Мяркуецца, што на яго прыедуць каля 400 дэлегатаў зь усёй Беларусі, паведаміў Свабодзе адзін з лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:
«Пасьля прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў да нас прыйшлі каля тысячы новых людзей. Адна тысяча — гэта як раз той мінімальны парог, ад якога ў Беларусі можна рэгістраваць палітычную партыю. Не скажу, што ўсе нашыя актывісты лічаць гэта неабходным. Але тут ёсьць тэма для дыскусіі. Таму мы вылучылі яе ў асобнае пытаньне.
Яшчэ два пытаньні для дэлегатаў — гэта стратэгія „Гавары праўду“ да 2020 году і вызначэньне нашага фармату ўдзелу ў мясцовых выбарах, якія павінны адбыцца ў лютым 2018 году.
Перад намі стаяць новыя выклікі. І мы пачынаем чарговы этап рэалізацыі стратэгіі мірных пераменаў».
Яшчэ адзін лідэр «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч сказала Свабодзе, што пасьля форуму кампанія зноў паспрабуе афіцыйна зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі. Чатыры папярэднія такія спробы не далі станоўчага выніку.