На якім этапе ўтварэньня нацыі знаходзіцца цяпер Беларусь? Ці зьяўляецца фармулёўка «Беларусь не Расея» аб’ектыўнай і непазьбежнай рэальнасьцю нацыебудаўніцтва? Чым можна патлумачыць цяперашняе ляяльнае стаўленьне ўладаў да грамадзянскіх праектаў у сфэры нацыянальнага? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае галоўны рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў.
Цыганкоў: На якой стадыі нацыебудаўніцтва знаходзіцца цяпер Беларусь? Ці яно ідзе, разьвіваецца, набывае новыя формы, робіць крокі наперад? Ці, як сьцьвярджаюць некаторыя, яно спынілася праз палітыку цяперашняга рэжыму і інтэграцыі з Расеяй?
Булгакаў: Беларускае нацыетварэньне ні ў якім разе не спынілася. Няма такіх палітычных прычынаў, якія б маглі яго спыніць. Нават масавыя расстрэлы, дэпартацыі і іншыя бесчалавечныя дзеяньні ў ХХ стагодзьдзі не былі ў стане прыпыніць станаўленьне беларускай нацыі. Таму было б дзіўна чакаць, што, маючы сваю незалежную дзяржаву, беларусы могуць спыніцца ў сваім нацыянальным разьвіцьці дзеля нейкіх замежнапалітычных ініцыятыў, зьвязаных з беларуска-расейскай інтэграцыяй.
Іншая справа, што нашы веды пра цяперашні этап беларускага нацыетварэньня фрагмэнтарныя, няпоўныя. Гэта ў тым ліку тлумачыцца своеасаблівай палітычнай атмасфэрай, якая існуе ў Беларусі. Нацыя — гэта перш за ўсё палітычная супольнасьць, і, як сьцьвярджаюць тэарэтыкі, яна праяўляецца ў актах палітычнага волевыяўленьня. А спэцыфіка беларускай палітыкі ў тым, што па-сапраўднаму гэтаму волевыяўленьню, дзе б існаваў справядлівы падлік, няма месца. Таму энэргія нацыетварэньня знаходзіць свой выхад ў культурніцкіх ініцыятывах, у грамадзянскай супольнасьці, у безьлічы паасобных мерапрыемстваў, якія праводзяцца як пэўнымі асяродкамі, так і прыватнымі асобамі.
Цыганкоў: Фактычна ў сувязі з тым, што ў Беларусі няма палітыкі — таму нацыянальная энэргія пайшла ў непалітычныя сфэры?
Булгакаў: Беларуская палітыка існуе як нешта замарожанае. Калі глядзець чыста фармальна — то ў Беларусі можна назіраць крызіс нацыятворчага праекту, сфармуляванага ў этнакультурных катэгорыях. Беларуская мова, хоць і дзяржаўная, але зь вельмі абмежаванымі правамі ўжываньня ў публічнай сфэры. Беларуская мова не кантралюе нават палову сярэдніх школаў, сфэра яе ўжываньня часам нават зьніжаецца. І гэтак далей.
Але асноўная прычына, зь якой, як мне здаецца, неправамерна рабіць нейкія высновы на падставе гэтых фактаў, палягае ў тым, што такі парадак рэчаў існуе прымусова. Такі парадак рэчаў ненатуральны і, безумоўна, будзе перагледжаны, як толькі беларусы змогуць свабодна галасаваць і свабодна выбіраць сваю будучыню.
Цыганкоў: У беларусаў, як у многіх посткаляніяльных дзяржаў, нацыетварэньне адбываецца ў форме «мы не яны». Для Беларусі гэта выліваецца ў формулу «Беларусь не Расея». Па-вашаму, гэта нармальна, гэта аб’ектаўная рэальнасьць? Ці гэта нейкая вычварная форма нацыебудаўніцтва?
Булгакаў: Я б сказаў, што падзел сьвету на «сваіх» і «чужых» уласьцівы любой, нават самай культурнай нацыі. Возьмем славуты брэкзіт. Што гэта, як не праява жаданьня народу ня быць разам з тым, што большасьць гэтага народу ўспрымае не як «сваё».
Беларусь тут ня ёсьць выняткам. Але тут пояс адштурхоўваньня ў тэарэтычных выкладках самых зацятых нацыяналістаў — гэта не Эўрапейскі зьвяз, а Расея. Але паколькі беларускі нацыянальны праект быў запозьнены і паколькі існавалі шматлікія перашкоды для ягонай рэалізацыі, вялікая частка беларусаў не ўспрымае Расею як нешта чужое. Але я перакананы, што калі б адбыліся выбары, то сілы, якія ставілі б на ўваход Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю, атрымалі б скрышальную паразу.
Калі ж падсумаваць, то нічога ненатуральнага і антычалавечнага ў такім моманце самаідэнтыфікацыі няма. Кожны народ ідэнтыфікуе сьвет на сваіх і чужых, так фармуецца ўнутраны культурны код нацыі. Калі гэта нацыя палітычна ўжо сфармаваная, то пасьля працуюць дзяржаўныя інстытуцыі. У Літве ці Польшчы, каб атрымаць сталы від на жыхарства, то трэба пацьвердзіць базавае веданьне нацыянальнай мовы і гісторыі. Так нацыі ў фармальна-працэдурным аспэкце фармулююць пэўныя абмежаваньні для ўваходу чужынцаў у сваю нацыянальную супольнасьць.
З другога боку, паколькі асноўны цяжар фармаваньня нашай нацыі прыпаў на ХХ стагодзьдзе, да таго ж доўгі час беларусам прамывалі мазгі савецкай прапагандай, для многіх беларусаў Расея — гэта ня столькі полюс адштурхоўваньня, колькі полюс прыцягненьня. І гэта факт, які мусім улічваць і якому немагчыма даць рады ў стылі кавалерыйскага наезду.
Цыганкоў: Калі ўжо працягваць расейскую тэму, то ў сярэдзіне 90-х, калі ўтваралася супольнасьць Беларусі і Расеі, былі зусім іншыя геапалітычныя і ўнутрыпалітычныя ўмовы. Ці адпавядае сёньня гэты праект інтарэсам беларускіх палітычных элітаў, ці яны ўжо думаюць, як ад яго пазбавіцца?
Лукашэнкаўскі рэжым пачаў бачыць у Расеі ня столькі крыніцу збавеньне, колькі крыніцу патэнцыйных пагрозаў.
Булгакаў: Для цяперашняй беларускай палітычнай эліты, якая гуртуецца вакол прэзыдэнта Лукашэнкі, без Расеі няма палітычнай будучыні. Бо Расея — гэта асноўны спонсар гэтак званай беларускай стабільнасьці, дзякуючы якой Беларусь мела ўзровень жыцьця, супастаўны з шэрагам найбяднейшых краінаў Эўразьвязу. Але па меры ўзрастаньня нацыяналізму, шавінізму і вялікадзяржаўніцтва ў Расеі (наагул і сярод палітычнай эліты гэтай дзяржавы), безумоўна, лукашэнкаўскі рэжым пачаў бачыць у Расеі ня столькі крыніцу збавеньне, колькі крыніцу патэнцыйных пагрозаў.
Безумоўна, тут ёсьць пэўная супярэчнасьць. Менску цяпер не патрэбная «саюзная дзяржава» так, як яна плянавалася ў канцы 90-х гадоў. Больш за тое, сытуацыя з так званай «адзінай візай саюзнай дзяржавы» паказвае, што ёсьць пэўныя маркеры, выходзіць за якія беларускі рэжым не зьбіраецца. Афіцыйны Менск усяляк працівіцца ўвядзеньню супольнай візы з Расеяй, бо ўспрымае гэта як істотнае абмежаваньне дзяржаўнай незалежнасьці.
Гэта толькі адзін з прыкладаў, бо супярэчнасьцяў значна болей. З гэтага вынікае, што палітычныя праекты, заснаваныя на прапагандысцкіх лёзунгах пра адзінства крыві і этнічнае паходжаньне, часта не вытрымліваюць праверку часам. У прыватнасьці, праект беларуска-расейскай інтэграцыі ўспрымаецца цяпер як цалкам кан’юнктурны, які быў патрэбен людзям, што заваявалі ўладу ў Менску і Маскве, дзеля таго, каб вырашаць свае кароткачасовыя палітычныя мэты.
Цыганкоў: Чым можна патлумачыць цяперашняе ляяльнае стаўленьне ўладаў да грамадзянскіх праектаў у сфэры нацыянальнага — ад беларускамоўнай рэклямы да фэстаў вышыванак? Гэта зноў нейкая каньюнктура, ці дзяржава спрабуе даць волю гэтым праявам нацыянальнага жыцьця?
Булгакаў: На пачатку сваёй палітычнай кар’еры ў якасьці прэзыдэнта Лукашэнка ўспрымаў людзей беларускай культуры проста як групу нейкіх маргіналаў. Гэтае ўспрыманьне было вельмі нэгатыўнае, ён мог каверкаць беларускія словы, пастаянна ўжываў азначэньне «сьвядомы» да тых людзей, якія праяўлялі сваю нацыянальную сьвядомасьць. Гэта, на маю думку, тлумачылася тым, што ён лічыў, што гэтых нацыяналістаў было вельмі мала і яны мусілі цалкам зьнікнуць з публічнай авансцэны Беларусі. Бо сыстэма адукацыі, СМІ запрацавалі так, каб цалкам маргіналізаваць гэтую супольнасьць.
Але праз 20 гадоў лукашэнкаўскага панаваньня выявілася, што «сьвядомых» стала ня менш, а толькі больш. Я думаю, тыя, хто трымае ўладу ў Менску, разумеюць, што з адыходам старэйшага пакаленьня маладзейшыя з цяжкасьцю ўспрымаюць савецкую прапаганду, лёзунгі савецкага часу.
Таму я тут згодны з думкай, напрыклад, Вінцука Вячоркі ды іншых, якія тлумачаць гэта ня добрай воляй уладаў, а проста канстатацыяй таго факту, што беларускамоўныя беларусы сваёй нізавой актыўнасьцю проста адваявалі пэўныя пазыцыі і правы ў грамадзкай прасторы.
Улада здае толькі тыя пазыцыі, якія, на яе разуменьне, не нясуць стратэгічных праблемаў.
Улада здае толькі тыя пазыцыі, якія, на яе разуменьне, не нясуць стратэгічных праблемаў. Курсы беларускамоўныя могуць дазваляцца, вышымайкі нагул брацца на ўзбраеньне. Але адначасова балянс у адукацыйнай сфэры не зьмяняецца — колькасьць беларускамоўных школаў падае, колькасьць студэнтаў ВНУ, якія навучаюцца на беларускай мове, так і не дасягае адной тысячы.
Тое, што мы называем «мяккай беларусізацыяй», грунтуецца на лягічнай памылцы. Бо беларусізацыя, як гэты працэс ішоў 90 гадоў таму, — гэта была сьвядомая палітычная ініцыятыва ўладаў, якая прадугледжвала вельмі жорсткую праграму ажыцьцяўленьня — перавод зьверху школьніцтва, СМІ ды іншых сфэраў жыцьця на беларускую мову.
Тое, што маем цяпер — гэта проста людзі, супольнасьці, якія ня маюць ключавога палітычнага ўплыву на сытуацыю ў краіне, знаходзяць дзякуючы пэўным паслабленьням палітычнага рэжыму магчымасьці для самавыяўленьня, для рэалізацыі праектаў, важных для нацыянальнай культуры. І гэта працэс таксама кан’юнктурны, бо сёньня дзяржава можа дазваляць канцэрты Вольскага і Міхалка, а заўтра (ня дай Бог), калі сытуацыя памяняецца, пачнуцца зноў палітычныя праблемы з Захадам, то гэта ўсё можа сысьці на нішто.