Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбурыць саркафагі страху


Ці даводзілася Вам, шаноўныя, чытаць кнігу, дзе кожны тэкст знаёмы, вядомы, хоць кнігу трымаеш у руках упершыню? Але ўсё роўна перачытваеш старонку за старонкай, ня можаш адарвацца, бо напісана таленавіта, цікава. А яшчэ прываблівае тое, што прымаеш і падзяляеш аўтарскія думкі, пачуцьці, настроі. І цябе гэтак жа хвалюе тое, што хвалюе яго.

Менавіта такая кніга трапіла мне — «Саркафагі страху» Міхася Скоблы. Літаральна кожны тэкст яе знаёмы, бо прачытаны на сайце Радыё Свабода, а некаторыя яшчэ і перачытаныя ў «Дзеяслове», «Літаратурнай Беларусі», «Нашай Веры», «Ave Maria» ці як прадмовы да падрыхтаваных аўтарам кнігаў.

Падтытул-наватвор «Прознае» можа расчытаць і як у сьпешцы вымаўленае «Пра рознае», і як падказку, што гэта не публіцыстыка, а проза. Непрыдуманая, па-мастацку выбудаваная, адшліфаваная. Кожны асобны тэкст — як адметны твор, і ўся кніга — як цікавая проза таленавітага аўтара. Пяць частак пераклікаюцца, дапаўняюць адна другую, ствараюць шырокую панараму айчыннага літаратурнага і калялітаратурнага працэсу, адлюстроўваюць аўтарскі погляд на яго.

Першая, «Бараніць вульлі свае», асноўным матывам мае змаганьне. Зусім не змаганьне ратнае. Тут паўстаюць постаці тых, хто бараніў беларускі дух, беларускае слова. Хто змагаўся і перамагаў. Нат калі заставаўся ў сваім змаганьні самотным. Як Ларыса Геніюш, нязломная змагарка, бо «з рабра беларускай вярбы», як Уладзімер Дамашэвіч — «нацыяналіст у кубе», як Зоська Верас, якая ад самага пачатку свайго чыну пастанавіла «бараніць вульлі свае». Як Валерыя Навадворская, што «і адна ў полі — воін»... Адзначым аўтарскае майстэрства даваць сваім эсэ надзвычай удалыя назвы.

І сам пісьменьнік таксама бароніць і змагаецца. За нашу спадчыну, за гонар тых, хто сам адказаць не можа. Тут — за Янку Купалу.

З кім толькі не вандруе аўтар па сьцежках-дарогах Беларусі, пераходзячы яе межы, а часам нат уздымаючыся высока над зямлёй. І нас у гэтую вандроўку запрашае. Не проста дзеля таго, каб нешта новае ўгледзець, пазнаць. А каб расказаць пра знакамітых асобаў, іх шляхі, іх змаганьне. У кожнага яны былі сваімі, адметнымі.

Цалкам лягічна, што першым у шэрагі герояў кнігі пісьменьнік паставіў постаць Язэпа Драздовіча — мастака, што праз палёт свае думкі вырываўся ў далёкі сусьвет, які будзе асвоены чалавецтвам толькі праз дзесяцігодзьдзі. У сваіх мроях-снох ён пабываў на Марсе і Месяцы, дзе «бачыў шмат крутагорых вадападаў, цясьнін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Бачыў гарачакрынічныя вадамёты — фантаны...» І горад, вялікі і пекны, і людзей, голых, чарнаскурых, безвалосых, і чатырохногую пачвару — усё бачыў наш першы міжплянэтны вандроўнік. Спраўдзіць нічога ня мог, бо абагнаў час, бо не дасягнула яшчэ чалавецтва касьмічных вышыняў, а нат тэлескоп яму быў недаступны. Таму «Язэп Драздовіч у сваім спасьціжэньні космасу кіраваўся найбольш інтуіцыяй, узыходзіў на свае арбіты ў снах, з заплюшчанымі вачыма, як той памесяўнік па страсе, якога аклікаць нельга — ачнецца і зваліцца долу».

