Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць Івана Барбашынскага, чый брат памёр у СІЗА. Анлайн

У судзе Слуцкага раёну аднавіўся разгляд крымінальнай справы супраць братоў Ігара і Івана Барбашынскіх, якіх абвінавачваюць у непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыянтаў і нанясеньні ім цялесных пашкоджаньняў. Ігар Барбашынскі памёр 20 верасьня ў Жодзінскім СІЗА, не дачакаўшыся вынікаў экспэртызаў, на лаве падсудных застаўся толькі яго малодшы брат Іван.

Барбашынскія былі затрыманыя 20 сакавіка, Івану пагражае да 5 гадоў турмы. Абвінавачаныя не прызнавалі сваёй віны і ў сваю чаргу абвінавацілі міліцыянтаў у хлусьні і разбойным нападзе з прычыненьнем цялесных пашкоджаньняў і ламаньнем рабрынаў аднаму зь іх. Ігар Барбашынскі памёр пры нявысьветленых абставінах, на галаве ў яго зафіксавалі рубец месячнай даўніны, на целе — 17 гематомаў, папярэдні дыягназ «энцэфалія нявысьветленай этыялёгіі».

Маці братоў называе Жодзінскую турму «не турмой, а лягерам сьмерці» — таксама там 29 студзеня памёр здаровы 36-гадовы жыхар Менску Алег Багданаў.

17:26 16.11.2016

Абвешчаны перапынак, паседжаньне адновiцца 17 лiстапада а 10:30. Абвiнавачаны Iван Барбашынскi застанецца ў сьледчым iзалятары ў Слуцку. Мацi Iвана: «Мы ня трацім веры, што праўда будзе на нашым баку». Пацярпелыя мiлiцыянты адразу пакiнулi будынак суду.

17:18 16.11.2016

Вiдэазапiс з кавярнi далучаны да справы. Пачаўся прагляд запiсу зь вiдэарэгiстратара службовай машыны патрульна-паставой службы.

16:31 16.11.2016

Сваякі, сябры, знаёмыя, проста прысутныя на судзе пішуць просьбу вызваліць з Жодзінскага СІЗА
Сваякі, сябры, знаёмыя, проста прысутныя на судзе пішуць просьбу вызваліць з Жодзінскага СІЗА

16:02 16.11.2016

Судзьдзя запрасiла пацярпелага мiлiцыянта, пракурора i адваката да прагляду запiсу з камэры назiраньня ў кавярнi, дзе позна вечарам 19 сакавiка адпачывалi браты Барбашынскiя.

16:01 16.11.2016

Судзьзя зачытвае матэрыялы справы, да якіх далучылі запіс з кнігі рэгістрацыі Слуцкага РУУС.

15:46 16.11.2016

Лысечка: «У слухаўцы я таксама пачуў фразу «Праедзем, таварыш маёр».
Паводле сьведкі, усяго ўначы 20 сакавіка яму тэлефанавалі двойчы: адзін раз Ігар і адзін — Іван.

15:23 16.11.2016

Сьведка Дзьмітры Лысечка пачынае даваць паказаньні: "А першай ночы 20 сакавіка раздаўся званок ад Івана. У слухаўцы было чуваць спрэчку на падвышаным тоне. А пасьля: "Мужыкі, ня біце яго, калі ласка!"

15:22 16.11.2016

Адвакат просіць далучыць да справы раздрукоўку званкоў з мабільнага тэлефона Ігара Барбашынскага. Той ноччу ён тэлефанаваў свайму сябру і дырэктару фірмы, дзе працаваў, з просьбай пра дапамогу.

15:01 16.11.2016

Білі ботамі

Паводле дакумэнтаў справы, раней, падчас вочнай стаўкі з прапаршчыкам Ламейкам, Іван Барбашынскі сьцьвярджаў: «Пры затрыманьні мяне білі ботамі, прыціскалі да сьценкі ўнутры машыны».

14:57 16.11.2016

Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае матэрыялы справы, у тым ліку заключэньне экспэрта па выніках мэдычнага агляду, праведзенага 20 сакавіка.

На наступны дзень пасьля затрыманьня ў Івана Барбашынскага былі выяўленыя пераломы шостага і сёмага рэбраў, траўма грудной клеткі, крывападцёк у вобласьці нырак і некалькі крывападцёкаў на голені.

14:35 16.11.2016

Паседжаньне аднавілася. Івана Барбашынскага прывялі ў залю ў кайданках.

12:47 16.11.2016

Івана Барбашынскага вывелі з будынку суду. Бліжэйшыя 2 гадзіны ён правядзе ў ізалятары.

12:46 16.11.2016

12:37 16.11.2016

Для разгляду «вялікага аб’ёму дакумэнтаў» судзьдзя абвясьціла перапынак да 14.30.

12:36 16.11.2016

Справу супраць памерлага ў СІЗА спынілі

Суд разгледзеў хадайніцтва адваката. У дачыненьні да памерлага Ігара Барбашынскага крымінальная справа была спыненая.

12:32 16.11.2016

Паседжаньне аднавілася.

12:27 16.11.2016

Перапынак, які быў абвешчаны на 30 хвілінаў, зацягнуўся на гадзіну.

12:01 16.11.2016

Актывісты і сябры Барбашынскіх падпісваюць калектыўны ліст да судзьдзі з просьбай, каб Івана не вярталі ў Жодзінскае СIЗА.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG