падтрымку «Белсату». Сёньня ў Менску адбудзецца сустрэча грамадзкіх актывістаў і палітыкаў, на якой мяркуецца выпрацаваць плян дзеяньняў дзеля ратаваньня тэлеканалу.

Яшчэ ў пятніцу МЗС Польшчы не пацьвярджаў скарачэньня фінансаваньня «Белсату». У нядзелю міністар ужо паведаміў пра рашэньне. Паводле яго, «Белсат» за 10 гадоў так і не атрымаў магчымасьці вяшчаць на тэрыторыі ўсёй краіны, і яго «ўплыў на рэчаіснасьць сьціплы».

Аднак падаецца, што ўплыў вяшчаньня «Палёніі» будзе хіба ня больш сьціплым. Міністар у інтэрвію выказаў меркаваньне, што ў перадачах «Палёніі» «беларускае грамадзтва змагло б убачыць, як выглядае жыцьцё ў суседняй краіне. Яны будуць глядзець на Польшчу, як мы „за камунай“ глядзелі на Захад».

Чаму польскамоўны тэлеканал у Беларусі дасьць такі эфэкт, міністар не патлумачыў. Праўда, ён дадаў, што «гэтага чакаюць палякі, якія жывуць у гэтай краіне». Аднак варта заўважыць, што Беларусь населеная ўсё ж пераважна беларусамі. І ці будуць яны глядзець на Польшчу, як некалі палякі ў камуністычнай ПНР на Захад — на гэта наўрад ці можа паўплываць тэлебачаньне на польскай мове.

Вашчыкоўскі ў інтэрвію запэўніў, што беларуская рэдакцыя ня будзе зачыненая, журналісты змогуць займацца інтэрнэт-парталам і рыхтаваць матэрыялы для «Палёніі».

Варшава ўзяла курс на паглыбленьне кантактаў з афіцыйным Менскам і ўмацаваньне сувязяў з польскай дыяспарай у Беларусі.

Выглядае, што галоўным матывам рашэньня аб скарачэньні фінансаваньня «Белсату» была новая палітыка Варшавы адносна Беларусі, якая зьмянілася пасьля прыходу да ўлады ў Польшчы партыі «Права і справядлівасьць» у жніўні летась. Шматлікія візыты ў Менск высокіх прадстаўнікоў ураду і парлямэнту Польшчы на працягу гэтага году, заявы, якія рабіліся падчас іх, засьведчылі гэтую зьмену. Відавочна, што Варшава ўзяла курс на паглыбленьне кантактаў з афіцыйным Менскам і ўмацаваньне сувязяў з польскай дыяспарай у Беларусі.

Безумоўна, мець або ня мець «Белсат» — гэта справа Польшчы, палякаў. Але ліквідацыя телеканалу, на мой погляд, прынясе спрэчную карысьць Польшчы. Нармалізацыя стасункаў з афіцыйным Менскам наўрад ці можа забясьпечыць доўгатэрміновае ўзаемаразуменьне паміж суседнімі краінамі. «Белсат» зь яго немалой аўдыторыяй спрыяе і росту масавых сымпатыяў да Польшчы ў Беларусі, і прасоўваньню дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Ніякія сайты не параўнальныя паводле ўзьдзеяньня з тэлебачаньнем. Прычым, яго ўзьдзеяньне не абмяжоўваецца «прасунутымі» коламі грамадзтва, аўдыторыя «Белсату» значна больш «народная», чым аўдыторыя большасьці незалежных сайтаў.

Польшча, зразумела, можа і ня ставіць перад сабой стратэгічных мэтаў. Аднак у свой час адносна самой Польшчы Захад ставіў такія мэты, і дзякуючы не ў апошнюю чаргу заходняй дапамозе Польшча стала дэмакратычнай і заможнай краінай, пра што прыгадаў у інтэрвію і міністар Вашчыкоўскі.

Аўтарытарны сусед — гэта стратэгічная небясьпека для дэмакратычнай краіны, асабліва з улікам шчыльнага саюзу гэтага самага суседа зь іншай, нашмат больш моцнай аўтарытарнай краінай на Ўсходзе. Напэўна, цяперашнія ўлады Польшчы гэта ня вельмі турбуе.

Цыганкоў: У гэтыя дні ў незалежных СМІ і ў сацсетках лёс Белсату стаў самай гарачай і самай балючай тэмай. Я хачу падтрымаць думку пра тое, што тут карэннае пытаньне — пра нацыянальныя інтарэсы. Часам нацыянальныя інтарэсы дзяржаваў палітыкамі ўспрымаюцца дастаткова вузка і тактычна. Гэта тое, што мы бачым цяпер на прыкладзе стаўленьня сёньняшняй польскай улады да Белсату.

Менавіта ў больш шырокіх стратэгічных нацыянальных інтарэсах было б падтрымліваць беларускую незалежную супольнасьць, незалежныя СМІ, тое, што і рабіла Польшча доўгія гады, выклікаючы сымпатыю ў прагрэсіўнай часткі беларускага грамадзтва.

Польшча зьяўлялася арыентырам для дэмакратычных і незалежніцка-арыентаваных беларусаў як добры прыклад стаўленьня да дэмакратыі. Цяпер, магчыма, кіраўніцтва Польшчы думае дасягнуць нейкага гешэфту, пагадненьня з афіцыйным Менскам за кошт Белсату. Але вынікі яго, доўгатэрміновыя і стратэгічныя, будуць намнога больш пэсымістычныя, чым патэнцыйныя плюсы.

Гэтае вузкае разуменьне нацыянальных інтарэсаў можна было б параўнаць з тым, як Захад дапамагаў Польшчы, як ставіўся да польскай дэмакратыі і незалежнасьці. Вось калі б афіцыйны Менск прапанаваў зараз амэрыканцам: мы вяртаем ваш бізнэс, амбасаду, а вы ў адказ зачыняеце Радыё Свабода. Хутчэй за ўсё амэрыканцы сказалі б: ідзіце вы лесам — у нас ёсьць каштоўнасьці, якім 200 гадоў, свае інтарэсы, якія не абменьваюцца на тактычныя часовыя плюсы. І гэта быў бы правільны адказ.

Белсат з кожным годам паляпшаўся і вырастаў у моцны тэлевізійны канал.

Калі кажуць у сацыяльных сетках пра нізкую эфэктыўнасьць Белсату, хачу даказаць адваротнае. Узгадаем, як афіцыйны Менск увесь час існаваньня Белсату рэагаваў на ягоную дзейнасьць. Гэта была самая жорсткая рэакцыя з усіх СМІ. Менавіта карэспандэнтаў Белсату ў рэгіёнах прыцягвалі да адказнасьці, іх ганяла пракуратура за незарэгістраваную журналісцкую дзейнасьць. Менавіта Белсат не захацелі рэгістраваць ні ў якай форме чыноўнікі. Магчыма, яны трохі па-іншаму разумелі патэнцыйную эфэктыўнасьць Белсату — бачылі для сябе пагрозу. Белсат з кожным годам паляпшаўся і вырастаў у моцны тэлевізійны канал. Менавіта таму ён стаў пунктам у перамовах афіцыйных Менску і Варшавы. І вельмі шкада, што Варшава пайшла на гэта.

Карбалевіч: Аргумэнты сп. Вашчыкоўскага выглядаюць сумнеўнымі. Па-першае, зьвярніце ўвагу, зь яго словаў вынікае, што ніякай цьвёрдай дамоўленасьці зь беларускім кіраўніцтвам наконт допуску польскага каналу ў кабэльныя сеткі Беларусі няма.

Вось ён кажа: «Калі мы атрымаем пацьвярджэньне ад беларускага боку аб трансьляцыі TVP Polonia на значнай тэрыторыі краіны, гэта будзе вельмі прывабная прапанова». То бок, пацьвержданьня няма, а Белсат ужо закрываецца.

Па-другое, ёсьць досьвед абяцаньняў кіраўніцтва Беларусі дапусьціць у Беларусь украінскі тэлеканал. Нагадаем, 21 сьнежня 2014 году падчас сустрэчы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і яго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі ў Кіеве была дасягнутая дамоўленасьць аб стварэньні супольнага тэлеканалу дзьвюх краінаў. Прайшло два гады, вынік нулявы.

Па-трэцяе, калі і будзе выкананае гэтае абяцаньне, то яго вяшчаньне мяркуецца ладзіць на польскай мове, што стварае вялікія абмежаваньні на яго успрыманьне. То бок, гэта будзе тэлеканал на даволі вузкую групу этнічных палякаў.

Па-чацьвёртае, гэта будзе тэлеканал пра Польшчу, а тэлеканал Белсат быў пра Беларусь. І ў гэтым прынцыповая розьніца.

У польска-беларускіх адносінах пакуль мы назіраем толькі саступкі з боку Варшавы.

Па-пятае, з інтэрвію вынікае, што новы тэлеканал ня будзе настолькі «апазыцыйным». То бок, ён будзе ляяльным адносна афіцыйнага Менску, мусіць, у рэчышчы той новай палітыкі Польшчы адносна Беларусі, калі і выбары, і парлямэнт беларускі польскія ўлады прызнаюць. Трэба прызнаць, палітыка даволі пасьлядоўная.

То бок, у польска-беларускіх адносінах пакуль мы назіраем толькі саступкі з боку Варшавы. Яна прызнала і парлямэнт Беларусі, і, вось — закрывае Белсат. Беларускі бок ніякіх крокаў насустрач ня робіць. Нават Саюз палякаў ня хоча прызнаваць. То бок пакуль гэта палітыка з аднабаковым рухам. Што да пратэстаў беларускай супольнасьці — польскія ўлады не рэагуюць на пратэсты нават у самой Варшаве, ля сьцен парлямэнту. Ну а рэагаваць на пратэсты беларускай грамадзкасьці наўрад ці яны будуць.

Цыганкоў: Нельга казаць, што польскія ўлады не рэагуюць на тое, што адбываецца ў Польшчы — вялікі скандал вакол правоў журналістаў у самой Польшчы, у парлямэнце. Але ён паказвае тое стаўленьне да журналістаў і правоў прэсы, якое выклікае як мінімум шкадаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG