Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозаўскім раёне ў дармаеды запісваюць вайскоўцаў, хворых і нават нябожчыкаў


Валеры Білібуха
Валеры Білібуха

У вёсцы Кабакі Бярозаўскага раёну лісты аб неабходнасьці сплаціць «дармаедзкі збор» прыйшлі маладому хлопцу, які не працаваў, бо служыў у войску, а таксама хворай жанчыне. А ў Малечы лісты даслалі нават памерлым.

Як распавёў дэпутат Першамайскага сельсавету Валеры Білібуха зь вёскі Кабакі, днямі ліст з падатковай аб неабходнасьці заплаціць «збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў» атрымаў яго сын Вадзім:

«Выходзіць, ён зьяўляецца дармаедам. Але ж мой сын працуе лесьніком са жніўня 2015 году. А ў траўні мінулага году ён дэмабілізаваўся з войска. Тэлефаную ў падатковую інспэкцыю, пытаюся, што гэта такое. А яны мне кажуць, прывязі, маўляў, яго пашпарт і вайсковы білет. То гэта я павінен пашпарт ім вазіць? Мы ў якім стагодзьдзі жывём? Яны што, ня могуць зьвярнуцца ў ваенкамат?» — абураецца спадар Білібуха.

Яшчэ адзін зьдзіўлены лістом з падатковай жыхар Кабакоў — будаўнік мясцовага калгасу Генадзь Кандрацюк. У дармаедкі запісалі ягоную жонку Галіну, якая даўно не працуе праз хваробу:

Генадзь Кандрацюк
Генадзь Кандрацюк

«У маладосьці яна працавала, але ўжо даўно ня можа. У яе шызафрэнія. Яна і ў Навінках ляжала. У нас чацьвёра дзяцей, я кармлю і іх, і жонку. Двое дзяцей яшчэ вучацца. І мне дзяржава не дала нічога, я сам утрымліваю сям’ю, працуючы на будоўлі. Інваліднасьці жонцы не даюць. Быў у псыхіятра, сказалі, што будзьце, маўляў, ласкавыя, пакуль ёсьць блізкія сваякі, то ўтрымлівайце. А групу не даюць».

Паведамленьне Галіне Кандрацюк пра тое, што яна мусіць сплаціць «збор на дармаедзтва»
Паведамленьне Галіне Кандрацюк пра тое, што яна мусіць сплаціць «збор на дармаедзтва»

Генадзь кажа, што думае цяпер зьвяртацца да лекараў, каб зрабіць даведку для падатковай інспэкцыі, што жонка ня можа працаваць праз хваробу. Сплаціць за жонку падатак, кажа Генадзь, яму вельмі складана, бо цяпер гэта фактычна ягоны месячны заробак.

Валеры Білібуха распавёў, што ў суседнім мястэчку Малеч ведае сама меней дзьве сям’і, якім паведамленьні аб сплаце падатку на дармаедзтва прыйшлі на памерлых некалькі гадоў таму людзей:

«Да чаго ўжо дзяржава дайшла, што нават людзям, якія памерлі 5-10 гадоў таму, прыходзяць лісты, каб плацілі падаткі. Павал Сьмірноў і Алег Кузьміч з Малеча — іх жа ўжо даўно ў жывых няма, а прысылаюць ім лісты, што яны зьяўляюцца дармаедамі. Гэта выходзіць, што яны яшчэ і з таго сьвету падаткі запазычылі? Гэта ж абсурд, ні ў адной цывілізаванай краіне сьвету такога няма!»

Інспэкцыя абвяргае

У інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў Бярозаўскага раёну ў такое не паверылі. Начальніца інспэкцыі Тацяна Білібуха ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды перапытвала, ці сапраўды прыходзілі апавяшчэньні аб неабходнасьці сплаціць падатак, ці гэта былі нейкія ўдакладненьні:

«Апавяшчэньні на сплату прыйшлі яшчэ мала якім грамадзянам, у нас дагэтуль адпрацоўваецца інфармацыя, — кажа Тацяна Білібуха і прапануе разьбірацца з кожным выпадкам. — Такога, безумоўна, не павінна было атрымацца. Мы адпрацоўвалі ўсе сьпісы ўручную з кожным чалавекам ці зь ягоным блізкім сваяком».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG