Міжнародны алімпійскі камітэт абвясьціў пра пазбаўленьне мэдалёў праз допінг дваіх беларускіх спартоўцаў. Цяжкаатлетаў Андрэя Рыбакова (PDF) і Настасьсю Новікаву (PDF) пазбавяць адпаведна серабра і бронзы, заваяваных у Пэкіне ў 2008 годзе.
Спартоўцаў пазбаўляюць узнагарод, бо ў допінг-пробах Рыбакова знайшлі забаронены прэпарат турынабол, у Новікавай — забароненыя турынабол и станазалол. Новікава раней была дыскваліфікаваная на 4 гады пасьля таго, як у 2015 годзе на чэмпіянаце сьвету ў Г’юстане яе заўважылі за ўжываньнем забароненага мэтабаліту дэгідрахлормэтылтэстастэрону.
Разам зь беларусамі мэдалёў Алімпіяды-2008 пазбаўленыя ўкраінка Вольга Каробка, расейка Кацярына Волкава, казах Таймураз Тыгіеў, узбэк Саслан Тыгіеў, азэрбайджанец Сардар Хасан, кубінец Вілфрэда Мартынэз і гішпанка Жазэфіна Онья.
Раней Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі падала апэляцыю на яшчэ публічна не абвешчаную дыскваліфікацыю сваіх спартоўцаў — удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Пэкіне-2008 і Лёндане-2012. Пасьля пераправерак пробаў допінг быў выяўлены ў 45 спартоўцаў з розных краінаў і відаў спорту, у тым ліку ў 11 беларускіх атлетаў: мэдалістаў Пэкіну Рыбакова і Новікавай, а таксама Натальлі Міхневіч (серабро ў штурханьні ядра ў Пэкіне) і Аксаны Мяньковай (золата ў кіданьні молата ў Пэкіне), Ірыны Кулеш і Марыны Шкерманковай (абедзьве — Лёндан) ды іншых.
Пра лёс астатніх 9 беларускіх спартоўцаў, злоўленых на допінгу, пакуль не паведамляецца.