На сайце інфармацыйнага агенцтва Regnum зьявіўся артыкул «Беларусь сыходзіць з „Русского мира“ цішком, з улікам украінскага досьведу». У артыкуле — абразы на адрас Беларусі і беларускай мовы.
Матэрыял за аўтарствам Алы Бронь напісаны з нагоды ініцыятывы вывучаць беларускую мову ў дзіцячых садках. Паводле слоў аўтаркі, такім чынам беларускія ўлады хочуць пераадолець настроі беларусаў, «абсалютная большасьць якіх жадае ўзьяднаньня са сваёй вялікай радзімай — Расеяй».
Regnum сьцьвярджае, што ў Беларусі на беларускай мове размаўляюць толькі выкладчыкі, дыктары і апазыцыянэры — дый тыя толькі на людзях. Больш за тое, паводле слоў Алы Бронь, літаратурная беларуская мова была створана ў 1920–1930 гадах «трацкістамі», «якіх пазьней вычысьціў Сталін». Сталін, з задавальненьнем працягвае аўтарка, зьнішчыў беларусізатараў і спыніў беларусізацыю, але «пасьля развалу СССР недабітыя паліцаі і іх унукі зноў пачалі сваю чорную справу».
Самі беларусы ў артыкуле называюцца «мясцовай ідэнтычнасьцю ў складзе расейскага народу».
У канцы артыкула аўтарка заклікае бацькоў не дапусьціць, каб іх дзяцей вучылі беларускай мове, бо гэта прыкмета «нізкага паходжаньня».
«Справа ў тым, што ў беларускай мовы ўсё адно няма ніякіх шанцаў. Яна нікому не патрэбная, акрамя зварʼяцелай недадзяржавы, якая імкнецца зламаць сабе шыю на Майдане па прыкладзе суседзяў», — піша Regnum.
Дзіўна толькі тое, што ў той час, як судзяць Эдуарда Пальчыса за тое, што ён супрацьстаяў расейскай прапагандзе, да такіх рэсурсаў, як Regnum, беларуская прававая сыстэма ня мае ніякіх прэтэнзіяў.
Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч у камэнтары Свабодзе выказаў меркаваньне, што фактычна нічога новага расейскага прапаганда ў гэтым артыкуле не сказала.
«Як і стагодзьдзі таму, так і цяпер любыя праявы свабоды народаў былой Расейскай імпэрыі характарызуюцца такім чынам — „неданацыя“, „недамова“ і г.д. Тут дзіўна толькі тое, што ў той час, як судзяць Эдуарда Пальчыса за тое, што ён супрацьстаяў расейскай прапагандзе, да такіх рэсурсаў, як Regnum, беларуская прававая сыстэма ня мае ніякіх прэтэнзіяў. Хаця зь іншага боку, калі разабрацца, хто гэтыя чыноўнікі, калі згадаць, што кіраўнікі сілавых структураў Беларусі скончылі расейскія навучальныя ўстановы, што ў іх кабінэтах расейскія сьцягі, а ў сацсетках яны ўсхваляюць тэрарыстаў „ДНР-ЛНР“, то нават і гэта ня дзіўна. Гэта проста канстатацыя той рэчаіснасьці, у якой мы жывем», — кажа Дашкевіч.