Складзкія запасы ў прамысловасьці Беларусі за верасень 2016 году вырасьлі на 15,1 млн рублёў і на 1 кастрычніка склалі 3,5 млрд рублёў.
Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Найбольшыя запасы гатовай прадукцыі за студзень-верасень — у вытворчасьці тэкстыльных вырабаў, адзеньня, вырабаў са скуры і футра (у 2,5 раза больш за сярэднямесячны абʼём вытворчасьці); транспартных сродкаў і абсталяваньня (у 2,1 раза); асноўных фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў (у 1,9 раза).
На 1 кастрычніка найбольшы ўзровень складзкіх запасаў адзначаны на прадпрыемствах Менску. Найменшы, як заўсёды, у Віцебскай і Гомельскай абласьцях, дзе ёсьць нафтаперапрацоўчыя заводы.
Таксама Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што ў жніўні 2016 году дадатнае сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі ў Беларусі склала 138,2 млн даляраў. У параўнаньні зь ліпенем сальда зьнізілася ў жніўні на 70,9 млн даляраў, паведамляе БелаПАН.