Незразуметы, непрызнаны, адзінокі вандроўнік, што ледзьве перабіваўся ў жыцьці рэальным, але ўсё ж перамог — такім паўстае вобраз Язэпа Драздовіча ў эсэ Міхася Скоблы. Аўтар усё ж не пажадаў пакінуць яго ў поўнай самоце. Ён знайшоў свайму герою вартую сябрыну: літовец Мікалоюс Чурлёнас і паляк Канстанты Ільдэфанс Галчынскі — «тры мастакі, тры песьняры зорнага неба, зьяднаныя адной — віленскай — зямлёй пад нагамі». І не бяз гонару дадае: «З усіх трох беларус у Сусьвет узьлятаў мо найдалей, адухаўляючы пэндзьлем неабжытыя плянэты, насяляючы іх жывымі істотамі».

Дзеля чаго ўсе гэтыя высілкі, якія ніколі не давалі ня толькі белага хлеба, але і чорнага? Задумваемся мы, задумваецца аўтар. А Драздовіч тлумачыць: «Дзеля разьвіцьця мастацкага густу ў народзе той краіны, дзе радзіўся, вырас». Так проста. Але азначала гэта многае: трэба разбурыць у сабе страх перад жыцьцёвай неўладкаванасьцю, беднасьцю, неразуменьнем большасьці.

«Украінскі фронт Быкава» і пра тое, як быў створаны і разарваны (самым Лёсам) саркафаг нябыту, што быў ахутаў будучага пісьменьніка, і пра тое, як Быкаў і сёньня дапамагае ўкраінцам не схіліцца перад навалай, перад насарогамі.

Колькі глыбокай прыязнасьці да беларускага Дудара, даўняга сябра Зьміцера Сідаровіча ў эсэ «Дудар, якога слухала неба». Тут, як і ў некаторых іншых тэкстах, толькі ў фінале аўтар расшыфроўвае сутнасьць назвы, што ня проста прыдуманая. Часта яна паўстае са згадкі пра незабыўнае. Пераказаны дыялёг з самотным музыкам у ягоным вышынным прыстанку ажно на дзевятнаццатым паверсе. На пытаньне: «Каму ты тут граеш, калі застаесься надоўга адзін?» — той адказаў:

Небу.

І слухае?

Гэта самы лепшы слухач...

Таму так лёгка і суцяшальна верыцца: «Цяпер ён грацьме там. І калі мы, чарговым разам настрашаныя прароцтвамі пра хуткі канец сьвету, раптам пачуем адкульсьці звысоку зыкі арханёльскае трубы, то не сьпяшаймася ставіць апошнюю кропку. Магчыма, гэта гучыць для нас дуда Зьмітра Сідаровіча. Дудара, якога слухала і слухае неба».

Асабліва дарагое мне эсэ «Прафэсар крылатае мовы», якім Міхась Скобла правёў у апошні шлях Івана Якаўлевіча Лепешава — нашага незабыўнага Настаўніка, якому ў айчыннай фразэалёгіі «роўні не было». І, відаць, ня будзе.

А які ж «дасканалы» партрэт «галоўна-угалоўнага» рэдактара, што, як хацеў, рэзаў слоўнік прафэсара Лепешава, паўстае ў гэтым эсэ. Міхась Скобла пакідае яго за літарамі Г.П. Ня ведаў аўтар, як давялося прафэсару выслухоўваць гнеўныя папрокі ад рэцэнзэнткі-апалагеткі паэта Г.П. з кагорты афіцыйных літаратуразнаўцаў: як пасьмеў пра такога чалавека такое сказаць!? З іроніяй расказваў пра гэта. А вось пра тое, як «рэпрэсавалі» Івана Якаўлевіча на роднай катэдры з-за інтэрвію Радыё Свабода, забараніўшы прэзэнтацыю кнігі, ведаў (сама яму расказала). Як тых зьвягаў навукоўца нат не заўважыў, бо жыў іншым, сьпяшаўся жыць. Нічога не баяўся, бо адбаяўся, саркафаг свайго страху разбурыўшы. І не зламаўся. Няма каму цяпер у Гарадзенскім унівэрсытэце тыя саркафагі разбураць. Затое ўмацавальшчыкаў — хоць запруд запруджвай...

Тут, як зрэшты і ва ўсёй кнізе, выяўлены талент пісьменьніка-стыліста. Тэкст пераліваецца россыпам пярлінаў-фразэалягізмаў, каб завяршыцца скрушлівай згадкай, у якой вялікі боль вучонага-патрыёта з-за стану мовы, усьведамленьнем недарэмнасьці жыцьцёвае справы прафэсара-мовазнаўцы і адначасна ўзьлётнаю верай у яе жыцьцёвую моц: «Падчас нашай апошняй сустрэчы скрушна ўздыхаў: Зь Беларушчынай горай было толькі за царызмам». Уздыхаў і зноў схіляўся над сваёй статысячнай картатэкай, дзе апервалася крылатымі выразамі, каб таксама стаць крылатай, мова. Зрэшты, гэта ня так і мала — зрабіць сваю мову крылатай. Каб — крылатая — і за чырвоныя сьцяжкі, і з кіпцюроў белых мядзьведзяў змагла вырвацца«.

Шчымліва, балюча гучыць аповед Міхася Скоблы пра адзінотніка-працаўніка паэта Міколу Арочку. Але не пакідае гэты твор уражаньня беспрасьветнасьці, бо слова ягонае «было напоўненае праўдай і мілатой». І гэтак жа — шчымліва-прасьветлена —пра Міхася Стральцова, які ў літаратуры айчыннай «касіў за двух і жыў за двух».

Другі разьдзел «Мост у краіну Неманіну» складаюць рэцэнзіі на розныя выданьні. Гэта роздум аўтара пра паэзію і асобу Яна Твардоўскага (ён і насамрэч быў уганараваны ордэнам Усьмешкі — польскімі дзецьмі), пра пераствораныя на беларускую мову вершы, што ўвайшлі ў кнігу «Разам з Табою». Міхась Скобла высока ацэньвае перакладчыцкае майстэрства Дануты Бічэль і Хрысьціны Лялько: «Паэзія Яна Твардоўскага ў іхнім перакладзе не страціла ні каліва сваёй першароднай вобразнай красы і філязофскай сілы. Думаю, што гэта была нялёгкая праца, параўнальная, хіба, з перакладам богаслужбовых тэкстаў».

Пішучы пра кнігу Дануты Бічэль «Мост сьвятога Францішка», назва якое стала тытулам для ўсяго разьдзелу, згадвае аўтар розныя масты, па якіх прайшоў, праехаў. І тыя, пра якія ў песьнях нашых спрадвеку сьпяваюць. Але ўсё гэта толькі прадмова да таго незвычайнага, жывога моста, які збудавала гарадзенская паэтка. Чытаем тут эсэ пра «сьвяты Гілевічавага новакніжжа», пра ўспаміны Юрыя Туронка, пра адметную сваім вітальным духам кнігу Анатоля Вярцінскага «Жыцьмем», пра кнігі будзіцеля Арсена Ліса, які «настойліва і мэтанакіравана будзіць, раскатурхвае ад сну ўвесь народ»... Усё гэта зусім не апалягетычныя тэксты. Не, аўтар бачыць недахопы, зьвяртае на іх увагу, не пагаджаецца. Сумняваецца, ставіць пытальнікі, кропкі над імі. І чытача да роздуму схіляе. Але ўсе гэтыя выданьні вартыя, шанаваныя аўтарам.

А вось разьдзел «Каінава братэрства» складаюць тэксты пра тыя абсурдныя зьявы, якімі поўніцца наша сучаснасьць, пра творы сумніўнае вартасьці, дзеля чаго не шкадуе Міхась Скобла ні едкае іроніі, ні злое сатыры. Мне дык шкада, што ён вырашыў зьмясьціць іх у сваёй кнізе. Усё-ткі нейкім непрыемным духам тхне ад іх... Зразумела, што неяк трэба з імі (такімі «творамі» і такімі «творцамі») змагацца... Але пакінем гэтых антыгерояў...

Вернемся да тых незвычайных постацяў айчыннае гісторыі, літаратуры, да якіх аўтар ставіцца з вялікай любоўю і павагай. Найглыбейшы сантымэнт, падаецца, выказаны ў кнізе да Ларысы Геніюш, якой прысьвечана найбольш старонак. І гэта разумела, бо «для многіх беларусаў Геніюш сёньня гучыць як Genius і азначае — дух-абярэг нашай зямлі. Верны Айчыне і спрыяльны адданым ёй суайчыньнікам — Genius Беларусі».

На жаль, у рэальным жыцьці разьмінуўся Міхась Скобла з самай важнай асобай сваіх літаратурных дасьледзінаў — Ларысай Геніюш. Хоць сустрэча тая была цалкам мажлівай. Ягоны настаўнік Пятро Марціноўскі, аўтар кнігі «Наша Лорка», быў сябрам паэткі, праводзіў яе ў апошні шлях. А вось расказаць пра яе дапытлівым вучням, пазнаёміць іх з яе творчасьцю і з самою паэткай чамусьці не палічыў патрэбным. Тым ня менш, ніхто не зрабіў столькі, як Міхась Скобла, дзеля вяртаньня яе багатае спадчыны, да гэтага часу цалкам не вывучанай, не дасьледаванай, нат не сабранай.

А яшчэ ён вяртаецца туды, дзе ўдзельнічаў у стварэньні фільмаў. «Няскораная» — пра Ларысу Геніюш. Вось ён у Жлобаўцах, дзе ад заможнага колісь маёнтка засталіся толькі аскепкі, толькі сьляды. «Зоська Верас. 1892-1991» пра апошнюю з магіканаў, што помніла ўсё. У Альхоўніках яе дзядоўскіх пабываў, дзе парадаваўся ладу-парадку, наведзенаму дбайнымі гаспадарамі, спадкаемцамі тых, хто колісь набыў маёнтак Людвіка Садоўскага. А вось мясьціна, якая дала ёй прытулак на доўгія-доўгія гады, Панарскі лес — не парадавала: лес-захопнік наступіў і сьляды вялікае працы людзкое паглынуў, зьнішчыў.

Міхась Скобла змагаецца, бароніць сваё. Бароніць імя Янкі Купалы. Бароніць Беларусь. Тую, вырваную з рэбраў. Не ад ворагаў бароніць. Ад сваіх, якім давесьці цяжэй, чым ворагам, што нельга пакаленьнямі змагароў створанае, выпакутаванае, мяняць, выпраўляць, расплятаць... О, гэта спрадвечная барацьба між беларусамі! Горш чым з ворагамі, бо спраўней за чужынцаў наша зьнішчае. Гэтыя тэксты зьмешчаны ў разьдзеле «Расплятаньне тканіны».

Зьвернемся ўрэшце да назвы кнігі — «Саркафагі страху». Гэты глыбінны вобраз створаны аўтарам у эсэ «Каб не застацца ў саркафагу страху». Пра Беларускую Чорную Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. І пра непахісную веру: «Расстраляная ў Курапатах і нішчаная дзесяцігодзьдзямі ў Гулагу беларуская літаратура ўсё ж выжыла і адпаўзла ад магільнай ямы. Выжыла, каб выступіць сьведкам на судовым працэсе, які калі-небудзь абавязкова адбудзецца. Іначай мы самі сябе замуруем у тым страшным часе, як у саркафагу страху».

І яшчэ. Вабяць кнігі, якія не проста чытаеш, а чуеш голас аўтара-апавядальніка. Вось жа, слухала цікавы, усхваляваны, пераканаўчы, захоплены аповед Міхася Скоблы. І верыла яму: саркафагі страху будуць разбураныя.

Альжбета Кеда

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG