Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На ёй не было жывога месца» — у Слуцку хаваюць жанчыну, якая загінула пад коламі машыны п’янага начальніка ДАІ


Нябожчыца працавала ў Слуцкім тэрытарыяльным сацыяльным цэнтры па абслугоўваньні пажылога насельніцтва. Сіротамі засталіся двое дзяцей.

У Слуцку разьвітваюцца з Вольгай Стралкоўскай, якая загінула вечарам 27 лістапада пад коламі аўтамабіля п’янага начальніка Баранавіцкага ДАІ Андрэя Валкавыцкага.

Адпяваньне адбылося ў Сьвята-Міхайлаўскім саборы. Вользе Стралкоўскай у сакавіку споўнілася 36 гадоў. Працавала яна ў Слуцкім тэрытарыяльным сацыяльным цэнтры па абслугоўваньні пажылога насельніцтва.

Сьвята-Міхайлаўскі сабор у Слуцку, дзе праходзіла адпяваньне
Сьвята-Міхайлаўскі сабор у Слуцку, дзе праходзіла адпяваньне

Пасьля адпяваньня нябожчыцу павязуць хаваць у Стоўпцы.

Бацька Вольгі, Ігар Зянько сказаў, што дачка нарадзілася і вырасла ў Стоўпцах, таму яе там і пахаваюць.

— У Слуцку я служыў у вайсковай частцы, мы тут засталіся жыць і працаваць. Вольга таксама жыла і працавала ў Слуцку... Гора для нас раптоўнае, цяжка апамятацца. Вечарам кіроўца аўтамабіля, зь якім яна паехала ў Баранавічы, патэлефанаваў нам, што яна загінула, — кажа бацька. — Прыехалі на тое месца на трасе — самі ні жывыя ні мёртвыя. На працягу ччатырох гадзін на месцы трагічнага здарэньня вяліся сьледчыя мерапрыемствы, а мы глядзелі і чакалі. А яна ўвесь гэты час ляжала на нашых вачах на дарозе.

Слуцкі тэрытарыяльны сацыяльны цэнтар, дзе працавала Вольга
Слуцкі тэрытарыяльны сацыяльны цэнтар, дзе працавала Вольга

Не на вайне, у мірны час загінула — пад коламі п’янага кіроўцы, выканаўцы абавязкаў начальніка ДАІ. Будзем чакаць афіцыйнага заключэньня Сьледчага камітэту і ўзбуджэньня крымінальнай справы, — сказаў у перапынку падчас адпяваньня Ігар Зянько.

Натальля Каракіна — цётка і хросная маці — кажа, што Вольга была вельмі добрым і чулым чалавекам.

— Магла падабраць і ката, і сабаку — усіх карміла. Працуючы ў сацыяльным цэнтры, шкадавала старых людзей, заўсёды па-добраму да іх ставілася. І вось такі лёс: пакінула сваіх дзетак. Багдану нядаўна споўнілася толькі 6 гадоў. Анжэліка мае 16 гадоў, у такім узросьце маці яшчэ вельмі патрэбная, — кажа Вользіна цётка.

Вольга Стралкоўская, фота з сацсетак
Вольга Стралкоўская, фота з сацсетак

Натальля Каракіна кажа, што на Вользе не было жывога месца: яна была ўся пераламаная, усе костачкі паламаныя. Твар увесь заклеены спэцыяльнымі плястырамі — папрацавалі ў моргу.

«Гэта ж зь якой хуткасьцю трэба было ляцець, каб так пабіць і паламаць чалавека?» — кажа яна.

Жанна Лебедзь раней працавала ў сацыяльным цэнтры і добра ведала Вольгу:

— Мы ўсе ў шоку, — кажа Жанна. — Яна заўсёды была вельмі актыўным, вясёлым і адказным чалавекам. Прыгажуня, старанная на працы, добразычлівы чалавек. Ня верыцца, што яе больш няма.

ДТЗ адбылося 26 лістапада каля 20.30. Паводле слоў Вользінай цёткі Натальлі Каракінай, Вольга ехала ў аўтамабілі, каб сустрэць чалавека з баранавіцкага цягніка. Кіроўца ня меў правоў, і калі ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёну аўтамабіль спынілі, яна пайшла да інспэктараў, каб даведацца, ці магчыма будзе паехаць далей. А калі вярталася да машыны, то на пешаходным пераходзе яе зьбіў аўтамабіль, якім кіраваў п’яны выканаўца абавязкаў начальніка Баранавіцкага ДАІ Андрэй Валкавыцкі.

Андрэй Валкавыцкі, фота газэты "Наш край"
Андрэй Валкавыцкі, фота газэты "Наш край"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG