Галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі па веславаньні на байдарках і каноэ Ўладзімір Шантаровіч у інтэрвію выданьню «Прессбол» пракамэнтаваў інфармацыю францускага выданьня Le Monde пра допінг, знойдзены ў крыві яго падапечных.
«Сьляды мэльдонію сапраўды выяўленыя ў пяці нашых спартсмэнаў. Двое зь іх — гэта браты Багдановічы. Яшчэ трое — канаіст Максім Пятроў, байдарачнікі Аляксандр Ляпешка і Дзьмітрый Сільчанка — не ўваходзяць у алімпійскую зборную. Ніякага „больш цяжкага допінгу“ як паведамляецца, у хлопцаў ня знойдзена. Пробы былі ўзятыя ў сакавіку Францускім нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам. Пры гэтым, наколькі мне вядома, утрыманьня мэльдонію ва ўсіх тэстах не перавышае нормаў, абумоўленых ВАДА ў вядомым дакумэнце, распаўсюджаным усімі СМІ. Тым ня менш зараз вядзецца расьсьледаваньне з гэтай нагоды. Францускае агенцтва будзе высьвятляць, калі менавіта забаронены цяпер прэпарат трапіў у арганізм беларускіх спартсмэнаў — да або пасьля 1 студзеня. Кожны выпадак расьсьледуецца асобна».
Раней сёньня расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што мэльдоній знойдзены ў 17 беларускіх спартоўцаў.
На гэтую заяву нават зрэагавала міністэрства спорту Беларусі. Заўтра плянуецца агучыць афіцыйную заяву на гэты конт.