«Такіх паводзінаў АМАПу пры затрыманьні я не памятаю даўно. Можа быць, нават, мяне ніколі так ня мялі на падлозе буса, як мялі ў гэты сьвяточны дзень 7 лістапада 2016 году», — піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч, якога затрымалі сёньня ў Менску ў часе адкрыцьця помніка Леніну ля МТЗ.
Дашкевіч са сваімі паплечнікамі скандаваў: «Ганьба!» ды трымаў у руках аркушы паперы з цытатамі Леніна аб мэтазгоднасьці тэрору. Трое АМАПаўцаў закінулі Дашкевіча ў мікрааўтобус і кінулі на падлогу. Што было далей — апісвае сам Зьміцер:
«- Ты ведаеш, хто такі Ленін? — гаркнуў АМАПавец, стоячы нада мною.
— Гэта Сатана, — адказаў я з падлогі, — а вы, абаронцы ягоныя, дзеці Сатаны.
Гэта разьюшыла і без таго разьюшаных ліхадзеяў. Адзін зьняў падгалоўнік з крэсла і пачаў малаціць мяне ім па галаве. Я падняў рукі і абараняўся, тады іншы учапіўся за мае рукі і разьняў іх — каб я ня мог прыкрываць галаву. Я пачаў маліцца. „Ісус Хрыстос бароніць мяне, а вы, дзеці Сатаны, сваё атрымаеце“. Пасьля такога беснаватым сталася зусім кепска і тады адзін засунуў мне пальцы ў ноздры і задраў галаву, а другі тыкаў дубінкай у зубы і галасіў: „Смакчы, падла, смакчы!“ Супакойвацца пачалі толькі тады, як расквасілі дубінкай мне вусны і пусьцілі кроў. Відаць, сакральнае кровапраліцьцё ніхто ў іх не адмяняў.
Можна было б наракаць, гляньце, маўляў, што робяць з іншадумцамі. Але, зь іншага боку, мы бачым, што робяць „са звычайнымі“ людзьмі — спраўляюць жывёльную патрэбу прама на галовы затрыманых. Дык мне можна яшчэ быць удзячным, што на мяне не памачыліся пасьля ўсяго?»
«Як такія вычварэнцы працуюць у сілавых структурах?» — задае пытаньне Зьміцер Дашкевіч.