Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія эколягі ўратавалі аблвыканкам ад смуроду


Сажалка зь нечыстотамі. Удалечыні — каналізацыйны калодзеж, зь якога брудная вада залівала навакольле
Сажалка зь нечыстотамі. Удалечыні — каналізацыйны калодзеж, зь якога брудная вада залівала навакольле

Магілёўскія краязнаўцы і эколягі дамагліся ўпарадкаваньня вытоку адной з рачулак гораду — Дзебры, прытоку Дняпра.

У верасьні, абсьледуючы яе рэчышча, актывісты наткнуліся на сажалку зь нечыстотамі. Забруджаную мясьціну хаваў хмызьняк, які разросься ў яры. За некалькі сот мэтраў ад яе — будынак аблвыканкаму. Але смурод да яго не пасьпеў дайсьці.

Як высьветлілася, вада з каналізацыйнага калектару ўздымалася на паверхню і забруджвала навакольле. Зроблены невядома кім адстойнік стрымліваў нечыстоты, каб яны не зьліваліся за насып, а паволі сьцякалі па раўку.

Равок, празь які выцякалі нечыстоты з адстойніка
Равок, празь які выцякалі нечыстоты з адстойніка

Абаронцы навакольнага асяродзьдзя заявілі: на Дзебры адбываецца экалягічнае бедзтва. Яны прымусілі камунальныя арганізацыі гораду зьвярнуць увагу на праблему і заняцца яе вырашэньнем.

«Выйшла так, што ўсе арганізацыі, у функцыі якіх уваходзіць дбаць пра навакольнае асяродзьдзе, разам заняліся праблемай, таму даволі апэратыўна яе вырашылі», — камэнтуе сытуацыю краязнаўца Леанід Платоненка.

Цяпер нечыстотаў няма. Калодзеж адрамантаваны
Цяпер нечыстотаў няма. Калодзеж адрамантаваны

Як вынікае з адказаў, атрыманых актывістам на ягоныя звароты, каналізацыйны калектар належыць заводу «Электрарухавік». Гэтае прадпрыемства і ліквідавала аварыйную сытуацыю. Пытаньне аб прыцягненьні вінаватых да адміністрацыйнай адказнасьці разглядаецца гарадзкой інспэкцыяй прыродных рэсурсаў.

«Зьбег» у каналізацыю і смярдзючы ручай
«Зьбег» у каналізацыю і смярдзючы ручай

Міліцыя ў сваю чаргу адпісала, што гаспадары прылеглых да Дзебры сядзібаў папярэджаныя аб недапушчальнасьці парушэньня правілаў добраўпарадкаваньня тэрыторыі.

Бытавога сьмецьця хапае. Звалкі ўтвараюць жыхары прылеглых сядзібаў
Бытавога сьмецьця хапае. Звалкі ўтвараюць жыхары прылеглых сядзібаў

Леанід Платоненка лічыць, што вытокі ўсіх малых магілёўскіх рэчак забруджаныя і вымагаюць асаблівай увагі з боку прыродаахоўных арганізацыяў. Актывіст заяўляе, што гэтае пытаньне будзе пад кантролем краязнаўцаў і эколягаў.

У іншых месцах бытавое сьмецьце звалена на ўсю глыбіню дзебранскага яру
У іншых месцах бытавое сьмецьце звалена на ўсю глыбіню дзебранскага яру

Мясьціна, на якой актывісты выявілі несанкцыянаваны адстойнік для нечыстотаў, ліквідаваны. Каналізацыйныя калодзежы адрамантаваныя. Тым ня менш застаецца багата бытавога сьмецьця. Яго нямала і на другім рукаве рачулкі. Ад сядзібаў да самай вады цягнуцца сьметнікі.

Гаспадары сядзібаў запэўнівалі журналіста, што да звалкі ў яры ля іхных хат дачыненьня ня маюць. На пытаньне, чыё сьмецьце, адказваюць, што ня ведаюць.

На гэтым сьметніку звалена ўсё, што не патрэбна ўжо ў двары
На гэтым сьметніку звалена ўсё, што не патрэбна ўжо ў двары

На пачатку кастрычніка эколягі зладзілі на Дзебры талаку. Прыбралі ад сьмецьця невялікі кавалак дзебранскага яру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG