Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепш матэрыяльнае, чым тое, што прапануюць „кавалі духоўнасьці“ на Маркса, 38»


Зь якімі каштоўнасьцямі зьбіраецца перамагаць Беларусь?

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Вячаслаў Ракіцкі, Ігар Карней.

Ракіцкі: Пры канцы мінулага тыдня ў Менску адбыўся пяты форум маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. СМІ: маральнае вымярэньне», які арганізавалі Міністэрства інфармацыі, Беларускі саюз журналістаў і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). На ім намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Бузоўскі заявіў, што імкненьне грамадзтва да матэрыяльных выгодаў і адыход ад традыцыйных каштоўнасьцяў зьяўляюцца выклікам часу, зь якім дзяржава ня можа не лічыцца. Паводле высокага чыноўніка, «грамадзкія працэсы, маштабныя тэндэнцыі, якія да нас ідуць, эўрапейскія каштоўнасьці, магчыма, нават якія зьяўляюцца міжнароднымі нейкімі стандартамі, зьвязаныя з паняцьцем сацыялізацыі ў грамадзтве. Але якім чынам мы сёньня сфармуем дзяржаву, калі яны фармуюцца як „я“, „вакол мяне“, „тут і цяпер“, „правы чалавека“, „правы дзіцяці“. Гэта значыць, у цэнтры „я“, а далей — трава не расьці. Гэта сацыялізацыя ці гэта дэсацыялізацыя?» (канец цытаты).

Гаварыў ён і пра інфармацыйную вайну супраць Беларусі, заклікаючы журналістаў узяць у ёй чынны ўдзел. Там жа і міністар інфармацыі Лілія Ананіч падкрэсьліла, што «менавіта дзяржаўныя прыярытэты павінны быць у аснове рэдакцыйнай палітыкі, накіраванай на стварэньне».

Што тычыцца вайны і параўнаньня сытуацыі з 1941 годам, дык Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўвесь час знаходзіцца ў нейкіх войнах. Увогуле, вайсковы слэнг, які суправаджае беларусаў яшчэ з савецкіх часоў, звыклы для іх вуха і сёньня. Штогод успыхваюць бітвы за ўраджай, нейкія харчовыя войны з Расеяй, і пра інфармацыйную вайну мы ня першы раз чуем. Ніхто гэтых войнаў краіне не абвяшчае, але ўлада ўвесь час імі палохае, сьпісваючы свае насамрэч эканамічныя паразы на нейкіх ворагаў. Гэтым разам зброяй ворагаў Беларусі сталі іхныя маральныя каштоўнасьці. А Беларусь, і, найперш, айчынныя журналісты, павінны даць адпор сваім пяром.

Якія ж каштоўнасьці, паводле Бузоўскага, для Беларусі зьнішчальныя? Найперш — імкненьне сучаснага чалавека да дабрабыту, матэрыяльных выгодаў.

Якія ж каштоўнасьці, паводле Бузоўскага, для Беларусі зьнішчальныя? Найперш — імкненьне сучаснага чалавека да дабрабыту, матэрыяльных выгодаў. Але ж імкненьне да гэтага — у самой прыродзе чалавека. Няўжо спадар Бузоўскі адмаўляецца ад смартфона, аўтамабіля, якаснай ежы, вопраткі? Ходзіць пехам, есьць толькі бульбу з малаком, абы ня ўмерці?! Нават на інстынктыўным узроўні кожны чалавек ня хоча быць галодным, ён хоча жыць, а не існаваць, карыстацца ўсімі заваёвамі цывілізацыі. Ягоны матэрыяльны стан — безумоўная каштоўнасьць. Да таго ж імкненьне чалавека да заможнасьці ёсьць рухавіком прагрэсу. Толькі чалавек, які хоча быць багатым, можна вынайсьці і вырабляць «гаджэты, айфоны, пляфоны, якія будуць прыносіць багацьце ў будучыні». Няўжо Бузоўскі ня слухаў Лукашэнку?! Імкнучыся зарабляць, чалавек стварае. Чалавек, адзіным жаданьнем якога ёсьць ня быць галодным, нічога ня створыць. Жабрацтва — хіба, загана, а не каштоўнасьць. Тое ж — праца пад прымусам, за пайку і пад агітацыю прапагандысцкіх СМІ.

Перадусім — дзяржава, пасьля — чалавек. Чалавецтва адрынула гэты пастулят, ён выявіў сваю сутнасьць пры таталітарных і дыктатарскіх рэжымах. Рэжым Лукашэнкі гэтую і ёй падобную ідэі зноў выцягвае на сьвет Божы. І патрабуе ад журналістаў гэтыя пастуляты ўслаўляць. Навошта? Дзеля аховы сыстэмы, якая даўно збанкрутавала і ня мае ніякай пэрспэктывы.

Каштоўнасьці вызначае не адзін чалавек і нават ня ўвесь дзяржаўны апарат разам зь яго ідэолягамі. Каштоўнасьці зьменлівыя ў зьменлівым сьвеце, яны залежаць ад ступені свабоды, дэмакратыі, разьвіцьця эканомікі, навукова-тэхнічнага працэсу. Натуральна, непарушнымі застаюцца каштоўнасьці адвечныя — «не забі», «не скрадзі» і ім падобныя. Унівэрсальныя, агульначалавечыя, па-над расамі, народамі, рэлігіямі, тым болей, дзяржавамі.

Дзяржава, якая падаўляе і нават ставіць пад сумнеў каштоўнасьць свабоды і правоў чалавека, ня можа быць у яго ўсьведамленьні каштоўнасьцю.

Сёньня каштоўнасьцямі сталі тыя, што былі здабытыя чалавецтвам у змаганьнях за свабоду — эканамічную, палітычную, індывідуальную. Дасягнуўшы гэтых свабодаў, скарыстаўшыся імі, людзі зразумелі, што свабоды трэба шанаваць, берагчы.

І найпершай каштоўнасьцю зьяўляецца ў сучасным сьвеце чалавек зь ягонымі свабодамі і правамі. Дзяржава павінна гэта ўсьведамляць, абараняць годнасьць яе грамадзянаў. І толькі тады людзі ўсьвядомяць, што такая дзяржава ёсьць таксама каштоўнасьцю, што яе трэба шанаваць, працаваць на яе ўмацаваньне. Не чалавек для дзяржавы, а дзяржава для чалавека. Дзяржава, якая падаўляе і нават ставіць пад сумнеў каштоўнасьць свабоды і правоў чалавека, ня можа быць у яго ўсьведамленьні каштоўнасьцю. Прымусіць чалавека служыць дзяржаве можна з дапамогаю карных мэханізмаў ці нават ідэалягічным прэсінгам, але паверыць у такую каштоўнасьць чалавек ня зможа.

Ставіць дзяржаву вышэй за чалавека — гэта ня тое што не каштоўна, а амаральна. Амаральная прэса будзе выхоўваць і амаральных людзей.

Але, на шчасьце, такую прапагандысцкую прэсу, якую б хацелі бачыць Ананіч і Бузоўскі, сучасныя маладыя людзі чытаць ня будуць. Не павераць яны казкам журналістаў пра нейкі ідэал і справядлівае, заможнае грамадзтва, бо ў іх ёсьць вочы і вушы, каб убачыць, што жывуць яны ў несправядлівай, неправавой і беднай дзяржаве. Казкам не павераць нават калі іх усіх загоняць у БРСМ. Так, яны прагаласуюць за месца ў інтэрнаце на датэрміновых выбарах. А верыць яны будуць у тыя каштоўнасьці, у якія вераць іхныя аднагодкі ў цывілізаваным і заможным сьвеце — у свабоду думкі, слова, самавыяўленьня, у эканамічную свабоду, нарэшце, у тое, што ў іх ёсьць ня толькі абавязкі перад дзяржавай, але і правы, якія дзяржава павінна ім гарантаваць. Пах нафталіну савецкай эпохі не для сучаснага носу. Сучасная Беларусь пры ўсіх выдатках дэмакратыі, пры ўсёй самаізаляцыі ўжо значна больш адкрытае грамадзтва, чым у часы БССР, і інфармацыю пра новы сьвет, прывабны для моладзі, не схаваць.

Беларуская дзяржава сама выкапала сабе акоп, у які хоча загнаць людзей і трымаць там нейкую абарону — абарону ад сьвету, яго новых каштоўнасьцяў.

Ніхто зь Беларусьсю не зьбіраецца ваяваць. Ні на танках, ні рассыпаючы з самалётаў тэксты Дэклярацыі правоў чалавека, якую, дарэчы, Беларусь падпісала. Беларуская дзяржава сама выкапала сабе акоп, у які хоча загнаць людзей і трымаць там нейкую абарону — абарону ад сьвету, яго новых каштоўнасьцяў. Час завучваньня на памяць цытатаў Леніна, Сталіна, Гітлера, Мао, Брэжнева — мінуў. Час не павернецца назад. І ў акопах людзі ўжо патрабуюць і з кожным днём будуць яшчэ больш патрабаваць паважаць іхныя правы, у тым ліку і на свой матэрыяльны дабрабыт. Захад не адступіцца ад сваёй найвышэйшай заваёвы. Сёньня Ангела Мэркель, кіраўнік ключавой эўрапейскай дзяржавы — Нямеччыны, паведамляючы пра сваё рашэньне балятавацца на канцлера на новы тэрмін, яшчэ раз заявіла, што «калі мы кажам пра палітыку, то гэта заўсёды пытаньне раўнавагі і балянсу інтарэсаў, кампрамісаў, прагрэсу — мы ідзем наперад, крок за крокам, — і я заўсёды імкнуся гэта рабіць, грунтуючыся на нашых каштоўнасьцях: дэмакратыі, свабодзе, павазе да закону, годнасьці да кожнага чалавека, незалежна ад яго мінулага, колеру скуры, рэлігіі, полу, сэксуальнай арыентацыі і палітычных поглядаў».

Ну, што ж, рэжыму Лукашэнкі нічога не застаецца, як сядзець у сваім акопе, калі ён не прымае тыя каштоўнасьці, паводле якіх ужо даўно жыве сьвет.

У тым, што сёньня сьвет прыходзіць да асэнсаванага ўсьведамленьня і прыняцьця новых маральных каштоўнасьцяў, што на першы плян выйшлі правы і свабоды чалавека, Лукашэнкаў ідэоляг вінаваціць і журналістыку, якая «не ўсьведамляе сваю працу ў гэтым кірунку».

Зноў прыраўняўшы СМІ да байцоў на фронце, Бузоўскі паклікаў журналістаў на інфармацыйную вайну. І дадаў: «Фактычна мы перажываем другі 41-ы год, толькі тады нашы дзяды і прадзеды выстаялі, а ці здолеем мы выстаяць — гэта пытаньне».

Зноў прыраўняўшы СМІ да байцоў на фронце, Бузоўскі паклікаў журналістаў на інфармацыйную вайну.

Калегі, а як вы лічыце, ці насамрэч Захад пайшоў на Беларусь вайною? Якімі «міжнароднымі каштоўнасьцямі» ён хоча заваяваць беларускую дзяржаву? Ці выстаіць Беларусь у гэтай вайне? Ці дасьць адпор ворагу? І якой зброяй зьбіраецца ваяваць? А мо насамрэч сучасныя маральныя каштоўнасьці, якія сталі ўжо стандартам, нясуць пагрозу беларускаму грамадзтву?

Гурневіч: Найперш пра параўнаньне сытуацыі з 1941-м годам. Калі параўноўваць зь Першай, Другой Сусьветнымі войнамі, з Галакостам, то гэта элемэнтарная адсутнасьць павагі да гэтай вайны, масавага зьнішчэньня людзей, сьлёз і гора мільёнаў. Калі нападае моцны вораг і мала рычагоў уплыву на сытуацыю, то гэта драма. Але ў сытуацыі, пра якую кажа Бузоўскі, якраз усе рычагі ў яго руках. Дзяржава, у якой ён займае важную пасаду, можа накідаць трэнды, ідэалы. Яна магла б гэта рабіць ужо ў Беларусі 22 гады — роўна столькі, колькі кіруе цяперашні кіраўнік краіны.

Гэтая дзяржава — манапаліст у пытаньнях маралі. У яе руках і садкі, і школа, вышэйшая адукацыя, СМІ, праваахоўныя органы і ўсё іншае. Улада ў Беларусі нязьменная. Дык чаго тут наракаць Бузоўскаму?

Калі глядзіш беларускія дзяржаўныя тэлеканалы ці чытаеш газэты, то складаецца ўражаньне пра ідылію ў краіне. Акрамя крымінальнай хронікі, у нас увогуле праблем няма. І Бузоўскаму становіцца жудасна, што моладзь бярэ інфармацыю ў інтэрнэце, столькі там уся нядобрага і празьмерная свабода. СМІ, якія кантралююць Ананіч, Бузоўскі, Лукашэнка — гэта СМІ ня ўзроўню супэрвысокага. Гэта тая самая папса, якой кормяць моладзь у любой краіне сьвету. Я ня бачу там вялікай дыскусіі пра праблемы алькагалізму ў Беларусі. Калі ласка, вось тэма для агульнанацыянальнай дыскусіі. Але яе няма. А між тым, Беларусь ва ўсіх падобных рэйтынгах стаіць на высокіх месцах.

Трэба павышаць дабрабыт у дзяржаве, рабіць яе бясьпечнай, камфортнай, і ў такой дзяржаве кожны грамадзянін захоча быць сапраўды паўнавартасным грамадзянінам.

Іншая праблема — наркаманія. Быццам бы йдзе змаганьне зь ёй, але няма дыскусіі на гэтую тэму. Ці праблема самагубстваў — пра гэта таксама не гаворыцца. Зразумела, чаму: калі будзе адбывацца артыкуляцыя гэтых праблем, то натуральна, трэба прызнаць, што мы прайграем на гэтых франтах. Вось гэты фронт, на якім трэба змагацца, а не шукаць замежныя каштоўнасьці. Ідзе змаганьне зь нейкім прывідам! На дзяржаўных ток-шоў змаганьне зь нейкімі гей-парадамі, эўтаназіяй — праблемамі, якія ўвогуле ня маюць значэньня ў Беларусі.

Трэба павышаць дабрабыт у дзяржаве, рабіць яе бясьпечнай, камфортнай, і ў такой дзяржаве кожны грамадзянін захоча быць сапраўды паўнавартасным грамадзянінам і не цягнуцца па спайсы і алькаголь. А калі людзі ня бачаць будучыні, пэрспэктывы, натуральна, што яны будуць ужываць такія сродкі, якія зьмяняюць іх сьвядомасьць. Бо кіруючая ўлада стварыла такую рэальнасьць ад якой хочацца проста ўцячы.

Галоўная каштоўнасьць — гэта свабода чалавека. Калі чалавек зразумее, што ён успрымаецца як самакаштоўнасьць, тады ён таксама будзе адчуваць павагу да дзяржавы і да сябе, бо інакш будзе так, як цяпер. І будуць карміць такім танным папулізмам пра Захад, які пагражае.

Карней: Выглядае, што спадар Бузоўскі (хоць у дадзеным кантэксьце больш да месца будзе «таварыш», колішні першы сакратар праўладнага БРСМ, наўпрост працягвае традыцыі камсамольцаў-камуністаў) сур’ёзна заклапочаны пройгрышнымі пазыцыямі ў інфармацыйнай вайне.

Перавыхаваць савецкасьць у галовах тых, хто сёньня кіруе краінай, цяжка, а, можа, і ўвогуле немагчыма.

З аднаго боку, сапраўды, няма цяжкой артылерыі, якая магла б гэтак жа эфэктыўна замбаваць насельніцтва, як кісялёўска-салаўёўская прапаганда ў Расеі. Зь іншага боку, Беларусі тую «вайну» нібыта ніхто і не абвяшчаў: хоць Менску і карціць лічыць сябе значным гульцом на міжнароднай арэне, усё ж ня той калібар, каб разглядаць яго ў якасьці паўнавартаснага праціўніка.

Наогул пра Лукашэнку на Захадзе згадваюць найперш тады, калі абкладаюць санкцыямі за выбарчыя фальсыфікацыі і гвалт над апанэнтамі, альбо робяць спробы перакупіць за паступовае аддаленьне ад Масквы. Але перавыхаваць савецкасьць у галовах тых, хто сёньня кіруе краінай, цяжка, а, можа, і ўвогуле немагчыма.

Клопат Бузоўскага пра маральнасьць сучаснага пакаленьня быў бы да месца, каб не адна акалічнасьць: на розных ідэалягічных пасадах ён сам рабіў усё, каб зьнішчыць у людзях усялякую індывідуальнасьць. Усе гэтыя адроджаныя піянэры, бээрэсэмаўцы, праўладныя «Белыя Русі» і г.д. будуюцца якраз на прынцыпе статкавай сьвядомасьці ды існаваньня паводле разнарадкі зьверху. Загадалі — выканаў, ніякай ініцыятывы быць не павінна.

Цалкам лягічна, што ў міжнародным кантэксьце выбудаваную ад галавы да пят вэртыкаль можа цікавіць толькі гэткая ж блізкая ідэалёгія — расейская. Адпаведна, з навязьлівай маніяй паўтарэньня 41-году зь лёзунгамі на нямецкіх БМВ «Спасибо деду за Победу», шчыльнага кальца натаўскіх ворагаў і іх бандэраўскіх памагатых, нібыта паўсюднага жаданьня «накланіць» маленькі, але годны народ.

Усё, што па-за звыклымі прапагандысцкімі рамкамі, — апрыёры варожае і мусіць выклікаць дзяржаўную заклапочанасьць.

У гэты антураж выдатна ўпісваецца міністар унутраных спраў у форме афіцэра НКУС на ваенным парадзе, прыём з хлебам-сольлю пуцінскіх байкераў Залдастанава, перасьлед беларускіх добраахвотнікаў на баку Ўкраіны і ігнараваньне прыхільнікаў прарасейскіх сэпаратыстаў, адкрыцьцё помніка Леніну на дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, самасуд кіраўніка ячэйкі БРСМ над дэмакратычнымі актывістамі з наступнай кампаніяй «народнага абурэньня» на інтэрнэт-форумах.

Усё, што па-за звыклымі прапагандысцкімі рамкамі, — апрыёры варожае і мусіць выклікаць дзяржаўную заклапочанасьць. Папярэднікі Бузоўскага ў прэзыдэнцкай адміністрацыі адзначыліся тым, што склалі «чорны сьпіс» няўгодных беларускіх музыкаў. На іх — наўпроставая адказнасьць за зьнішчэньне «Аўтарадыё» і апасрэдавана — за дачасную сьмерць яго заснавальніка Юрыя Базана. Чалавек проста не перажыў несправядлівае рашэньне. Рознага кшталту камітэты па маральнасьці на чале з састарэлымі «экспэртамі» вырашаюць, каго з замежных выканаўцаў беларускай публіцы можна слухаць, а каго — не, якія кінафільмы паказваць, а якія хаваць на паліцы.

Гэта ваш Сталінград, таварыш Бузоўскі.

Таварыш Бузоўскі заклапочаны, што матэрыяльнае пераважвае над духоўным. Шчыра кажучы, лепш матэрыяльнае, чым тое, што прапануюць «кавалі духоўнасьці» на Маркса, 38. Дый наўрад ці тое надоўга: зь цяперашнімі тэндэнцыямі ў эканоміцы «жыраваць» засталося яўна нядоўга, многія ў літаральным сэнсе зарабляюць толькі на дзённую талерку супу.

Пад тэкстам чыноўнік перажывае, што ў беларусаў яшчэ ёсьць магчымасьць праз інтэрнэт параўноўваць рэаліі ў Беларусі і ў цывілізаваным сьвеце. Ясна, што зручней было б ня мець такога вакна ў Эўропу, жыць за высокім плотам і думаць, што гэта і ёсьць рай, пра які вяшчае Беларускае тэлебачаньне. На жаль (для Бузоўскага ды яму падобных), можна тэхнічна заблякаваць асобныя рэсурсы, але забараніць віртуальную прастору як такую не па сілах нават таемным праграмістам Камітэту дзяржбясьпекі.

Таму калі намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі рашуча настроены супрацьстаяць інфармацыйнай, культурнай, сацыяльнай экспансіі звонку, сапраўды нічога не застаецца, як рыхтавацца трымаць кругавую абарону. Так што гэта ваш Сталінград, таварыш Бузоўскі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG