Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар БРСМ зьбіў Дашкевіча з крыкам «Ленін, партыя, камсамол!» ФОТА


Сёньня на ўрачыстым адкрыцьці помніка Леніну ля МТЗ лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча брутальна зьбілі людзі ў цывільным.

Пасьля Дашкевіча затрымалі супрацоўнікі АМАП і гвалтоўна аднесьлі яго ў міліцэйскі мікрааўтобус. «Сьвяточнае шоў лічыцца адкрытым!» — прамовіла ў мікрафон вядоўца.

Мерапрыемства было прызначана на 13:00, аднак пачалося на паўгадзіны пазьней. Кепскае надвор’е ня стала перашкодай для аматараў Леніна. Людзі сталага веку зь кветкамі ў руках чакалі пад парасонамі, а моладзь у куртках з сымболікай Камуністычнай партыі Беларусі трымала вялікія чырвоныя сьцягі. З канцэртнай пляцоўкі даносілася: «Мы рождены, чтоб сказку сделать былью...»

Зьміцер Дашкевіч стаяў асобна ад усіх і не прыцягваў увагі. Паступова ззаду яго пачалі абступаць АМАПаўцы. Калі кіраўніцтва МТЗ абвесьціла, што пачынаецца адкрыцьцё, Дашкевіч і прынамсі два ягоныя паплечнікі выйшлі наперад, скандуючы «Ганьба!». У руках яны трымалі аркушы паперы з цытатамі Леніна аб мэтазгоднасьці тэрору. Ніякіх гвалтоўных дзеяньняў маладафронтаўцы не прадпрымалі.

У гэты ж момант да Дашкевіча падскочылі некалькі чалавек у цывільным, выхапілі з рук паперку, парвалі яе і пачалі штурханіну. Адзін зь іх асабліва вылучыўся: малады чалавек у акулярах нанёс Дашкевічу хаатычныя ўдары па тулаве, паваліў актывіста на зямлю і працягнуў зьбіваць з крыкам «Ленін, партыя, камсамол!».

Карэспандэнт Свабоды паспрабавала запытаць у агрэсіўнага маладзёна, якую структуру ён прадстаўляе і за што зьбівае Дашкевіча. У адказ той моцна адштурхнуў журналістку. Як высьветлілася пазьней, гэта быў другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Клішэвіч.

Пасьля непрацяглай штурханіны ля помніку трое АМАПаўцаў у форме падхапілі Дашкевіча на рукі і панесьлі ў сіні мікрааўтобус. Міліцыянты перашкаджалі прэсе весьці здымку, фізычна спынялі карэспандэнтаў па дарозе да мікрааўтобусу. Меркавана, цяпер лідэр Маладога Фронту знаходзіцца ў адным з РУУС. Ці былі яшчэ затрыманыя — праваабаронцы пакуль не паведамляюць.

«Сьвяточнае шоў лічыцца адкрытым!» — сказала вядоўца. Пад урачыстую музыку ля прахадной МТЗ паехалі трактары з прымацаваным дзяржаўным сьцягам РБ і расейскім трыкалёрам — найлепшыя ўзоры вытворчасьці заводу. На натоўп паляцелі рознакаляровыя канфэці, заіскрыліся фаервэркі. З прамовай выступілі міністар прамысловасьці і дырэктар МТЗ. За афіцыйнай часткай распачалася канцэртная, зноў загучалі вясёлыя савецкія сьпевы.

Праз паўгадзіны людзі амаль разышліся. Некаторыя яшчэ стаялі пад павецьцю, хаваючыся ад мокрага сьнегу.

— Я ня ведаю, ці правільна паступіў гэты Дашкевіч, — сказаў Свабодзе мужчына сталага веку, які назваўся Мікалаем. — Але і ставіць помнік, калі ў заводу і так няма грошай, ідуць скарачэньні, — неяк недарэчна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG